Уладзімір Падгол. ПАМІЖ РАДКОЎ. Цяжкі выбар Алены Анісім
Уладзімір ПАДГОЛ
Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Кіраўнік ГА «Інфармацыйныя і сацыяльныя іннавацыі». Стваральнік Музея жорнаў.
Рэакцыя журналістаў на абранне адной з дэпутатак не з лагеру паслугачоў рэжыму апынулася для мяне больш чым дзіўнай.
Анісім прадставілі як чыстага філолага, адсекшы ад яе палітычныя здольнасці і амбіцыі. Хто яна стала зараз, пасля абрання, насамрэч, мы хутка даведаемся, а тут я прыгадаю зусім нядаўнюю гісторыю.
Напярэдадні Кангрэса за незалежнасць Алена Анісім казала, што “да кампаніі ў абарону суверэнітэту Беларусі можа далучыцца кожны патрыёт, незалежна ад партыйнай прыналежнасці”. Галоўная ўмова — гэта грамадзянская пазіцыя чалавека. “Хочуць, не баяцца — калі ласка. Нашая ініцыятыва накіраваная менавіта на грамадзяніна, на чалавека, які адчувае сваю адказнасць за лёс краіны, незалежна ад таго, з’яўляецца ён сябрам партыі ці грамадскай арганізацыі, ці не з’яўляецца”, — казала Анісім.
Я ў той час, як многія, як і мой сябр Алесь Таўстыка адгукнуліся на заклік Грамадзянкі Анісім, далучыліся, бралі непасрэдны ўдзел у Кангрэсе за незалежнасць. Больш таго, мы прапанавалі ўключыць прынятые на кангрэсе тэзы ў перадвыбарчую платформу Партыі БНФ. Пераконвалі сябраў па партыі ў неабходнасці такога ўключэння.
Урэшце, пасля прынятай на з’ездзе БНФ перадвыбарчай праграмы з тэзамі па Адраджэнні Суверэнітэту і Незалежнасці, мы як кандыдаты ў дэпутаты ў кожным сваім тэле- і радыёвыступе, на кожным пікеце, у кожнай размове з выбаршчыкамі настойліва казалі пра неабходнасць Адраджэння Незалежнасці, а менавіта аб выхадзе з Саюзнай дзяржавы, з АДКБ і Эўразійскагага эканамічнага звязу. Мы пераконвалі выбаршчыкаў у неабходнасці ўсталявання Суверенітэту над тэрыторяй Беларусі, а ў прыватнасці — кантролю над мяжой Беларусі з Расіяй.
З часу правядзення Кангрэсу за незалежнасць адбылося шмат таго, што яшчэ больш актуалізавала мэты нашай, спадзяемся, агульнай справы. Сам А.Лукашэнка прызнаў, што “больше всего наркотиков в Беларусь поступает с территории Российской Федерации. Причем в разы больше чем из соседних государств”.
А гэта сітуацыя патрабуе закрыцця мяжы з Расіяй наркакантролем. Пра гэта пачала публічна казаць нават моладзь з розных апазыцыйных структураў. Урэшце нагадаем, што кіраўнік дзяржавы нядаўна заявіў:
“Независимость и суверенитет для меня как президента и, наверное, вы видите уже, для нашего белорусского народа — уже! — это святое. Это икона. Мы никогда не согласимся с тем, чтобы быть не суверенным государством, быть зависимым от кого-то. Мы с этим никогда не согласимся”.
Спадзяемся, што як палітык Алена Анісім цудоўна разумее галоўныя функцыі дэпутата парламанта — вызначаць стратэгічныя кірункі дзейнасці дзяржавы ў вонкавай і ўнутранай палітыцы. Так напісана ў Канстытуцыі.
А вось ці падхопіць яна эстафету нашай барацьбы падчас выбараў, ці не адцураецца ад агульнай справы сябраў Кангрэсу за незалежнасць?
Можа так стацца, што Анісім захоча ініцыяваць экстранае паседжанне Кангрэса за незалежнасць, каб на ім выпрацаваць захады па першых заканадаўчых ініцыятывах у парламанце і іхнай сістэме. Мы гэта будзем вітаць і далучымся да супрацы.
Але нават, калі Грамадзянка Анісім вырашыць заставацца філолагам, склаўшы з сябе паўнамоцтвы Грамадзянкі, калі захоча быць толькі ў статусе ярмошынскага дэпутата і дапамагаць выбаршчыкам у вырашэнні мясцовых праблемаў, якія напісала ў сваёй праграме, тады нагадаем намесніку старшыні ТБМ, што ў законе аб Саюзнай дзяржаве, дзе ўсе прынцыповыя палажэнне пярэчаць пунктам Канстытуцыі аб суверэнітэце, незалежнасці і нейтралітэце, ёсць і такі пункт:
Статья 11. …В качестве рабочего языка в органахСоюзного государства используется русский язык.
Алену Анісім выбралі выбаршчыкі акругі і ўладатрымальнікі. А цяпер ёй трэба зрабіць свой цяжкі выбар: кім жа стаць у парламанце — маленькім палітыкам ці Грамадзянкай Рэспублікі.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Обсудим?