Таварыства аховы помнікаў прапануе ўзнавіць гістарычную забудову ў раёне Нямігі

 

Прэзентацыя праектнай прапановы па ўзнаўленні жылой і грамадскай забудовы на тэрыторыі гістарычных Ніжняга і Мяснога рынкаў у цэнтры сталіцы, распрацаванай архітэктурнай групай Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПіК), прайшла 26 сакавіка ў Мінску.

Участак, на якім прапаноўваецца ўзнавіць гістарычную забудову, уключае праезную частку вуліцы Багдановіча каля станцыі метро «Няміга» і бераг Свіслачы, а таксама з'езд з праспекта Пераможцаў і незабудаваны ўчастак побач са спарткомплексам «Працоўныя рэзервы». Раней, паводле слоў старшыні БДТАПіК Антона Астаповіча, тут была забудова Ніжняга і Мяснога рынкаў, часткова разбураная ў 1920-я гады, часткова — у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны.

Прысутным паказалі кароткі відэаролік з дэманстрацыяй трохмернай праектнай мадэлі раёна забудовы. Астаповіч расказаў пра ўнікальныя будынкі, якія раней там знаходзіліся, у тым ліку пра пабудаваны ў канцы XVI стагоддзя будынак гарадскога суда — адну з пяці пабудоў, яшчэ да вайны ўнесеных у рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцяў савецкага Мінска.

На прэзентацыі гісторык не раз падкрэсліваў, што праектная прапанова была зроблена на аснове архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, у тым ліку вынікаў аэраздымкі, таму з'яўляецца навукова абгрунтаванай.

Паводле слоў Астаповіча, дакументацыя па гэтым праекце ў лютым была перададзена ў адказнае за забудову ў гістарычным цэнтры сталіцы КУП «Мінская спадчына», камітэт па архітэктуры Мінгарвыканкама і Міністэрства культуры. «Ад «Мінскай спадчыны» нам прыйшоў адказ, што наша распрацоўка накіравана ў Акадэмію навук, камітэт па архітэктуры адказаў, што наша прапанова навукова не абгрунтаваная», — сказаў старшыня БДТАПіК, дадаўшы, што камітэт «перавысіў паўнамоцтвы», даючы такую ацэнку.

Згодна з адказам Мінкультуры, БДТАПіК не падаў вынікаў комплексных навуковых даследаванняў. «Але яны ў нас ёсць, за выключэннем археалагічнай часткі», — запэўніў гісторык. Прэтэнзіі міністэрства таксама тычацца таго, што ў таварыства «няма дазволу на распрацоўку праектнай дакументацыі», што, на думку гісторыка, не так, бо форма падачы гэтай прапановы не прадугледжвае атрымання дазволу.

Акрамя таго, Астаповіч палічыў дзіўным тое, што ў сваім адказе Мінкультуры спасылаецца на рэгламенты незацверджанага праекта па пераўтварэнні гістарычнага цэнтра Мінска.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігар Чарняўскі, які прыйшоў на прэзентацыю праектнай прапановы, паспрабаваў адстаяць пазіцыю міністэрства, указаўшы Астаповічу на знойдзеныя, на яго думку, хібы ў дакументацыі. У прыватнасці спрэчкі выклікала тое, да якой катэгорыі аднесці ўвесь пакет праектнай дакументацыі, а таксама некаторыя іншыя пункты праектнай прапановы.

Чарняўскі падкрэсліў, што яму імпануе сам праект ўзнаўлення гэтай тэрыторыі, аднак адносна жорсткай пазіцыі міністэрства ён сказаў: «Як пастаўлена пытанне, такі атрыманы і адказ».

Відэа БелаПАН