Уладзімір Падгол. ПЫТАНЬНЕ РУБАМ. Ці працытуе генерал Лукашэнку?
Паступленне наркаты з Расіі ў разы больш, чым з усіх астатніх краінаў разам узятых. Дык з астатнімі краінамі ёсць наркакантроль, а з Расіяй няма.
Уладзімір Падгол. Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Кіраўнік ГА «Інфармацыйныя і сацыяльныя іннавацыі». Стваральнік Музея жорнаў. |
Бываюць жа цікавыя супадзенні. 16 траўня сышліся тры падзеі.
1. Прачытаў інфармацыю:
“Брестские таможенники задержали на границе россиянина, который пытался незаконно провести 600 таблеток «Tramadol 100 Ret - 1 A Pharma», содержащие в своем составе опасное психотропное вещество. Известно, что мужчине 44 года, в Беларусь он въехал на автомобиле Toyota, запрещенные вещества были спрятаны в сумке. В отношении нарушителя возбуждено уголовное дело — незаконный оборот наркотических средств и психотропных веществ (ч. 1 ст. 328 УК)”.
2. У гэты ж дзень атрымаў адказ на свой зварот да дэпутата парляманта Бусько В.Л. Я накіраваў яму ліст, які быў распрацаваны ў БНФ наконт увядзення на мяжы з Расіяй наркакантролю і кантролю за перасоўваннем зброі і выбуховых рэчываў. Такія ж лісты накіраваў шмат хто з будучых кандыдатаў у дэпутаты парляманта дэпутатам па сваіх акругах. Адказ прыйшоў ад першага намесніка старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэпублікі Беларусь І.Я.Буткевіча.
3. У гэты ж дзень А.Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком МЗС Расіі. Яны абмяркавалі шмат пытанняў наконт сумеснай дзейнасці.
Адказ Буткевіча ўразіў насычанасцю спасылак на законы, якімі карыстаюцца памежнікі, баронячы нас у тым ліку і ад наркадзялкоў, і справаздачай аб паспяховых перамогах над гэтымі злыднямі.
Вось некалькі цікавых фрагментаў з адказу:
“Згодна артыкула 4 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь” устанаўленне пунктаў пропуску праз Дзяржаўную граніцу і відаў кантролю, што ажыццяўляецца ў іх, адносіцца да кампетенцыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Вычарпальны пералік пунктаў пропуску праз Дзяржаўную граніцу зацверджаны яго Указам ад 10 мая 2006 г. № 313 “Аб пунктах пропуску праз Дзяржаўную граніцу і відах кантролю, што ажыццяўляюцца ў іх”.
Дзякуй, мой генерал, за лікбез. Я гэтага да вашага ліста ня ведаў. Але ведаў, што ў Беларусі такія і падобныя пытанні вырашае толькі адзін, менавіта гэты чалавек. І менавіта таму 8 сакавіка напісаў Лукашэнку ліст, каб ён увёў наркакантроль на мяжы з Расіяй. Бо пачуў па тэлеканале АНТ, што на ўсходняй мяжы наркакантролю няма. А міністр МУС Шуневіч пад час той жа перадачы па АНТ паведаміў, што Беларусь з наркатранзіцёра ператварылася ў краіну наркаспажыўца.
Адказ мне даў чыноўнік Адміністрацыі прэзыдэнта намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб К.Г. Побаль, дзе паведаміў, што мой ліст ён накіраваў у МУС.
Дык вы ж, паважаныя чытачы, прачыталі ў адказе генерала, што не МУС вырашае, дзе правяраць і што правяраць, а кіраўнік дзяржавы. Дык што ж сатварыў гэты чыноўнік? Ці ён мае загад усе лісты ад прэзыдэнта адпіхваць? Ці проста ня ведае законаў? Не мая справа разбірацца з гэтым. І я звярнуўся да кіраўніка КДБ Вакульчыка па электроннай пошце, каб яго супрацоўнікі разабраліся з прэзыдэнскім аппаратам і яго вінцікамі. Покуль Вакульчык адказу не даў.
Але ж сам Лукашэнка роўна праз месяц пасьля майго звароту 8 красавіка правёў нараду па барацьбе з наркотыкамі. І фармальна мне адказаў. На гэтай нарадзе ён канстатаваў, што паступленне наркаты з Расіі ў разы больш, чым з усіх астатніх краінаў разам узятых. Дык з астатнімі краінамі ёсць наркакантроль, а з Расіяй няма. Цытату А.Лукашэнкі наконт шматразавай перавагі паступлення наркаты з Расіі ў параўнаньні з усімі іншымі краінамі вам, мой генерал, трэба ведаць так, што уначы вас разбудзі і вы працытуеце! Папрасіце сваіх намеснікаў па СМІ, хай вам дадуць паглядзець відэазапіс нарады па барацьбе з наркотыкамі з прэзыдэнскіх тэлеканалаў за 8 красавіка.
І як тады разумець эфектыўнасьць вашых аперацыяў на мяжы з Расіяй супроць наркадзялкоў, калі разам з вашым адказам прыйшла інфармацыя пра праезд па Беларусі расійца аж да брэскай мяжы? Вы скажаце, што ну, вось жа затрымалі ўрэшце! А колькі ён прадаў пад час свайго турнэ па нашай рэспубліцы? Багажнік?
Яшчэ з адказа генерала вельмі цікавымі мне падаліся ягоныя спасылкі на саюзную дзяржаву. Пра тое, што у нас ужо сумесная тэрыторыя з Расіяй і межы, якія трэба пільна ахоўваць, гэты сумесныя межы, а расійская мяжа і не мяжа ўвогулле, а так — рыса на асфальце ды ямкі ад выкапаных памежных слупоў.
Тут ужо трэба ўсім генералам і іхнаму генералісімусу нагадаць пра Канстытуцыю, дзе сказана пра суверенітэт над сваёй тэрыторыяй, уключаючы мяжу. І ніякая дамова аб саюзнай дзяржаве, ніякі закон аб яе існаванні, покуль існуе Канстытуцыя Беларусі, ня можа ўводзіць неосуверенітэт над сумеснымі тэрыторыямі. У супрацьлеглым выпадку гэта ўжо злачынства, замах на існаванне Незалежнай і Суверэнная Беларусі. І пра гэта мы падрабязней абавязкова яшчэ пагаманім.
А покуль нам засталася задача даведацца, ці абмяркоўваў Лукашэнка з Лаўровым праблему наркакантролю і кантролю за абаротам зброі на мяжы Беларусі і Расіі.
Ну, скажыце, генерал, не балбатуном жа быў А.Лукашэнка, калі казаў памочніку намесніка міністра абароны ЗША, што “Беларусь наваднена зброяй з Украіны”? А вы мне, мой генерал, у сваім адказе пра кантроль за перасоўваннем зброі ўвогулле не ўзгадваеце. А на мяжы з Украінай у вас жа добры кантроль? Праўда? Там і мыш патрон не перанясе. Значыць з Расіі нашу рэспубліку зброяй “навадняюць” . Дык можа для таго, каб забіць прэзыдэнта? А, мой генерал? А вы мышэй не ловіце на расійскай мяжы: ні зброі, ні наркаты.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Обсудим?