Дырэктарка “Белсату”: хачу адсвяткаваць Новы год і Раство ў Беларусі!
Тое, як незалежны тэлеканал «Белсат» увайшоў у новы тэлесезон, выклікала спрэчкі сярод яго гледачоў. Рэч у тым, што…
Тое, як незалежны тэлеканал «Белсат» увайшоў у новы тэлесезон, выклікала спрэчкі сярод яго гледачоў. Рэч у тым, што на сайце тэлеканала з’явілася рускамоўная версія. І некаторыя палічылі, што гэта ледзьве не адыход ад беларусізацыйнай місіі, іншыя ж пярэчаць ім, што такі ход акурат паспрыяе яе выкананню і пашырыць аўдыторыю.
— Наш адказ на патрэбы расейскамоўных гледачоў не адмяняе таго факту, што беларусізацыя застаецца безумоўнай місіяй “Белсату”, — кажа яго дырэктарка Агнешка Рамашэўская-Гузы. — Як чарговы доказ — са студзеня штосуботы на нашым тэлеканале можна глядзець новую праграму са знаёмай назвай “Мова Нанова”. Гэта — тэлеверсія папулярных курсаў беларускай мовы.
Вядоўцы тыя самыя — філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка.
Многія беларусы, называючы беларускую мову роднай, не могуць вольна размаўляць на ёй. Ды і беларускамоўным людзям праз адсутнасць шырокага моўнага асяроддзя не будзе лішнім засвоіць новыя словы, формы і правілы.
Прызнаюся, я сама таксама сярод гледачоў-вучаніц гэтай перадачы!
Кожны з яе выпускаў будзе мець асобную тэму — “Медыцына”, “Горад”, “Музыка”, “Тэатр” і г.д. Госць — абавязкова беларускамоўны чалавек і эксперт у адпаведнай галіне. Тэмы будуць самыя розныя — каб засведчыць, што беларуская мова прыдатная для кожнай сферы, а не толькі для стэрэатыпных “філалагічных кветнікаў”.
Афлайн-курсы “Мова Нанова” не знікаюць, але аўдыторыя дзякуючы “Белсату”, спадзяюся, павінна павялічыцца ў дзясяткі разоў.
Сярод новых перадачаў з 2015 году — “Кінаклуб” Вячаслава Ракіцкага.
Штотыдня па нядзелях у ёй — новы сур'ёзны кінафільм, які ў той ці іншай ступені чапляе вострыя праблемы нашага свету, экзістэнцыі чалавека або проста радуе нас мастацкасцю. Вядоўца кажа, што “Кінаклуб” разлічаны не на снобаў, а на ўдумлівага гледача. Мастацкая вартасць стужак не абавязкова будзе геніяльнай, але ў кожным выпадку вартай увагі. Перад пачаткам дэманстрацыі будуць адбывацца невялікія размовы з асобамі, якія дапамогуць увайсці як у змест стужак, так і ў іх структуру.
Між тым, разнастаім мы свой эфір дзеля гледачоў не толькі змястоўна, але і вонкава. Дасканалімся ў тым ліку тэхнічна. Так, перадача “ПраСвет” пра міжнародныя падзеі цяпер робіцца ў сучаснай віртуальнай студыі. Гэта тэхналогія, якая заваявала тэлебачанне заходніх краінаў.
— Вяшчанне “Белсату” доўжыцца ўжо амаль 7 гадоў праз спадарожнік Astra 4A. Але што са спробамі патрапіць у кабельныя сеткі ў Беларусі?
— На шляху “Белсату” у кабельныя сеткі ў Беларусі было запалена «чырвонае святло». Таму пашырэнне глядацкай аўдыторыі — даўняе актуальнае пытанне для нас.
Спрабуем вырашыць яго не толькі запускам рускамоўнай версіі сайта belsat.eu. Наша інтэрнет-старонка ў новым сезоне стала паўнавартасным мультымедыйным парталам. Belsat.eu — не тыповы сайт тэлеканала. Ён не ёсць адлюстраваннем, пераказам эфіру — гэта з большага асобны інтэрнет-рэсурс, які папросту блізка звязаны з намі.
Таксама нанова арганізавана наўпроставая онлайн-трансляцыя на сайце таго, што ідзе ў тэлеэфіры. Такім чынам, беспраблемна глядзець канал цяпер можна, нават не маючы з тых альбо іншых прычын «талеркі» — спадарожнікавай антэны. Дастаткова мець любы дэвайс з інтэрнет-сувяззю.
Натуральна, тое, што было ў эфіры, затым можна адшукаць ў архіве.
Напрыклад, там можна паглядзець навагодні выпуск сатырычнай перадачы “Эксперт” вядомага рэжысёра Юрыя Хашчавацкага.
Гэта — рымейк славутага савецкага фільма “Карнавальная ноч” з мультыплікацыяй.
— Дарэчы, а як самі адзначаеце Новы год і Раство?
— Я вельмі б хацела б адсвяткаваць іх неяк і ў Беларусі. З сябрамі і калегамі па “Белсаце”.
На жаль, я застаюся ад 2006 году неўязной. Але часы зменяцца, я перакананая ў гэтым! Перамены ў Беларусі абавязкова настануць. “Белсат” у тым ліку спрыяе ім! “Белсат” у шырокім разуменні — гэта ўнікальны ў свеце прыклад салідарнасці паміж народамі, грамадствамі. Унікальны, між іншым, і таму, што гэта нізавая ініцыятыва, створаная не дзяржавай ці нейкай карпарацыяй, але журналістамі па абодва бакі мяжы. “Белсат” нарадзіўся не з прагі прыбытку і не з палітычнага разліку, а дзякуючы аўтэнтычнай людской салідарнасці.
Таму гэта не можа не даць плёну! Праўда і справядлівасць перамогуць! Гэта — адно з маіх пажаданняў беларусам на 2015 год.
— Калі вярнуцца да тэмы тэхнічнай абсталяванасці, то раней даводзілася чуць нараканні на відэаплэер на сайце “Белсату”…
— Мадэрнізацыя сайта дазволіла зрабіць яго сучасным што да магчымасцяў наведнікаў. Таму мы спадзяёмся на рост колькасці карыстальнікаў — гледачоў і чытачоў. Паўтаруся: мы гарантуем зручны прагляд трансляцыі на любым дэвайсе — ад мабільнага тэлефона да ноутбука. Ну і, натуральна, не забываемся пра змест: тэлеканал будзе станавіцца больш інфармацыйным і больш аналітычным праз публіцыстычныя перадачы. Намагаемся рэагаваць на змены ў чаканнях гледачоў і вострыя геапалітычныя варункі ў нашым рэгіёне.
— Ці азначае стаўка на інфармацыйнасць і публіцыстыку тое, што фільмаў стане меней? Бо тэлеканал “Белсат” адзначаюць за якасную беларускую кінадакументалістыку і паказ сусветна вядомых мастацкіх стужак у перакладзе на беларускую мову, што ёсць эксклюзівам.
— Так, беларускае дакументальнае кіно — гэта адзін з нашых падмуркаў. Тут застанецца прыярытэт. Будзем паказваць і мастацкія фільмы, бо гэта спрыянне распаўсюду беларускай мовы і культурніцкае вакенца ў свет. Аднак фільмы — не галоўнае ў эфіры інфармацыйна-публіцыстычных каналаў. Таму серыялаў, у прыватнасці польскіх, стане нашмат менш. Тут мы звяртаем увагу на меркаванне нашых гледачоў: нядаўняе сацыялагічнае апытанне засведчыла, што яны чакаюць ад нас найперш інфармацыйных і публіцыстычных праграмаў.
Вялікую ўвагу мы надаем зваротнай сувязі. Так, гледачы эфіру “Белсату” і чытачы сайта могуць дзяліцца праблемнымі тэмамі і навінамі праз адмыслова створаную “гарачая лінію” (+375 29 120-51-36, velcom).
Таксама і міжнародная сітуацыя, асабліва падзеі ва Украіне, прымушаюць нас адмыслова скіроўваць увагу на бягучыя справы інфармацыі і публіцыстыкі. Пры вялікіх патоках прапаганды праўдзівая і аб’ектыўная інфармацыя — на вагу золата. Таму яшчэ раз рэкамендую нашым гледачам серыю з пяці рэпартажаў аб украінскай рэвалюцыі і яе наступствах, аўтарамі якіх з’яўляюцца Юрась Высоцкі і Сяргей Марчык.
Обсудим?