Пантэон Беларусі. Мiкола Панькоў

Пра Панькова лепш за ўсё гавораць абраныя ім псеўданімы: Мікола Вольны, М. Лістападавец, Летапісец, Ня-Кніжнік, Не-Паэта, Ул. Сакол, М. Крэнь…

 

Калі Народ твой у бядзе
і верных мала разам зь ім —
тады зьявіся — хоць й адзін,
скажы ўсім гучна: “Я Твой сын!”
Мікола Вольны

Нашая эміграцыя можа праўна ганарыцца палітыкамі і пісьменнікамі, мастакамі і навукоўцамі. Але адчувальны прагал, характэрны, бадай, для любога грамадства, не толькі беларускага і не толькі на эміграцыі, — нястача культурнікаў. Іх праца менш заўважная, пра іх рэдка згадваюць, нават карыстаючы з іхнага плёну, імёны падмяняюць абагульненым “выдавец”, “укладальнік”.

Пра Міколу Панькова (12.06.1911 — 07.01.1995) лепш за ўсё гавораць абраныя ім псеўданімы: Мікола Вольны, М. Лістападавец, Летапісец, Ня-Кніжнік, Не-Паэта, Ул. Сакол, М. Крэнь. У іх — не толькі нацыянальныя пачуцці, бачанне сябе ў свеце, вольным свеце, але і разуменне сябе ў беларускім грамадстве, сваёй ролі.

Пачаткі

Біяграфічных дадзеных пра Міколу Панькова захавалася мала: больш клапаціўся аб захаванні памяці пра іншых. Вядома, што нарадзіўся ён у Дзвінску і яшчэ ў школьныя гады далучыўся да нацыянальна-вызвольнага руху — быў сувязным паміж родным горадам і Коўнам, вазіў ліставанне і друк беларускіх эсэраў.

У той маласпрыяльнай для беларускага выхавання атмасферы Міколу пашанцавала на настаўнікаў — вядомых дзеячаў Сяргея Сахарава і Кастуся Езавітава. Менавіта тады пачалося і зацікаўленне бібліяграфіяй, калі пад кіраўніцтвам С. Сахарава, дырэктара Дзвінскай беларускай гімназіі, у 1927 г. быў закладзены гурток, мэтаю якога сталася складанне каталогаў, рэгістрацыя выданняў Заходняй Беларусі. Праца тая, распачаўшыся аднойчы, ужо не спынялася ані вайною, ані лагерамі DP, ані эміграцыяй. У 1952 г. Крывіцкім навуковым таварыствам Пранціша Скарыны быў надрукаваны “Паказьнік беларускіх выданьняў на чужыне за 1945-1950 гг.”, укладзены Міколам Паньковым. Папярэдне быў падрыхтаваны “Паказчык беларускіх выгнанскіх друкаў: чэрвень 1945 — 1 лістапада 1948 г.”. У рукапісе застаўся паказнік “Беларуская прэса: 1862-1955 гг.”, дзе была зроблена спроба ўлічыць усе друкі, пачынаючы ад “Мужыцкай праўды”.


Першая старонка аднаго з выданьняў Міколы Панькова
“Кнігапіс беларускага друку на чужыне“ (1946)

Аўтар, выдавец, перапісчык

Трэба адцеміць, што пераважная большасць зробленага Міколам Паньковым распаўсюджвалася або ў рукапісах, або ў 2-3 копіях машынапісу. Культурніцтва Міколы Панькова праяўлялася найперш у неспатольным жаданні засяліць эміграцыйную прастору друкамі, самымі разнастайнымі. Гэтаму ўражальнаму даробку ў 1947 г. (год-паўтара ўсяго, як Мікола Панькоў быў у Нямеччыне!) газета “Бацькаўшчына” прысвяціла адмысловы артыкул “На чыстым аркушы” або рэдкі фэномэн “Рукапіснага друку”:

“[…] Вось перад намі — прывезенае з ангельскае зоны цэлае бярэмя зусім рукапісных, літаральна ад рукі, сярэднявечным спосабам пісаных і перапісаных беларускіх выданьняў. Сярод іх рукапісныя газэты, якія выходзілі рэгулярна, зьмяняючы толькі часам свой фармат, у залежнасьці ад паперы, і назовы — у залежнасьці ад абставінаў: “Адгалоскі” (3 нумары), “Алярм” (8 нумароў), “Беларус на чужыне” (5 нумароў), “Далі” (2 нумары), “Пералом” (4 нумары), “Раздарожжа” (2 нумары), “Уцякач” (6 нумароў) — усе газэты 1945 г., іхны працяг — “Выгнанец” (16 нумароў за 1945 г. і 23 нумары за 1946 г.), ягоны працяг — “Аглядчык” (44 нумары за 1946 г. і 18 нумароў за 1947 г.). [...] Апрача газэтаў тут жа й рукапісныя часапісы — журналы: “Кагарка — Месячнік крывіцкае думкі”, які арыгінальна выходзіў (лепш у гэтым стылі — “вылятаў”) не нумарамі, а “ўзьлётамі”, “Нарач” — таксама не нумарамі, а “хвалямі”, і нарэшце — таўшчэзнымі сшыткамі — “Мэта”, часапіс “літаратуры — навукі — грамадзкасьці” (7 нумароў за 1946 год і 5 за 1947). Тут жа ў маленечкіх “кантычках” — таксама ад рукі — “Бібліятэка сучаснасьці”, сярод выпускаў якое — патрэбныя й цікавыя нашаму чытачу рэчы (прыкладам, № 12-13 — “Праўда аб Маскве” — урыўкі зь ведамае кнігі калішняга амэрыканскага пасла ў СССР Уільяма Буліта).

Перакідаючы балоны ўсіх гэтых выданьняў, дзівішся багацьцю й разнастайнасьці матэрыялаў у іх. Тут і шырокая ды сыстэматычная інфармацыя і зь міжнароднае палітыкі, і з Бацькаўшчыны, і зь літаратуры, з навукі й тэхнікі, тут і арыгінальныя й цікавыя собскія праблемныя артыкулы, тут і мастацкія творы, найбольш апавяданьні, як арыгінальныя, так і перакладныя, тут і крытыка ды інш. Усё гэта выпісана-перапісана акуратненькімі, добра чытэльнымі, запраўды “прыгожа выведзенымі пяром” літарамі ды наверх — аздоблена ня толькі выразанымі з друкаваных часапісаў ды наляплянымі ілюстрацыямі, а й собскімі — ізноў ад рукі — арнамэнтацыямі, запраўды па-мастацку выкананымі — зноў жа, як у таго “Перапішчыка”, — “усякімі цьвятамі, разнакалёрнымі галоўкамі зьвяроў і птух нябачыных, спляценьнем завіткоў... шматхварбныя застаўкі і канцоўкі, і загалоўкі ўсе”. [...]

А паспрабуйце цяпер хоць із большага ўявіць сабе, колькі працы мусілі ўлажыць гэтыя рукі — запраўды залатыя рукі, колькі часу й вытрываласьці ў добра знаных усім лягерных абставінах (дый яшчэ ж у чужым і непрыхільным лягеры) гэта патрабавала? Бо рабілася ж яно не ў цішыні кляшторных келятак даўлетных “перапішчыкаў”, калі запраўды было, што “няма куды сьпяшыць” і “нячутна дзень праходзіць”. [...].


Вокладка і ілюстрацыя з аднаго з выданьняў Міколы Панькова “Этапы” (1950)

Мікола Панькоў быў актыўным у грамадскім жыцці: з’яўляўся сябрам Рады БНР, сябрам Крывіцкага (беларускага) навуковага таварыства Пранціша Скарыны, заснаванага ў Рэгенсбургу 23 чэрвеня 1947 г., сябрам Інстытуту Кастуся Каліноўскага, ачольваў Саюз беларускіх журналістаў у ЗША, кіраваў Беларускім інфармацыйным бюро.

Панькоў быў не толькі перапішчыкам, не толькі выдаўцом, бібліёграфам, архівістам, але і пісьменнікам. Ён належаў да літаратурнай арганізацыі “Баявая Ўскалось”, што актывізавала сваю дзейнасць пры канцы 1940-х, мела свой аднаіменны друкаваны орган (рэдагаваннем якога ад пачатку займаўся Мікола Панькоў) ды сябраў у розных краінах: у Нямеччыне (Мікола Вольны, Ніна Змагарка (псеўданім жонкі Панькова) і іншыя), у Канадзе (Сяргей Хмара, Васіль Вярбіна, Кастусь Навіцкі, Васіль Вір, Машчонскі і іншыя), у Аўстраліі (Анатоль Сумны, Янка Макарэвіч), у Францыі (Алесь Змагар, Аўген Кавалеўскі), у Англіі (А. Дрыгвіч, Язэп Таўпека), у Паўднёвай Амэрыцы (д-р Галейка, Уладзімір Дудзіцкі).

Аднак пісьменніцтва не было тым, што валодала думкамі і часам Міколы Панькова. Больш творчай радасці прыносіла, відаць, складанне іменных паказнікаў да кніг, выдрукаваных на Беларусі — добра напісаных, але нядбайна выдадзеных і таму нязручных да карыстання. Атрымліваючы стала з Мінску газету “Літаратура і мастацтва”, з кожнага нумару выпісваў “Хроніку літаратурнага жыцця на Беларусі”, маючы на ўвеце пазней выдаць асобнаю кнігаю.


Мікола Панькоў.
Здымак з часоў лагераў для перамешчаных асобаў у Нямеччыне
(канец 1940-х гг.)

Усебеларускі архіў і Летапіс беларускай эміграцыі

Яшчэ напрыканцы 1940-х гг. у Нямеччыне Мікола Панькоў заснаваў Усебеларускі архіў, які з пераездам заснавальніка і дырэктара перамясціўся ў ягоную ньюёрскую кватэру. Тамсама ж знаходзілася і Беларуская бібліяграфічная служба, таксама закладзеная Паньковым, які збіраў беларускае слова. Вядома, перавага аддавалася эміграцыйным выданням, прынамсі таму, што на набыццё савецкіх кніг патрэбны былі немалыя выдаткі. Затое пад эміграцыйны архіў — кнігі, часопісы, газеты, брашуры, улёткі, паштоўкі, лісты — была адведзена ўся падвальная частка двухпавярховага дому і амаль цалкам першы паверх.

Ідэяй збору было не проста бібліяфільскае, бібліяманскае апантанае захапленне. Меркавалася, што згаданая вышэй праца “Паказнік беларускіх выданняў на чужыне” будзе працягнута, будзе напісана гісторыя эміграцыйнага перыядычнага друку, будзе складзена энцыклапедыя “Хто ёсць хто на эміграцыі”, будзе працягнута праца над “Беларускай народнай энцыклапедыяй”, дзе ўжо меўся некаторы плён — выдрукаваныя ў 1948 г. на машынцы ў сямі сшытках матэрыялы да энцыклапедыі; будзе зроблены і “Мартыралог” як працяг выдрукаванай на рататары “Кнігі ахвяраў бальшавізму”: у 1956 г. Панькоў разам зь Яўхімам Кіпелем, Антонам Адамовічам, Сымонам Кандыбовічам пачалі складваць англамоўны спіс беларускіх інтэлектуалаў і палітыкаў, знішчаных Саветамі. Думалася пра тэарэтычныя працы (“Шляхі новае беларускае літаратуры”, “Шляхі развіцця новае беларускае літаратуры”, “Кароткі начырк да гісторыі беларускага часапісьменства”). Думалася пра гісторыю эміграцыі.

Ідэя гісторыі ці не найбольш займала Міколу Панькова, прычым не толькі ў ЗША. У адным з нумароў “Летапісу” быў змешчаны пачатак хронікі падзей беларускай эміграцыі ў Аргентыне з даваеннага часу (1934-1941 гг.) У 1945-1953 гг. ён пісаў “Успаміны з мінулага для будучага” пад назвай “На раздарожжы” — хроніка, каментары эміграцыйнага жыцця. Праўда, напісалася толькі 15 старонак.


Вокладка аднаго з нумароў часопіса “Летапіс беларускай эміграцыі”

Затое другі праект, таксама звязаны з гісторыяй эміграцыі, выявіў значна большую жыццяздольнасць — “Летапіс жыцця беларускай эміграцыі” (часам назва змянялася на “Летапіс беларускай эміграцыі”). Мала якое выданне на эміграцыі паклікала да жыцця столькі эмоцый!

Да таго ж, Панькоў не быў пасіўным назіральнікам. Ён не толькі занатоўваў падзеі, а часта браў удзел у іх сам, актывізаваў ці нават ствараў. Панькоў быў сябрам Рады БНР, адным з заснавальнікаў Камітэту незалежнай Беларусі і г.д.

Другая адметнасьць “Летапісу” і сакрэт увагі да выдання хаваліся ў разуменні рэдактарам такіх паняткаў, як архіў, дакумент, праўда. Словы-тэрміны самі па сабе звычайныя, простыя да разумення і ўжытку — аж да таго самага часу, калі не пачынае заходзіць пра вышэйшыя ідэі ды ідэалы, пра “нячасавасць” ці нават шкоднасць праўды, калі распачынаюцца размовы “аб праўдзе нашай і вашай”.

Мікола Панькоў і ў 1980-х — пачатку 1990-х гг. рабіў свой “Летапіс” — калі сам, калі з нешматлікімі паплечнікамі (аднаго варта назваць — гэта Васіль Шчэцька, сталы памагаты ў выданні часопісу) па тых, звыклых яму з часоў лагераў DP, тэхнічных працэсах: на аркушы паперы наклейваў загаловак, малюнкі-ілюстрацыі, што браліся звычайна з савецкіх выданняў, ды наклейваў дакументы, што мелі складаць змест выдання: тэксты статутаў, перадрукі з рарытэтных выданняў, лісты. Так, неад’емнаю часткаю — і ці не найбольш карыснаю, прынамсі з гледзішча сучаснага часу — былі лісты.

Прыватныя лісты з перададзеных ва Ўсебеларускі архіў прыватных архіваў (а значыць адкрытыя для грамадства), змешчаныя факсіміле — без аніякіх правак, купюраў, цэнзуры. Праўда, часам, калі лісты былі напісаныя нечытэльным почыркам, рэдактар мусіў іх перадрукоўваць нанава, што дазволіла непрыхільным да выдання гаварыць аб падробках. Раіса Галяк, удава Леаніда Галяка, чалавека блізкага да “Летапісу”, так пісала аб гэтым у лісце да Яна Пятроўскага:

“Мэта “Летапісу” — ад пачатку выданьня (1948 г. і да сяньня) — захаваць для наступных гісторыкаў Беларусі дакладную дакумэнтацыю жыцьця й дзейнасьці нашай эміграцыі. Якія мы ёсьць, такія і ёсьць, без самарэклямы й самашуканства. А імкнуцца быць лепшымі — абавязак кожнага чалавека й беларуса. Падаваць фальшыўкі дакумэнтаў, толькі з карыснымі для нас ці некага “выбрыкамі”, не адпавядае людзкому гонару. Праўда заўсёды выйдзе наверх. [...] Я пэўная, што Вы, паважаны айцец Ян, не хацелі б, каб і з нашымі архівамі сталася тое ж, што сталася з багатым Беларускім архівам у Празе, архівам БНР М. Абрамчыка, а магчыма й з архівам ды ўспамінамі Ю. Сабалеўскага”.


Пісьменнік Уладзімір Сядура і Мікола Панькоў

“Летапіс”, гэтыя звычайныя аркушы паперы з наклеенымі лістамі і надрукаванымі на машынцы матэрыяламі, памножанымі на капіявальнай машыне, мае гадавы паказнік зместу, што дазваляе арыентавацца ў гэтым багацці інфармацыі: перадрукі вядомага па лагерах DP часопіса “БІС”, рэдагаванага Юркам Віцьбічам; дапаўненні да аўтабіяграфіі Радаслава Астроўскага, напісаныя Сяргеем Віленскім; артыкул Кастуся Езавітава “Слуцкае народнае змаганьне”; хроніка жыцця Янкі Станкевіча; дакументы Рады БНР, БЦР, Беларускай Аўтакефальнай Царквы, Беларускага праваслаўнага аб’яднаньня, Беларускай народнай грамады, Беларускага вызвольнага фронту, Беларускага дапамаговага камітэту, Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі; і ліставанне: Антона Адамовіча, Радаслава і Віктара Астроўскіх, Часлава Будзькі, Віктара Васілеўскага-Войтанкі, Юркі Віцьбіча, Леаніда Галяка, Язэпа Гладкага, Антона Даніловіча, Мікалая Дзямідава, Людвіка Зарэчнага, а. Мікалая Лапіцкага, Вацлава Пануцэвіча, Алеся Салаўя, Аляксандра Стагановіча, Янкі Станкевіча, Сяргея Хмары, Антона Шукелойця.

“Летапіс” дазваляе зарыентавацца ў царкоўных праблемах, расколе праваслаўнай царквы на эміграцыі; зразумець прычыны лагерных закалотаў, у тым ліку гісторыю з “крывічамі” і “зарубежнікамі”; ацаніць няпростую “трэцюю сілу”... Сапраўды, “Летапіс” стаўся найбагацейшаю крыніцаю нутраной, неафіцыйнай, непадфарбаванай гісторыі эміграцыі.

Праўда, выданне няшмат інфармацыі падае пра самога рэдактара — хіба толькі ўскосна, у звязку з іншымі гісторыямі і асобамі. Гэтак з лістоў Стася Станкевіча даведваемся, што Мікола Панькоў ініцыяваў і браў удзел у складанні зборніка Вацлава Ластоўскага “Творы”.

Панькоў быў вядомы ў грамадзе як кніжнік, архівіст, які нямала каго дзівіў у лагерах DP тым, што замест уладкавання ўласнага дабрабыту займаўся пошукам старых папераў.

Спадчына

Нельга сказаць, што дзейнасць Міколы Панькова ў эміграцыйным асяроддзі не знаходзіла паразумення, падтрымкі і спрыяньня. Ён вёў актыўнае ліставанне, меў аднадумцаў, калегаў па фаху.

Але ішоў час, адныя сябры паміралі, іншыя займаліся ажыццяўленнямі ўласных праектаў, часам надта ж далёкіх ад збору папераў. Калі ж і збіралі архівы, дык — свае ўласныя, не маючы намеру даваць іх у карыстанне каму-небудзь ці перадаваць ва Ўсебеларускі архіў. Праз гэта было страчана нямала па-сапраўднаму вартага — спарахнела, знікла, было выкінута.

Марнасць высілкаў на працягу 40 гадоў, нябачанне плёну прыгнятала Панькова. Ён усё радзей выбіраўся на людзі, усё часцей сыходзіў у сваю кніжніцу не з новаю кнігаю, а з напоем, бо не меў разумення і ва ўласнай сям’і: жонка даўно адышла ад беларускай дзейнасці, кінула пісаць, затое палюбіла катоў, якіх у хаце было не менш за тузін — рознага веку катоў і котак, чыім улюбёным заняткам было адпачываць на папяровых скарбах “ларніка вучонага”. І праз год па смерці Міколы Панькова кнігі, камплекты часопісаў, газетаў, тэчкі з архіўнымі матэрыяламі, нават мэбля, нават сцены, здавалася, мелі той спецыфічны пах, што нагадваў пра сапраўдных гаспадароў хаты.

Пасля смерці Міколы Панькова паўстала пытаньне, куды перадаць ягоныя зборы. Была ідэя перадаць ў Беларусь, але рэфэрэндум 1995 г. перакрэсліў гэткія планы. У выніку дачка Міколы Панькова Ніна Тэсла і яго сябры Васіль Шчэцька і Канстанцін Мярляк пастанавілі перадаць архіў і бібліятэку ў Фундацыю Пётры Крэчэўскага ў Квінсе.


Вокладка кнігі Міколы Панькова
“Хроніка беларускага жыцця на чужыне”
(Мінск, 2001)

Парадкаванне калекцыяў Міколы Панькова, вывучэнне ягонай спадчыны — справа надзвычай важная і яна мае свой пачатак. Так, у 2001 г. у Мінску ў серыі “Бібліятэка часопіса “Беларускі Гістарычны Агляд” пабачыла свет “Хроніка беларускага жыцця на чужыне (1945-1984)”, якую Мікола Панькоў складаў цягам свайго жыцця. Магчыма, не зусім дасканалы, але абсалютна ўнікальны гэты сапраўдны летапіс беларускай дзейнасці на Захадзе ўжо можа быць адпраўным пунктам, асновай для вывучэння гісторыі эміграцыі. Іншыя працы Міколы Панькова, ягоны літаратурны і бібліяграфічны даробак, яшчэ чакаюць свайго пільнага вывучэння.