Вучыць беларускую мову модна

У Мінску адкрываюцца новыя курсы беларускай мовы — «Мова нанова», а ўжо папулярныя «Мова ці кава» — працягваюцца…

Для тых, хто хоча вывучыць беларускую мову, а таксама тых, хто ведае яе і шукае асяродак, дзе ёсць з кім на ей размаўляць, адкрываюцца модныя курсы «Мова нанова». Таксама працягваюцца курсы «Мова ці кава» — з новымі вядучымі і ў новым месцы.

Курсы «Мова нанова» вядуць філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка. Першы занятак, які адбудзецца 13 студзеня (19.00) ў Галерэі сучаснага мастацтва Ў, прынясе шмат цікавостак: адразу некалькі гасцей (адзін з іх — вядомы беларускамоўны замежнік), выступ лідара гурта HandmadE Яўгена Валошына, таямнічы госць з Верхнядзвінска, майстар-клас «Як слушна павіншаваць па-беларуску», хітрыкі з граматыкі, аўдыё, відэа, фота, мультымедыя.

Плануецца, што заняткі будуць ладзіцца кожны панядзелак ад 19.00 да 21.00. Уваход вольны. Партнеры — галерэя Ў, кампанія «Будзьма беларусамі!», «Белсат».

Як расказала Алеся Літвіноўская ў каментары для Naviny.by, на кожным занятку (на першым тым больш) чакаюцца цікавыя беларускамоўныя госці: «Гэта вядомыя людзі, а таксама прафесіяналы ў сваёй справе, якія нячаста фігуруюць у прэсе. Мы спадзяемся, што да нас прыедуць госці з розных краін. У студзені навучэнцы змогуць паразмаўляць з сапраўднымі беларускамоўнымі амерыканцамі, шведамі і іспанцамі».

Плануецца, што аўдыторыя будзе вельмі розная — як па ўзросту, так і па ўзроўню падрыхтоўкі. Але Алесю і Глеба гэта не палохае.

«Мы ведаем, як гэта рабіць, бо з’яўляемся экс-вядучымі курсаў «Мова ці кава». Да нас на заняткі прыходзіла і 90, і 100, і 150 чалавек. Як і раней, уся інфармацыя — лексіка і граматыка, а таксама ўсемагчымыя цікавосткі — будуць падавацца праверана і пісьменна, але ў інтэрактыўных формах, файна і нязмушана. Адным словам, канцэпцыя курсаў — неакадэмічнае вывучэнне мовы», — адзначыла Алеся Літвіноўская.

Сёння многія беларусы кажуць, што беларуская — іх родная мова, «але не зусім добра ці зусім нядобра ведаюць яе». І вось гэтае словазлучэнне «родная мова» вельмі часта ўводзіць у зман: «Час прызнацца, што нам пара вучыць беларускую мову нанова! Такія прыклады — калі народ адраджаў паўзабытую мову — ёсць у гісторыі, і яны натхняюць!».

Такім чынам, кажа Алеся Літвіноўская, вучыцца запрашаюць тых, хто хоча размаўляць па-беларуску, але па нейкіх прычынах, напрыклад, з-за адсутнасці асяродку, не можа. Курсы прызначаны і для тых, хто саромеецца сваёй дрэннай мовы, бо забыўся нейкія словы і правілы.

«Ведаеце, — кажа Алеся Літвіноўская, — чалавек заўсёды ідзе шляхам памылак, пераадоленння, і ніхто з нас не нараджаецца паліглотам. У Беларусі многія беларускую мову не ўжываюць у штодзенным жыцці. І ў такой сітуацыі было б няправільна чакаць дасканалага ведання беларускай мовы ад большасці жыхароў нашай краіны. Да таго ж, усе робяць памылкі, таму трэба пачынаць размаўляць па-беларуску. Я лічу слабой пазіцыяй казаць, што любіш беларускую мову, але паколькі не можаш добра на ёй размаўляць, гаворыш на рускай. Гэта не дапаможа загаварыць на беларускай мове. Толькі шляхам спробаў, пераадолення і штодзённай практыкі можна дасягнуць ведання мовы».

Апошнім часам эксперты заўважаюць, што беларуская мова ў грамадскай сферы вымушана канкураваць не толькі з рускай, але і з трасянкай. Так, у дакладзе аб дыскрымінацыі і няроўнасці ў Беларусі «За паўгадзіны да вясны» адзначаецца, што з улікам цяперашняй моўнай сітуацыі і пасіўнай моўнай палітыкі ўладаў у трасянкі ёсць магчымасці стаць аўтаномнай мовай і нават канчаткова замацавацца ў якасці другой асноўнай (разам з рускай) мовы ў гарадскім асяроддзі.

На думку Алесі Літвіноўскай, факт ужывання трасянкі значнай колькасцю насельніцтва мае як негатыўныя, так і пазітыўныя наступствы: «Трасянкамоўныя людзі — гэта наш патэнцыял, іх можна лёгка далучыць да беларускай мовы. З іншага боку, яны на шляху — можа, да беларускай мовы, а можа, ад яе. І тое, які напрамак яны абяруць, залежыць ад розных абставін, больш за ўсё ад дзяржаўнай моўнай палітыкі. Натуральна, важную ролю адыгрывае жаданне саміх людзей, рост іх самасвядомасці, а значыць, пазіцыя кожнага з нас».

Дарэчы, на трасянцы з гумарам — «АБШЧЭПІТ» — названа першая тэма занятак на курсах «Мова ці кава», якія пачынаюцца таксама 13 студзеня а 19-й гадзіне ў новым месцы — на пляцоўцы ЦЭХ, што нядаўна атрымала прэмію як «Месца года».

Каманда «Мова ці кава» паведамляе, што вывучацца будзе лексіка і слоўнік для размовы ў кавярні. Тэмы для дыскусій: ці варта размаўляць на мове з афіцыянтам, чаму ў рэстаранах звычайна няма беларускага меню, ці абавязаны бармэн адказваць кліенту на беларускай?

Госці «Мова ці кава» — гаспадары мінскіх рэстаранаў, у тым ліку бара «Тутэйшыя», які нечакана апынуўся ў цэнтры інтэрнэт-скандалу з-за інфармацыі пра «зніжкі беларускамоўным».

Вядоўцы — Алесь Залеўскі, Васіль Дранько-Майсюк і Уладзь Лянкевіч.

Абавязковы папярэдні запіс. Новых студэнтаў просяць дасылаць паведамленне на адрас — распавесці пра сябе, пра чаканні ад курсаў, пакінуць мэйл і тэлефон. Заняткі бясплатныя.


  • Мая мова не знае змярканняў Ад маленства да старасці лет, Буду песціць яе, як каханне, разглядаць, як чароўны букет. Можа мовы чужой навучуся, каб суседзяў гасцінна вітаць, але толькі на ёй, бепарускай, буду людзям аб долі пяяць...(Ларыса Геніюш) -------------------------------------------
  • прыгажэе у разы... тоже "мова" беларускага палесся... а этой "мовой" кто-нибудь занимается? выпускаются словари? там где я родился, вот так говорят... Рыбалка лычылоса чысто мужчынськым занетком. Сітка ля кломлі плыласа кэ правыласа выключно мужчынамы. Је ныпрыпомню выпадка, шоб пры дылынні рыбы була жоночына, хоч бы j сама нахабна з jix. http://ru.wikipedia.org/wiki/Западнополесский_микроязык
  • украину поделили на восточную и западную... так давайте и полесье отделим от остальной беларуси на базе "мовы"...
  • Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова! Матчын дарунак ад самай калыскі, - ты самацветаў яскравая нізка. Кожны з іх барвы дзівосныя мае, вечным агнём зіхаціць - не згарае. Ты мне заўсёды была дапамогай дзе б і якой не хадзіў я дарогай. Чую ў табе перазвоны крыніцы, чую ў табе і раскат навальніцы, чую павевы зялёнага бору, водгулле працы ў родным прасторы. Кожнай драбнічкай ты варта пашаны, кожнае слова вякамі стварана. І на вякі яно жыць застанецца вечнае так,як народнае сэрца.(Уладзімір Дубоўка)
  • Не чакайце, што буду хваліцца перад іншымі мовай маёй. Хіба ж хваліцца з лесу крыніца, што грымотней яна за прыбой? Той, хто любіць папраўдзе, ён ціха слова роднае ў сэрцы спяліць, беражэ ад пагарднага ліха: калі слову, то й сэрцу баліць.(Еўдакія Лось)
  • Мода для тех, у кого нет собственного вкуса. Мода на неграмотность... - значит и мозгов нет.
  • мне вельмі падабаецца беларуская мова (вымаўленне) беластокскіх беларусаў Трэба было б запрасіць каго небудзь адтуль )