Уладзімір Падгол. ПАМІЖ РАДКОЎ. Cуверэнітэт — гэта ікона, ці тавар на продаж?

Уладзімір ПАДГОЛ

Уладзімір ПАДГОЛ

Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Кіраўнік ГА «Інфармацыйныя і сацыяльныя іннавацыі». Стваральнік Музея жорнаў.

Прачыталі мы з Алесем Таўстыкам пра ініцыятыву сенатара Сяргея Гайдукевіча “создать в Совете Республики комиссию по защите государственного суверенитета”. І нас зацікавіла прапанова палітыка. Мы адразу захацелі таксама па магчымасці супрацоўнічаць з ім ў гэтай важнай дзяржаўнай справе. Аднак ідэя Гайдукевіча на старце выклікала крытыку незалежных экспертаў — “это дешевый пиар.

Можа і сапраўды піяр Гайдукевіча танны, калі ён нікому не праплочваў за распаўсюд ідэі, але каштоўнасць ідэі — лёсавызначальнай праблемы Незалежнасці і Суверэнітэту для будучыні Беларусі, нашых дзетак і ўнукаў — не вымераць ніякімі грашыма.

Таму нас зачапіла і ідэя стварэння ў сенаце камісыі па абароне суверэнітэту. Адразу патлумачу, чаму мы з Таўстыкам апынуліся на вастрыні гэтай праблемы.

Падчас апошніх выбараў у парламент мы ў статусе кандыдатаў у дэпутаты асновай сваёй перадвыбарчай праграмы як раз і зрабілі праблему адраджэння суверэнітэту і незалежнасці Беларусі на базе Канстытуцыі нашай рэспублікі. Мы неаднарозова звярталіся з прапановамі па гэтых пытаннях да Лукашэнкі і Пуціна. Нашы выбарчыя акругі сутыкаліся на праспекце Незалежнасці. Мая акруга ўключала МУС, КДБ, Дразды, Таўстыкава — Адміністрацыю прэзыдэнта і МЗС. Цэнтр Мінска дазваляў па максімуму актуалізаваць ідэю абароны суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. І мы гэта рабілі.

Вось чаму мы падтрымалі ідэю С.Гайдукевіча аб стварэнні ў сенаце камісыі аб абароне суверэнітэту Беларусі. Мы напісалі яму ліст, дзе выклалі сваё бачанне праблемы, каб знайсці кропкі сутыкнення для мажівай супрацы. А можа нават барацьбы.

Думаем, што і вам, паважаныя чытачы, будзе карысна ведаць нашу пазіцыю па пытаннях адраджэння суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, якую мы даводзілі да сваіх выбаршчыкаў, лідараў палітычных партыяў і грамадзкіх рухаў, палітычных і грамадзкіх актывістаў, кіраўніка дзяржавы.

Наша пазіцыя сфармавана з наступных фактаў:

Мы лічым, што пасля ўтварэння Саюзнай дзяржавы Расія — Беларусь наша рэспубліка страціла палітычны суверэнітэт. Калі вы прачытаеце закон аб утварэнні так званай “саюзнай дзяржавы”, то ўбачыце, што ў ім гаворыцца пра агульную тэрыторыю, агульныя межы, наднацыянальныя кіруючыя ворганы, наднацыянальны парламент, агульны бюджет і гэтак далей. Але ж у Канстытуцыі Беларусі ўсяго гэтага няма. Такім чынам, мы жывем у дзвюх юрыдычных вымярэннях — па Канстытуцыі Беларусі і па законе аб Саюзнай дзяржаве. Прычым апошні закон супярэчыць вышэйшаму закону.

Нягледзячы на гэта рэгулярна праходзяць паседжанні так званай Вышэйшай рады Саюзнай дзяржавы, прымаюцца рашэнні, ствараецца бюджэт, куды насуперак Канстытуцыі Беларусі ідуць грошы беларускіх падатклаплацельшчыкаў.

Мы выступаем за выхад Беларусі з антыканстытуцыйнага ўтварэння — Саюзнай дзяржавы Расія — Беларусь і ўзнаўлення дзеяння Канстытуцыі Беларусі на тэрыторыі рэспублікі ў поўным аб’ёме. Такім чынам будзе адроджаны палітычны суверэнітэт Беларусі.

У Канстытуцыі Беларусі запісана палажэнне аб імкненні да нейтралітэту. І пры гэтым Беларусь упісалась у вайсковы саюз АДКБ. А ёсць яшчэ цэлы шэраг вайсковых дамоўленасцяў з РФ, такіх, як агульная супрацьпаветраная абарона. Гэта ж наўпроставае пярэчанне Канстытуцыі Беларусі. І апошнія вучэнні “Захад-2017” яскрава паказалі залежнасць Беларусі ад Расіі.

А паглядзіце на Еўразійскі эканамічны саюз. Сам Лукашэнка канстатаваў, што пасля ўваходжання ў яго склад таваразварот Беларусі з Расіяй значна паменьшыўся. Покуль ад яго толькі шкода і для дзяржавы, і для грамадзян Беларусі. Тут скажам толькі пра адно. Мы ў гэтым ЕўразЭС страцілі мажлівасць танна купляць еўрапейскія, амерыканскія аўто і фінансуем расійскі аўтапром іхных аўтаалігархаў. І ўсё з-за таго, што ў ЕўразЭС Лукашэнка перадаў частку эканамічнага суверэнітэту. Мы лічым, што трэба выходзіць з ЕўразЭС, адраджаць эканамічны суверэнітэт.

І апошняе. Мы не валодаем кантролем над сваёй мяжой, якая мусіла б нас аддзяляць ад Расіі. Нашай мяжой валодаюць наркагандляры, якія фурамі вязуць наркату ў Беларусь. І сам Лукашэнка адзначаў, што ў Беларусь з Расіі паступае наркаты ў разы больш, чым з усіх іншых памежных краінаў разам узятых. І заўважце, што ніводнага грама наркотыкаў нашы сілавікі не выявілі ў наркакур’ераў на мяжы з Расіяй. А ловяць іх рэшту ў Мінску і абласных гарадах. А расейцы на мяжы з намі выяўляюць нават соль. Вяртаюць з мяжы ў Беларусь рыбу, якая перасолена ці недасолена.

Нашай мяжой валодаюць гандляры зброяй, і сам Лукашэнка казаў амерыканцам, што Беларусь наваднена зброяй.

Нашай мяжой валодаюць гандляры жывым таварам, якія вывозяць нашых дзяўчат у бардэлі расійскім алігархам і бандытам.

Трэба Беларусі ўзнаўляць мяжу з Расіяй і тым самым адраджаць тэрытарыяльны суверэнітэт.

Вось такія нашы асноўныя пазіцыі па адраджэнню суверэнітэту Беларусі.

Мы папрасілі С.Гайдукевіча паведаміць пра мяркуемы змест дзейнасці па абароне суверэнітэту Беларусі. Урэшце, мы лічым, што і у сенаце, і ў Палаце прадстаўнікоў таксама неабходна стварыць такую камісыю.

Праблема ініцыятывы С.Гайдукевіча заключаецца ў тым, што ён прызначаны ў сенат кіраўніком дзяржавы. А Лукашэнка раз-пораз выказвае супярэчлівыя погляды на суверэнітэт. Вось пара ягоных выказванняў:

«Независимость и суверенитет для меня как президента и, наверное, вы видите уже, для нашего белорусского народа — уже! — это святое. Это икона. Мы никогда не согласимся с тем, чтобы быть не суверенным государством, быть зависимым от кого-то. Мы с этим никогда не согласимся».

«Суверенитет — не икона. Всё имеет свою цену, и если мы хотим жить лучше, то надо чем-то жертвовать. Главное — это благополучие людей».

Таму нам і грамадзкасці цікава ведаць, якое стаўленне да суверэнітэту ў С.Гайдукевіча: ці як да іконы, ці як да дзеўкі прадажнай.

Калі размаўляў з журналістамі наконт ідэі Гайдукевіча стварыць у сенаце камісыю аб абароне суверэнітэту, дык пачуў, што гэта проста балбатня і нічога сур’ёзнага ён рабіць не будзе. Я не паверыў. Ёсць рэчы, пра якія “балбатаць” — сябе зганьбіць.

Толькі ёсьць такая праблема. Каб утварыць камісыю ў сенаце, ёсць дзве ўмовы: дазвол Лукашэнкі ды яшчэ жадаючыя ў ёй працаваць.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

 

 




Оставьте комментарий (0)
  • Попутно на комиссии можно рассмотреть вопрос, почему в Беларуси карта поляка есть, и это наших оппов не волнует, а вот карты русского нет.