Адам Глобус. PLAY.BY. Кукуруза

Я не разумеў, чаму бацька называе тую цьмяна-зялёную пушчу нашай, але ніколі не перапытваў...

 

Адам Глобус
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод іх — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.

Некалі даўно ў нашых краях «кукурузнікам» называлі маленькі самалёт Ан-2. Яго выкарыстоўвалі ў сельскай гаспадарцы, чатырохкрылыя «кукурузнікі» нізенька лёталі над нашымі вёскамі і мястэчкамі і нешта там сыпалі на палі, засеяныя кукурузаю. Быў час, калі нашыя аграномы вырашылі, што, дзякуючы кукурузе, мы нарэшце зможам самі сябе забяспечыць прадуктамі, а ў выніку эксперыментаў у крамах прапаў хлеб. За буханкай чорнага даводзілася выстойваць шматгадзінную чаргу. Я любіў хадзіць па хлеб, хацеў быць дарослым у свае сем гадоў, а яшчэ я любіў лётаць на «кукурузніку». З бацькам мы лёталі з Менска ў Наваградак. Бацька паказваў мне ў вакенца Налібоцкую пушчу: «Глядзі, глядзі… Гэта нашыя Налібокі, нашая пушча…» Я не разумеў, чаму бацька называе тую цьмяна-зялёную пушчу нашай, але ніколі не перапытваў.

Пазней, з сябрамі я лётаў на «кукурузніку» з Менску ў Браслаў і з Браслава ў Менск. Хацеў быў злётаць з Мсціслаўля ў Смаленск, але пакуль збіраўся, тыя пералёты спынілі. Спачатку «кукурузнікі» перасталі вазіць пасажыраў у Беларусі, а потым і ў Расеі. «Смаленск — Мсціслаўль» — гэта быў апошні маршрут «кукурузніка» ў Беларусі, і я на яго не паспеў. Шкадую, бо злётаць у Смаленск я збіраўся з жанчынаю, якую любіў. Мы з ёю гулялі па зялёным узлётным полі, а потым пайшлі праз поле кукурузнае. І недзе пасярэдзіне таго кукурузнага поля нам зажадалася блізкасці. Мы любіліся стоячы, і нам было добра стоячы. Нам было так добра стоячы, што мы распрануліся, і нам было добра лежачы, нам было так салодка лежачы, што мы нічога не чулі і нічога не бачылі, а потым мы ўбачылі вялізарную жудасна-чорную рагатую галаву каровы. Яна глядзела на нашыя любошчы бліскучым ядром глыбока-сіняга вока. Марудна, каб не спудзіць жывёліну, мы апрануліся і сышлі. На беразе кукурузнага поля да нас падбегла цётка з пугаю і запыталася пра карову. Мы суцешылі яе тым, што карова не прапала і не ўвалілася ў балота, а спакойна есць няспелую кукурузу. Цётка так нам дзякавала, нібыта мы знайшлі яе дзіця, а не карову, яна так дзякавала, што ажно заплакала ад радасці. Мне было дзіўна глядзець на такую радасць.

Пэўна, ў мяне такая радасць была б, каб на кукурузным полі я сустрэў не карову, а незвычайную істоту — якога Кукурузніка. У беларускай міфалогіі няма ніякага Кукурузніка, але ён мусіць быць, ён мусіць мець бычыную галаву з вострымі рогамі і цела камбайнёра. Менавіта такім мне ўяўляецца наш беларускі мінатаўрападобны Кукурузнік, наш тутэйшы вартаўнік кукурузных палёў і ахоўнік любоўных гульняў.

Без такога Кукурузніка тутэйшым людзям цяжкавата жывецца, бо надоечы на беларускіх кукурузных палях адбылося ажно два жужасных здарэнні… Жанчына вырашыла наварыць сабе кукурузы, узяла кошык, пайшла на поле, выбірала яна сабе спялейшыя пачаткі і не пачула, як на яе насунуўся камбайн. Старая, глухаватая была. Камбайн і змалаціў жанчыну разам з кошыкам спелых пачаткаў. А ў Гомельскай вобласці адбылася іншая драма на кукурузным полі. Шафёр вёў малакавоз і пабачыў, што побач з кукурузным полем стаіць легкавічок, а ў прыпаркаванай машыне крычаць зачыненыя дзеці. Шафёр даведаўся ад дзяцей, што бацькі даўно сышлі па кукурузу і ўсё ніяк не вяртаюцца, і не вяртаюцца. Шафёр знайшоў тых бацькоў мёртвымі, іх стапталі і паразрывалі дзікі. Ці займаліся тыя пакутнікі перад сваёй гвалтоўнай смерцю любоўнымі гульнямі на кукурузным полі, я дакладна не ведаю. Але, хутчэй за ўсё, яны займаліся менавіта любошчамі, бо інакш нашто ж яны сваіх дзяцей зачынілі ў легкавіку...

Кукуруза. Малюнак Адама Глобуса

Вось таму і патрэбен на тутэйшых палях Кукурузнік. Ён бы абавязкова ўратаваў і старую з кошыкам, і тату з мамаю зачыненых у легкавіку дзяцей. Вядома, гэта казачныя спадзевы, але ў мяне ёсць спадзевы і больш рэальныя. Я спадзяюся, што раней ці пазней невялікія самалёты зноўку пачнуць лётаць з Менска ў Наваградак, і нехта скажа свайму сыну: «Глядзі, глядзі… Гэта нашыя Налібокі, нашая пушча…» А сын не стане перапытваць у бацькі, чаму яна ўласна наша.