Гістарычнай спадчыне пагражае інтэрвенцыя грошай

Без умяшальніцтва з самага верху ўлады вырашыць праблему немагчыма...

 

Гістарычная спадчына Беларусі знаходзіцца пад пагрозай не толькі разбурэння, неўмелай рэстаўрацыі, але і інтэрвенцыі капітала, які часам не дапамагае захоўваць помнікі архітэктуры і гістрачныя ландшафты, а, наадварот, знішчае іх. Кіраўнік Рэспубліканскага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч лічыць, што без умяшальніцтва з самага верху ўлады вырашыць праблему немагчыма.

Мірскі замак

Антон Астаповіч напісаў ліст кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміру Макею, у якім папрасіў аб асабістай сустрэчы. Гэтага ліста магло б і не быць, бо ў Астаповіча былі шансы сустрэцца з Макеем на пасяджэнні Грамадска-кансультацыйнай рады, якую Макей узначальваў, і ў абноўлены склад якой увайшоў Астаповіч. Але, як вядома, днямі Раду распусцілі

Астаповіч падкрэслівае ў сваім лісце, што не спадзяецца на станоўчае вырашэнне праблем у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны з боку Мінкульта і асабіста міністра культуры Паўла Латушкі.

«Вырашэнне праблемы дакладнага выканання нацыянальных нарматыўна-прававых дакументаў у сферы гісторыка-культурнай спадчыны на ўзроўні нават міністра культуры П.Латушкі покуль прадстаўляецца немагчымым у сувязі з тым, што за два гады працы на пасадзе ім практычна не былі прадпрыняты крокі, акрамя дэкларатыўных заяваў, па наладжванню сістэмы бездакорнага выканання заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны», — піша Астаповіч.

Ён патлумачыў Naviny.by, што не лічыць магчымым вырашыць праблемы без умяшальніцтва хоць бы Адміністрацыі прэзідэнта ў абмеркаванне праблем, з якіх адна з самых набалелых — заканадаўства.

Узімку бягучага года была распачата праца над праектам закона аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь». Дадзены праект распрацаваны спецыялістамі Міністэрства культуры, але, падкрэслівае Астаповіч, без уліку прапаноў з боку грамадскіх аб’яднанняў.

Прапановы Рэспубліканскага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры былі пададзеныя вясной, «але іх быццам бы не заўважылі, праігнаравалі».

Сярод прапаноў былі і такія, што ўдакладнялі функцыі навуковага кіраўніка рэстаўрацыі з наданнем яму большай самастойнасці. Былі таксама прапановы па распрацоўцы механізма аплаты працы навуковага кіраўніка.

Зараз артыкул 41 праекта закона, прысвечаны кіраўніцтву працамі на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, ставіць, на думку Астаповіча, вядучага кіраўніка ў поўную залежнасць ад заказчыка прац, ці арганізацыі-генпраектыроўшчыка, «што абсалютна недапушчальна». Тым больш, што ў прапанаваным праекце, як і ў дзеючым законе «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», дакладна не вызначаны парадак аплаты працы вядучага кіраўніка, што дадаткова ставіць яго ў залежнасць ад заказчыка выканання прац.

Залежнасць жа правакуе прыняцце рашэнняў, якія часам ідуць не на карысць аб’екту, адлюстроўваюць уласны густ заказчыка, а не навуковы падыход.

Яшчэ адзін прыклад — п. 4 артыкула 36 законапраекта прадугледжвае такі від прац на гісторыка-культурных каштоўнасцях, як дапаўненне (пп. 4.2). «Фармуліроўка, якая тлумачыць у праекце сэнс такога віда прац, як дапаўненне, — кажа Астаповіч, — дазваляе настолькі шырока трактаваць дадзены від прац, што ён можа прыводзіць не толькі да пашкоджання, а да поўнага знішчэння гісторыка-культурнай каштоўнасці».

Такім чынам, калі рэдакцыя пункта, які тычыцца «дапаўнення», будзе прынятая, гэта развяжа рукі заказчыкам многіх праектаў.

Напрыклад, кампанія «Трайпл» атрымае магчымасць на свой густ засвойваць тэрыторыю хлебазавода № 1 па вул. Ракаўская, 21. Завод не мае статусу гістарычнай каштоўнасці, у адрозненне ад суседніх будынкаў на вул. Віцебскай і вул. Ракаўскай. Аднак ён сфармаваны з шэрагу будынкаў, пабудаваных у канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў, якія маюць гістарычную і архітэктурную значнасць, бо падтрымліваюць гістарычна створанае аб'ёмна-планіровачнае рашэнне Ракаўскага прадмесця.

Некалькі радкоў у заканадаўстве таксама могуць мець рашучае значэнне ў лёсе Мінскага замчышча, дзе таксама ёсць пагроза ўзнікнення неўласцівых гэтаму месцу аб’ектаў.

«Адчыняюцца шырачэзныя вараты з боку неадэкватных інтэрвенцый на терыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў», — кажа Астаповіч.

Ён лічыць, што ў шмат якіх сваіх пазіцыях законапраект накіраваны не на паляпшэнне і ўдасканаленне нарматыўна-прававой базы ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, а на стварэнне ўмоў па правядзенні прац на гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія могуць прывесці да поўнай страты імі сваіх адметнасцяў, навукова-неабгрунтаваных змен помнікаў і гэтак далей.

Астаповіч кажа, што зараз, на яго думку, у Беларусі асноўная праблема ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны нават не ў тых аб’ектах, якія знаходзяцца ў стадыі рэстаўрацыі, а менавіта ў стаўленні да гісторыка-культурных ландшафтаў, «якія нішчацца, і гэтая праблема не падымаецца ў краіне».

У нас, лічыць Астаповіч, няма разумення каштоўнасці гісторыка-культурнага ландшафта. У якасці прыкладу ён прывёў ландшафт вакол Мірскага замка, які, на яго думку, парушаны. Тое ж адбываецца і ў Бабруйскай крэпасці, і ў цэнтральнай частцы Мінска: «Самае страшнае для помніка — знішчэнне гістрычнага асяродка, бо любы помнік без гістарычнага кантэкста перастае быць помнікам».

Яскравы сталічны прыклад: выдатны помнік Рэнесанса — Петрапаўлаўская царква, якая настолькі вырваная з кантэкста, забітая забудовай на Нямізе, што ўжо не ўспрымаецца.

Астаповіч падкрэслівае, што сітуацыя не звязаная з праблемамі недахопу фінансавання. «Адсутнасць фінасавання прыводзіць да дэградацыі помнікаў і культурнага ландшафта. Мы маем справу з маштабным інвестыцыйным наступленнем і на помнікі, і на гістрычныя ландшафты. Адбываецца інтэрвенцыя грошай на тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў».

Зараз праект закона знаходзіцца ў Палаце прадстаўнікаў. «А гэта адно, плюс другое слуханне, і праект становіцца законам», — кажа Астаповіч. З мэтай прадухілення негатыўных наступстваў зацвярджэння недасканалага праекту Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася ў Палату прадстаўнікоў з прапановай абмеркавання дакумента на круглым стале.