Паэме Якуба Коласа “Новая зямля” споўнілася 90 гадоў

Гэты твор па праву лічыцца візітнай карткай беларускага пісьменства...

 

Сёлета спаўняецца 90 гадоў з моманту публікацыі паэмы класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа “Новая зямля”. Гэты твор па праву лічыцца візітнай карткай пісьменніка. Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа вырашыў адзначыць юбілей знакамітага твора і зладзіў міжнародны літаратурны праект “Зямля — аснова ўсёй Айчыне”. У праекце запланаваныя пяць сустрэч з прыхільнікамі творчасці беларускага песняра. 23 мая адбылася адна з iх.

У сяброўскай атмасферы размаўлялі пра знакаміты твор Якуба Коласа, які не губляе актуальнасці і цікавасці нават праз дзевяноста гадоў. “Гэты твор па праву лічыцца мастацкай энцыклапедыяй жыцця беларускага народа на пачатку ХХ стагоддзя, калі фарміраваўся філасоўскі падмурак нацыянальнай ідэі нашай дзяржавы і будучыня яе народа. У паэме перад намі паўстае маніфест магчымасці годнага быцця, міру і дабрабыту, магчымасці, якую дае зямля — месца і стымул жыццятворчасці для кожнага сумленнага беларуса”, — адзначаюць арганізатары літаратурных сустрэч.

Дырэктар музея Зінаіда Камароўская адзначыла, што праект “Зямля — аснова ўсёй Айчыне” быў запланаваны сумесна з кандыдатам філалагічных навук, даследчыцай беларускай і замежнай літаратуры, выкладчыкам Інстытута журналістыкі БДУ Таццянай Студзенка, якая напісала манаграфію і шэраг артыкулаў па параўнанні “Новай зямлі” Якуба Коласа і рамана Эміля Заля “Плённасць”.

“Я прачытала артыкул Таццяны ў газеце “Літаратура і мастацтва”, і ён мне так спадабаўся, так мяне зацікавіў, што я звязалася з аўтарам і прапанавала сумесна зладзіць шэраг сустрэч для ўсіх зацікаўленых”, — распавяла Naviny.by Зінаіда Камароўская.

“Мне вельмі прыемна, што серыя маіх артыкулаў справакавала такія цікавыя сустрэчы, — адзначыла ў прамове Таццяна Студзенка. — У сваіх творах і Якуб Колас, і Эміль Заля звярнуліся да духоўнага, філасоўскага сэнсу зямлі. Магчыма, для кагосьці такая паралель падаецца дзіўнай, але гэтае параўнанне двух твораў выглядае цалкам натуральна і лагічна, калі вы хоць трошку паглыбіцеся ў творчасць Заля. Якуб Колас — вялікі лірык. Тое самае тычыцца і творчасці Эміля Заля. Да таго ж, абодва гэтыя творы знаходзяцца нібыта напачатку: “Плённасць” Заля стварае на парозе XX стагоддзя, а “Новая зямля” стаіць у вытокаў новай беларускай культуры”.

Старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп распавёў пра юбілейнае выданне “Новай зямлі” Якуба Коласа на трох мовах: “Ідэя такой кнігі належыць вялікаму пісьменніку Янке Брылю. Яна прагучала ў гэтым cамым музеі ў гэтай самай залі. Мы размаўлялі пра тое, што на трох мовах выйшла кніга Адама Міцкевіча пра нашу Бацькаўшчыну, пра шляхетны народ XVIII-XIX стагоддзяў. Брыль сказаў, што гэтага недастаткова, трэба, каб вы выдалі кнігу пра нашу вёску, пра наш народ. А такой кнігай з’яўляецца “Новая зямля” Якуба Коласа”.

Народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель завітала на сустрэчу ў перапынку паміж рэпетыцыямі ў тэатры і праспявала некалькі песень, прачытала вершы Якуба Коласа. “Кожны чалавек не можа забыцца на свой куточак. Але гэта прыходзіць з узростам. Толькі пасля таго, як ты з’язджаеш, падарожнічаеш, бачыш новыя прыгожыя гарады і краіны, ты разумееш, што тваё апірышча — гэта вяртанне на сваю дарогу, на сваю радзіму. Гэта самае патрэбнае для кожнага з нас праз усё жыццё”, — адзначыла Мархель.

На сустрэчу завітаў і малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч. Ён прадэкламаваў ўрывак з паэмы бацькі, а пасля звярнуўся да прысутных: “Вы адчуваеце хараство гэтай мовы, бо гэтага не магчыма не адчуць. Я вызначыў для сябе, што беларуская мова — самая прыгожая сярод славянскіх моваў. Калі гаварыць пра еўрапейскія мовы, то для мяне асабіста беларуская на трэцім месцы пасля італьянскай і французскай… Дай Бог, каб нашыя дзеці чыталі як мага больш, вывучалі тое багацце, што ёсць у бібліятэках і на нашых з вамі кніжных паліцах”.

Пасля тэатра французскай песні “Каравела”, удзельнікі якога стварылі рамантычны настрой, праспяваўшы некалькі кампазіцый на французскай мове, на імправізаваную сцэну з гітарай выйшаў паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч.

Гаварыў ён мала, што незвычайна. Больш спяваў. “Сёння гучала беларуская паэзія, і французскія песні, а я хачу намацаць месца іх сустрэчы, таму праспяваю вам колькі перакладных рэчаў”, — зазначыў Андрэй і выканаў песні на вершы Гіёма Апалінэра, Шарля Бадлера і Сержа Гінзбурга.

Перад тым як аддаць “пазыку беларускім класікам”, праспяваўшы папуры з твораў беларускіх пісьменнікаў, Хадановіч прызнаўся: “Я не прыдумляю мелодыі, я краду тыя, што кепска ляжаць. Іншыя ў гэтым не прызнаюцца, а я прызнаюся. Словы чужыя, музыка чужая, а песня мая”.

На гэтай пазітыўнай ноце адзін з вечароў, прысвечаных юбілею паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, завяршыўся. Гасцінны коласаўскі дом чакае наступных сустрэч з прыхільнікамі творчасці таленавітага пісьменніка.