«Русь маладая» зладзіла семінар пра гістарычныя асновы дзяржаўнасці

Што кажуць прыхільнікі «русского мира» пра гісторыю і сучаснасць Беларусі.

«Гісторыя Расійскай дзяржаўнасці — гэта гісторыя расійскага войска» — у Магілёве пагаварылі пра гістарычныя асновы беларускай і расейскай дзяржаўнасці. Семінар для студэнтаў з такой назвай зладзіла арганізацыя «Русь маладая», вядомая сваёй прарасейскай арыентацыяй.

На працягу трох гадзінаў эксперты і выступоўцы ні слова не прамовілі па-беларуску, пра Беларусь яны казалі толькі ў кантэксце інтэграцыйных праектаў з Расеяй. Месцам правядзення семінару стаў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве.

Будынак Беларуска-Расійскага ўніверсітэту

Карэспандэнт Naviny.by пабываў на семінары, паслухаў выступы, пагутарыў з арганізатарамі, а таксама з тымі экспертамі, якіх не запрасілі, каб даць альтэрнатыўны погляд на тэмы, што абмяркоўваліся.

 

Цітарэнка: мова ВКЛ — «западнорусский язык»

Падаючы сваю версію вытокаў беларускай дзяржаўнасці, прадстаўнік інфармацыйна-аналітычнага парталу арганізацыі «Русь маладая» Даніла Цітарэнка пакінуў па-за ўвагай дзейнасць вядомых беларускіх асветнікаў сярэднявечча. Аўдыторыя, большасць якой складалі студэнты першакурснікі, не пачулі ад яго імёнаў Еўфрасінні Полацкай, Францішка Скарыны, Сымона Буднага.

Даніла Цітарэнка (другі злева)

Цітарэнка толькі аднойчы згадаў мову Вялікага Княства Літоўскага, назваўшы яе «западнорусским языком», адзначыўшы, што яго называюць яшчэ старабеларускім і стараўкраінскім.

«Ёсць погляд, што гэтая мова была агульнаразмоўнай для ўсяго Вялікага Княства, аднак насамрэч яна заставалася толькі мовай вялікакняскай канцылярыі», — заяўляў прамоўца.

У гутарцы з журналістам Цітарэнка паспрабаваў гаварыць па-беларуску, але неўзабаве вымушаны быў прызнаць, што ў яго не хапае слоунікавага запасу.

Адказваючы на пытанне, якое месца адводзіцца беларускай мове ў інтэграцыйных праектах Беларусі і Расеі, Цітарэнка не пагадзіўся, што нацыянальная мова і культура — галоўныя прыкметы нацыянальнай ідэнтычнасці. Ён спаслаўся на досвед шматмоўнай Швейцарыі:

«Мова, можа, калісьці і была фактарам ідэнтычнасці, але цяпер яна апынулася пад пагрозай знікнення. У інтэграцыйных працэсах беларуская мова ня мусіць ушчамляцца, але ні ў якім разе ёй нельга надаваць нейкае гіпертрафаванае значэнне».

 

Трусаў: для Расеі ў яе стасунках з Беларуссю роля беларускай мовы фальклорная

На свой семінар прыхільнікі «русского мира» не запрасілі тых навукоўцаў, хто мае іншую пазіцыю адносна гістарычных і сучасных рэаліяў беларускай і расійскай дзяржаўнасці. Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, каментуючы гэты семінар і агучанае там перад студэнтамі, зазначыў, што роля беларускай мовы ў інтэграцыйных праектах афіцыйнага Менску і Масквы фальклорная:

«Такая ж самая роля ў чукоцкай, марыйскай, мардоўскай і шмат якіх іншых моваў. Выключэнне — хіба што татарская мова. Татарстан колькі разоу ўжо намагаўся выйсці са складу Расеі і выйшаў бы, каб не знаходзіўся ўсярэдзіне яе тэрыторыі. Усе астатнія народы сутыкаюцца з шалёнай русіфікацыяй і асіміляцыяй».

 

Цітарэнка: толькі БССР

Тым часам Даніла Цітарэнка, які назваў гісторыю сваім хобі, працягваў выкладаць сваё бачанне вытокаў беларускай дзяржаўнасці. На гісторыкаў, якія даводзяць, што першай беларускай дзяржавай ХХ стагоддзя была БНР, ён накінуў ярлык «гісторыкаў нацыяналістычнага толку». Першай беларускай дзяржавай, казаў ён, была БССР, якая ня стала «ворагам усім наўкола».

«Урад БССР меў армію і ўсе неабходныя інстытуты ўлады, а Рада БНР нават не паспрабавала арганізаваць супраціў, калі кайзераўскія войскі, згодна з Брэсцкім мірам, пакінулі Менск», — агучыў адзін з довадаў аматар гісторыі.

На выступ Цітарэнкі студэнты рэагавалі гутаркамі пра свае праблемы. Некаторыя гадалі, якія бонусы атрымаюць, прыйшоўшы на семінар. Шэптам адзін аднаму пераказвалі, што чакаюць залікаў па вучобе.

«Савецкая ўлада дала многае беларусам. Упершыню былі афіцыйна падтрыманыя мова, гісторыя і культура, — працягваў выступаць Даніла Цітарэнка. — Беларусь з аграрнай тэрыторыі ператварылася ў моцную індустрыяльную рэспубліку. Беларусы пачалі масава атрымліваць адукацыю, нават вышэйшую, пры гэтым на беларускай мове».

Прамоўца не нагадаў, чым скончылася савецкая беларусізацыя. Пра выбітую Сталіным беларускую нацыянальную інтэлігенцыю Цітарэнка прамаўчаў.

 

Трусаў: БССР як супрацьвага БНР

Алег Трусаў, уступаючы ў завочную спрэчку з «Румолам», зазначае: «БНР ніколі ня будзе прызнаная прыхільнікамі беларуска-расійскай інтэграцыі як першая беларуская дзяржава ХХ стагоддзя».

«БНР ад пачатку абвяшчалася як несавецкая дзяржава, і больш за тое, яна не збіралася ўступаць ні ў якія альянсы з Расеяй. Яна настойвала на поўнай незалежнасці ад Расіі. Каб не было БНР, то гаворкі пра БССР ніякай не вялося б. Бальшавікі вымушаныя былі стварыць БССР у супрацьвагу БНР», — падсумаваў Алег Трусаў.

 

Беларусь мае права застацца незалежнай

Нечакана, прыгадваючы найноўшую гісторыю, Цітарэнка адзначыў, што беларусы зноў атрымалі незалежнасць у 1991 годзе. З яго выступу цяжка было зразумець, калі ж гэтую незалежнасць яны страцілі.

У Беларусі, на думку Цітарэнкі, вялікая будучыня, але пры адной умове —сяброўскіх ды партнёрскіх дачыненняў з суседзямі, але найперш з Расіяй. Тут ён прыгадаў інтэграцыйныя праекты з Расіяй.

На пытанне журналіста, ці здолее Беларусь захаваць свой суверэнітэт, рэалізуючы з Расіяй шчыльныя інтэграцыйныя праекты, Цітарэнка адказаў: «Я лічу, што Беларусь мае права застацца незалежнай»

 

Абсалютысцкае «рускае царства» і «літоўскі палон»

Гісторыя расійскай дзяржаўнасці — гэта гісторыя расійскага войска, казаў далей Даніла Цітарэнка. Ён спаслаўся на выказванне расійскага самадзержца Аляксандра ІІІ: «У Расіі два надзейныя сябры — расійская армія і расійскі флот».

Сваю моц Маскоўскае княства праявіла ў сярэдзіне XVII стагоддзя, казаў Цітарэнка. Як прыклад ён прыгадаў трынаццацігадовую вайну, але прамінуў увагай яе наступствы для Беларусі.

«Гэтая вайна паказала ўсю слабасць феадальнай рэспублікі Рэчы Паспалітай і ўсю моц абсалютысцкага рускага царства», — казаў аматар гістарычнага мінулага. 

Гісторык Анатоль Сідарэвіч на просьбу журналіста завочна нагадаў Цітарэнку пра беларускі погляд на вайну 1654-1667 гадоў.

«У асобных раёнах усходняй Беларусі быў знішчаны кожны другі жыхар. Было знішчана беларускае мяшчанства гэтак званым «літоўскім палонам». У Масковію былі вывезеныя тысячы майстроў-рамеснікаў. Беларусь такім чынам панесла незлічоныя ахвяры альбо забітымі, альбо вывезенымі ў няволю», — адзначыў Сідарэвіч.

 

Недавер як прыкмета інтэграцыі Менску і Масквы

Пра інтэграцыйныя «поспехі» афіцыйнага Менску і Масквы казаў палітычны аглядальнік Белтэлерадыёкампаніі Андрэй Крывашэеў. У сваёй прамове ён больш спасылаўся на ацэнкі інтэграцыі Аляксандра Лукашэнкі.

«На першым этапе будаўніцтва саюзнай дзяржавы мы былі задужа рамантычнымі, зазіраючы ў будучыню нашмат далей, чым маглі яе рэалізаваць», — цытаваў Крывашэеў кіраўніка беларускай дзяржавы.

Андрэй Крывашэеў

Згадаў журналіст дзяржаўнага СМІ і гандлёвыя войны саюзнікаў, але тут жа паспяшаўся ўдакладніць, што такое азначэнне сітуацыі — «журналісцкае клішэ».

«Па вялікім рахунку ў эканоміцы мы не ваюем. Так, ёсць супярэчнасці, якія час ад часу выходзяць на ўзровень вышэйшых службовых асобаў, у тым ліку і прэзідэнтаў», — казаў ён.

«Ці стрымлівае гэта развіццё і беларускага дзяржаўнага праекту, і нашай саюзнай дзяржавы? — запытаўся Крывашэеў у самога сябе і тут жа адказаў: — Так, безумоўна. Гэта спараджае недавер».

 

Інтэграцыя толькі на ўмовах Крамля

Эканаміст Яраслаў Раманчук у семінары ў Беларуска-Расійскім універсітэце не ўдзельнічаў. Пра інтэграцыйныя праекты Расіі з Беларуссю кажа: яны існуюць, пакуль Крэмль дазваляе іх.

«Толькі на ўмовах Крамля можа існаваць нейкая інтэграцыя», — адзначыў эканаміст.

Ён настойвае, што мінулі часы, калі Беларусь атрымлівала шматмільярдныя гранты ад Расеі. Цяпер беларуская эканоміка мае вялікія праблемы.

«Пакуль Лукашэнка спрабуе гуляць у тую гульню, якая з гледзішча Крамля скончылася, таму колькасць канфліктаў паміж дзвюма краінамі будзе павялічвацца», — спрагназаваў Яраслаў Раманчук.

«Пуцін ня ёсць адзіным носьбітам «русского мира« і агрэсіўнай імперскасці. На гэтую хваробу хварэе ўся расійская эліта, — дадае эканаміст. — Таму, хто б ня быў на чале Беларусі ў найбліжэйшай яе будучыні, давядзецца праводзіць палітыку нейтралізацыі такога падыходу да інтэграцыі».

 

Студэнты прамаўчалі

Тым часам на семінары студэнцкую большасць яго арганізатарам разварушыць на дыскусію не асабліва ўдавалася. Блізу трох дзясяткаў студэнтаў, пасаджаныя па-за круглым сталом, адмоўчваліся. Была зробленая выснова, што пасіўнасць — гэта характэрная пазіцыя беларусаў.

У праграме семінару заключным пунктам значылася падвядзенне вынікаў. Якіх вынікаў семінар дасягнуў, засталося няясным. Праз тры гадзіны размоў аўдыторыя ўмомант апусцела.