Пазнаёміцца з беларускай Вільняй дапаможа набор паштовак

У выдавецтве “Рыфтур” выйшаў набор паштовак “Vilnius — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі. Шпацыр па горадзе з Віктарам Корбутам”...

У выдавецтве “Рыфтур” выйшаў набор паштовак “Vilnius — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі. Шпацыр па горадзе з Віктарам Корбутам”.

Гэта першыя ў гісторыі Беларусі і Літвы паштоўкі на беларускай мове, прысвечаныя Вільні і яе славутасцям ды знакамітасцям.

Паштоўкі падрыхтаваны журналістам, гісторыкам Віктарам Корбутам на падставе архіўных дакументаў, навуковай літаратуры.

Высветлены 9 адрасоў, звязаных з жыццём і дзейнасцю вядомых дзеячаў беларускай культуры ў Вільні. Лакалізаваны беларускія арганізацыі, рэдакцыі перыядычных выданняў, што калісьці тут дзейнічалі. Паказана сувязь гэтых будынкаў з вядомымі дзеячамі літоўскай культуры, звязаных асабістымі, творчымі сувязамі з беларускімі калегамі.

 

Адрасы і дзеячы культуры, установы, адлюстраваныя на паштоўках:

Вільня. Вуліца Дамінікону (Дамініканская), 11

Будынак вядомы з 1600 г. як уласнасць Эўстахія Валовіча. З XVIII ст. — палац Пацеяў, з другой паловы XIX ст. да 1930-х гг. — Умястоўскіх. У 1906 — сярэдзіне 1940-х гг. на першым паверсе знаходзілася Літоўская кнігарня, што належала Марыі Пясяцкайце-Шлапялене. Тут з 1906 г. прадаваліся літоўскія і беларускія газеты, кнігі. Сюды разам завітвалі Янка Купала і Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс.

 

Вільня. Вуліца Піліма (Завальная), 5.

Дом пабудаваны ў пачатку ХХ ст. Тут знаходзіліся рэдакцыі беларускіх газет «Наша ніва» (1911-1913, 1920), «Гоман» (1916-1917), «Krynica» (1921, 1923-1925), «Biełaruskaja krynica» (1925), часопісаў «Саха» (1912-1913), «Krywičanin» (1918), Беларуская кнігарня (1913-1926), захоўвалася калекцыя старажытнасцей Яна Луцкевіча. Тут жылі і працавалі Вацлаў Ластоўскі (1910-1920), яго жонка Марыя Іванаўскайце-Ластаўскене (Лаздзіну Пяледа), працавалі Ян Луцкевіч, Аляксандр Уласаў, Станіслаў Станкевіч Кнігар, бывалі Максім Багдановіч (1911), Змітрок Бядуля, Янка Купала, Цётка, Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас) (1912, 1923), Людас Гіра, Софія Іванаўскайце-Пшыбіляўскене (Лаздзіну Пяледа), Антанас Жмуйдзінавічус.

 

Вільня. Вуліца Швянта Мікалояўс (Святога Мікалая), 4

Касцёл Святога Мікалая. Збудаваны ў пачатку XVI ст. У 1901-1939 гг. адзіны храм у Вільні, дзе чыталі казані па-літоўску. У 1901-1906 гг. плябанам служыў Юозапас Кукта. Тут знаходзіўся таемны склад выданняў друкарні Марцінаса Кукты (Марціна Кухты). З 1921 г. штонядзелі а 10-й гадзіне адбываліся набажэнствы з казанямі па-беларуску. Да 1940 г. іх служыў ксёндз Адам Станкевіч, а таксама ў 1920-я гг. Канстанцін Стаповіч (Казімір Сваяк), Вінцэнт Гадлеўскі, Язэп Германовіч. У храме бралі шлюб Лявон Вітан-Дубейкаўскі і Юльяна Мэнке (1922), Браніслаў Тарашкевіч і Вера Снітка (1923), Антон Войцік і Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас) (1926). У 1920-я— 1930-я гг. беларускім хорам пры касцёле кіравалі Антон Грыневіч, Альбін Стаповіч, Адольф Клімовіч, Ян Пазняк. 25 верасня 1989 г. ксёндз Вацлавас Алюліс адслужыў тут набажэнства па-беларуску.

 

Вільня. Вуліца Вільняўс (Віленская), 37

Дом пабудаваны ў канцы ХІХ ст. У 1920-я гг. тут знаходзіліся рэдакцыі беларускіх газет, часопісаў, сядзібы Таварыства беларускай школы, Беларускага студэнцкага саюза віленскага Універсітэта Стэфана Баторыя, Беларускай сялянска-работніцкай грамады, віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта. У гэтым будынку жыў і працаваў Браніслаў Тарашкевіч (1922-1926), працавалі Янка Пачопка, Людвіка Сівіцкая-Войцік (Зоська Верас) (1923-1927), Антон Войцік, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Антон Луцкевіч, жыў Язэп Драздовіч.

 

Вільня. Вуліца Вільняўс (Віленская), 14

Дом пабудаваны ў канцы XVIII ст., рэканструяваны ў XIX — пачатку ХХ ст. Тут знаходзіліся рэдакцыі беларускай газеты «Наша ніва» (1913-1915), часопіса «Саха» (1913), крама беларускай жаночай бялізны «Мілавіца» (2011-2014), жыў і працаваў Янка Купала (1914-1915), працавалі Змітрок Бядуля (1914-1915), Аляксандр Уласаў (1913-1914), Вацлаў Ластоўскі (1913-1914), Язэп Драздовіч (1914).

 

Вільня. Вуліца Аўшрос Варту (Вострабрамская), 7а

Колішні кляштар базылян і базылянак («базылянскія муры»). Пабудаваны ў пачатку XVII ст. Дзейнічаў да 1827 г. У 1823-1824 гг. — турма, дзе былі зняволены філаматы Адам Міцкевіч, Ігнацы Дамейка. У 1845-1915 гг. — праваслаўная духоўная семінарыя. Тут знаходзіліся рэдакцыя газеты «Беларуская думка» (1919), Віленская Беларуская рада (1919), Віленская беларуская гімназія (1919-1932), беларускі філіял віленскай польскай дзяржаўнай гімназіі імя Юльюша Славацкага (1932-1937), Беларускае навуковае таварыства (1921-1939), Віленскі беларускі музей (1921-1944). Дырэктарамі музея працавалі Антон Луцкевіч (1921-1939), Мар'ян Пецюкевіч (1940-1941), Ян Шутовіч (1941-1944). У гімназіі выкладалі Алена Сакалова-Лекант (з 1919), Максім Гарэцкі (1919-1923), Адам Станкевіч (з 1919), Антон Луцкевіч (з 1920), Леаніла Чарняўская, Ян Станкевіч, Аркадзь Смоліч, Аляксандр Коўш (з 1928), дырэктарамі працавалі Міхал Кахановіч (1919-1922), Браніслаў Тарашкевіч (1922), Антон Неканда-Трэпка (1922-1923), Радаслаў Астроўскі (1923-1927, 1929-1936), Сяргей Паўловіч (1927-1928), вучылася Наталля Арсеннева (1919-1921).

 

Вільня. Вуліца Дзіджоі (Вялікая), 19, 19а

Дом збудаваны ў канцы XVI або ў пачатку XVII ст. Ёсць меркаванне, што будынак тады належаў купцам беларускага паходжання Кузьму і Лукашу Мамонічам, якія адкрылі тут друкарню, дзе сярод іншага быў выдадзены на рускай (старабеларускай) мове трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага (1588). У 1990 г. на будынку ўсталявана мемарыяльная шыльда з надпісам па-літоўску і па-беларуску: «З 1522 да 1525 году тут, у горадзе Вільні, беларускі асьветнік Францішак Скарына выдаў у Вялікім Княстве Літоўскім першыя друкаваныя кнігі».

 

Вільня. Вуліца Траку (Троцкая), 1

Будынак вядомы з пачатку XVI ст. У 1792–1863 гг. належаў Тышкевічам. Іх родавы герб «Ляліва» аздабляе франтон дома. Фасад адметны балконам са скульптурамі двух атлантаў работы Франчэска Андрыёлі і Юзафа Казлоўскага (каля 1860). Эўстахі Тышкевіч захоўваў тут калекцыі будучага Віленскага музея старажытнасцей (першая палова 1850-х). У другой палове ХІХ ст. у колішнім палацы знаходзіўся суд, дзе працаваў адвакатам Францішак Багушэвіч (1884-1898). У будынку размяшчалася рэдакцыя беларускай газеты «Наша ніва» (1907-1908), дзе працавалі Аляксандр Уласаў, Антон Луцкевіч, Якуб Колас.

 

Вільня. Вуліца Барборас Радвілайцес (Барбары Радзівіл), 3

Дом пабудаваны, магчыма, яшчэ ў XVII ст. У 1852-1862 гг. у ім жыў і памёр Людвік Кандратовіч (Уладыслаў Сыракомля). У 1934-1938 гг. тут знаходзіліся Беларускі кааператыўны банк, Беларускае кааператыўнае таварыства «Пчала», рэдакцыя часопіса «Беларуская борць» (яго выдаўцом-рэдактарам працавала Людвіка Войцік (Зоська Верас)).

 

Рэцэнзенты і навуковыя рэдактары паштовак “Vilnius — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі. Шпацыр па горадзе з Віктарам Корбутам” — вядомыя даследчыкі беларуска-літоўскіх культурных сувязей у Вільні Адам Мальдзіс і Арсень Ліс, экскурсавод Анатоль Варава.

Камплект паштовак стане выдатным дапаможнікам для самастойных вандровак па беларускіх і беларуска-літоўскіх мясцінах Вільні турыстам, якія наведваюць гэты горад: як беларускім, так і літоўскім. Адрасная інфармацыя на паштоўках змешчана на беларускай і літоўскай мовах.

Аўтар Віктар Корбут працягвае працу над складаннем даведніка адрасоў беларускіх мясцін Вільні. Часткова вынікі гэтай працы публікуюцца ў інтэрнэце. Рыхтуецца асобнае выданне даведніка.