Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. “Хацелі як лепш, атрымалася як звычайна...”

\"Такога аўрала яны яшчэ ніколі не бачылі. Дзеля скарачэння тэрмінаў выканання работ на недабудаваных аб’ектах дарогі былі дапушчаны шматлікія парушэнні...\"

 

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

У бліжэйшыя пяць гадоў да ўсіх абласных цэнтраў з Мінска будуць пабудаваны аўтабаны нямецкага кшталту”, — заявіў год таму, 9 верасня 2011 года, Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў.

Частка работ на той момант, па яго словах, ужо была завершана, або яны працягваліся. Некалькі год таму завершана будаўніцтва трасы з Мінска ў Брэст, вядуцца работы на магілёўскім накірунку...

Будаўніцтва аўтабанаў па нямецкаму ўзору было даручана беларускаму ураду. Кантороль за ходам будаўніцтва аўтатрасы Мінск-Магілёў узяў на сябе непасрэдна прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

Міхаіл Уладзіміравіч з усёй адказнасцю ўзяўся за справу і як ў былыя савецкія часы прыняў на сябе павышаныя “сацыялістычныя” абавязальніцтвы. Захацелася зрабіць свой унёсак да свята “Дажынкі-2012”.

“Дарога павінна быць уведзена ў эксплуатацыю да 1 студзеня 2013 года, і мы ставім задачу, каб асноўныя работы на ёй завяршыліся да 1 верасня”, — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада 14 сакавіка 2012 года ў час азнаямляльнай паездкі аб рэканструкцыі дарогі і выкананні графіка работ.

Міхаіл Уладзіміравіч быў вельмі не задаволены некаторымі падыходамі і паставіў новыя задачы, каб ва ўзгодненыя тэрміны работы былі завершаны. Па яго меркаваннях на гэтай дарозе запраектавана шмат развязак і іншых штучных збудаванняў, мэтазгоднасць якіх выклікае пэўныя сумненні.

Тут жа ім былі дадзены даручэнні па скарачэнню шэрагу работ па праекту без пагаршэння, на яго думку, якасці і хуткасных рэжымаў трасы.

І што тут пачалося...

Па словах некаторых работнікаў, занятых на будаўніцтве дарогі, такога аўрала яны яшчэ ніколі не бачылі. Дзеля скарачэння тэрмінаў выканання работ на недабудаваных аб’ектах дарогі былі дапушчаны шматлікія парушэнні ў выкананні тэхналагічных працэсаў будаўніцтва.

А самае цікавае адбылося там, дзе будаўнікі не паспелі завяршыць будаўніцтва некаторых развязак і збудаванняў. Як, напрыклад, з развязкай у месцы прымыкання да аўтабана аўтадарогі рэспубліканскага значэння Быхаў-Бялынічы каля в. В.Машчаніца Бялыніцкага раёна.

Будаўніцтва дадзенай развязкі да часу азнаямляльнай паездкі Мясніковіча згодна праекта было выканана на 50%. Пасля распараджэнняў прэм’ер-міністра будаўніцтва развязкі было згорнута.

Але ж заезд на аўтабан з дарогі Быхаў-Бялынічы павінен быў якімсці чынам выкананы...

У выніку расходы фінансавых сродкаў на перапраектаванне, будаўніцтва новага варыянта і ліквідацыю 50% ужо адбудаванай развязкі пераўзышлі па колькасці неабходныя сродкі на завяршэнне будаўніцтва развязкі згодна першапачатковага праекта.

Ну, падумаеш, патрацілі лішніх некалькі соцен міліёнаў рублёў... Галоўнае — угадзілі Мясніковічу.

І такіх рашэнняў, прынятых па распараджэнню прэм’ер-міністра, можна заўважыць шмат.

Як бы не стараліся будаўнікі выканаць указанні Мясніковіча, да 1 верасня 2012 года асноўныя аб’екты дарогі так і не былі завершаны.

Але самае цікавае — узнікае пытанне. А як жа распараджэнне Лукашэнкі аб будаўніцтве аўтабанаў па нямецкаму ўзору?

Ці звяртаў увагу Міхаіл Уладзіміравіч на адсутнасць на аўтадарозе неабходнай колькасці аб’ектаў прыдарожнага сервісу? А дакладней — на яго прысутнасць у самай мінімальнай колькасці.

Ну, скажам, набудавалі аўтазаправачных станцый... А як жа з аб’ектамі па тэхнічнаму абслугоўванню і рамонту аўтатранспартных сродкаў? Як жа з месцамі для адпачынку з прыстойнымі прыбіральнямі, дзе можа быць і халодная, і гарачая вада?

Бо зараз у любым месцы аўтадарогі па сваіх патрэбах у лес не збегаеш. Там, дзе дарога праходзіць праз лясныя масівы, усталявана сеткавая агароджа.

Даручэнні прэм’ера аб неабходнасці прапрацаваць добраўпарадкаванне аб’ектаў прыдарожнага сервісу, правесці інвентарызацыю дзеючых аб’ектаў і адрамантаваць іх, калі ў гэтым ёсць патрэба, вырашыць пытанне аб будаўніцтве новых, так і засталіся не выкананымі.

І зусім абсурдным выглядае рашэнне аб пераводзе аўтадарогі М-4 Мінск-Магілёў у першую катэгорыю з забяспячэннем на яе ўчастках хуткаснага рэжыму транспартных сродкаў да 120 км/гадз. А куды падзець трактары, камбайны, іншую тэхніку размешчаных уздоўж трасы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў? Бо іншых дарог для іх перамяшчэння проста не існуе. А прысутнасць на аўтадарозе сельгастэхнікі не дазваляе яе перавод у першую катэгорыю.

Як бы не стараўся Міхаіл Уладзіміравіч, найлепшым кантралёрам, якая дасць ацэнку і яму, і будаўнікам, будзе ўсё ж такі чарговая зіма. Шкада будзе, калі “аўтабан” ператворыцца ў аўтадарогу, падобную па якасці да ўчастка гэтай жа дарогі ў раёне г.п.Смілавічы.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.