Каханне, айчына, пакато. Мовазнаўцы распавялі пра ўлюбёныя словы беларускай мовы

Вось ужо амаль 20 гадоў ва ўсім свеце 21 лютага адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы.

Naviny.by папрасілі знаных правадыроў нацыянальнай мовы распавесці пра свае ўлюбёныя словы, якія, на іх погляд, робяць беларускую мову сакавітай і адметнай.

 

Беларуская мова — старажытная і прыгожая, яна мае вельмі шмат слоў, нават больш за рускую, адзначыў старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ), гісторык Алег Трусаў.

«Любімых слоў у мяне многа, напрыклад слова «каханне» — вельмі добрае, прыгожае і ўзнёслае слова, якое адсутнічае ў рускай мове, — сказаў ён. — А яшчэ ёсць такая вельмі цікавая будова, як «альтанка» (паркавая ці садовая пабудова для адпачынку альбо сховішча ад дажджу і сонца. — Naviny.by). Але самае любімае беларускае слова ў мяне — гэта «гзымс». Я вельмі люблю яго казаць сваім студэнтам і тлумачыць, што гэта такое. А гэта карніз, архітэктурная дэталь».

«А самае любімае беларускае слоўца прэзідэнта — «гвалт». Ён яго асабліва любіць гаварыць у Маскве», — жартуе суразмоўца.

Паводле слоў Трусава, у беларускай мове багата слоў, якія выклікаюць шчырае здзіўленне. Перш за ўсё гэта словы, якія «існуюць некалькі тысяч гадоў», яны «настолькі старыя, што здаюцца дзіўнымі».

«Некаторыя словы ідуць яшчэ з бронзавага веку, як, напрыклад, слова «веды», гэта слова з санскрыту. Такіх слоў шмат, напрыклад, «гавядзіна» пра мяса быка (сёння часцей ўжываецца слова «ялавічына». — Naviny.by). Ці, напрыклад, слова «хата», якое мае нямецкае паходжанне — яно прыйшло ад хетаў, пасля яго выкарыстоўвалі готы», — адзначыў кіраўнік ТБМ.

Разам з тым ён адмоўна ставіцца да таго, што зараз багата розных рэчаў і паняткаў называюць ўнармаванымі іншамоўнымі запазычаннямі, асабліва, калі яны маюць больш старадаўнія і натуральныя адпаведнікі ў беларускай мове.

«Такія словы я не лічу беларускімі і ніколі іх не ўжываю, думаю, трэба было б прыбраць іх з афіцыйных слоўнікаў», — сказаў Трусаў.

 

Сярод ўлюбёных слоў філолага, перакладчыка, грамадскага дзеяча Лявона Баршчэўскага слова «небачолы». «Так называюць чалавека, чый розум, інтэлект сягаюць неба», — патлумачыў ён.

Баршчэўскі прыгадаў, што ўлюбёным словам ягонага бацькі было слова «гізаваць», якое вымаўляецца з выбухным [ґ], а не з фрыкатыўным [г]. «Гэта значыць імчацца ў якім заўгодна кірунку, не думаючы, куды ты ляціш», — сказаў філолаг. Варта адзначыць, што ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі такі дзеяслоў ужываюць да таго, хто імкліва бяжыць, каб уратавацца ад укусаў насякомых.

«Вось яшчэ з ўлюбёных — у нас на Полаччыне кола называлі «пакато», гэта значыць тое, што коціцца. Цікавае беларускае слова «адмысловы», яго цяжка перакласці на іншыя мовы, бо яно мае шырокі аб'ём значэнняў (своеасаблівы, адметны, непаўторны. — Naviny.by). Адзначу слова «лёк», гэта значыць рыбны рассол, але таксама ў халадцы ёсць «лёк». Ну і ўзгадаю, напэўна, слова «люляць», якое куды больш выразнае за слова «калыхаць» ці іншыя», — распавёў Баршчэўскі.

Вычышчаць слоўнікі ад тых ці іншых слоў філолаг не лічыць вартай справай. Але ён звярнуў увагу на тое, што сёння ў моўнай практыцы існуе праблема стыляў.

Напрыклад, яму не даспадобы, калі ў навуковых тэкстах ужываюць выраз «то бок». «Я не люблю гэты выраз, ён штучны, але моладзь яго актыўна ўжывае. У размоўнай мове ён да месца, але ў сур'ёзных, навуковых тэкстах трэба ўсё ж пісаць «гэта значыць», — патлумачыў адмысловец.

«Або класічны прыклад — «добрай раніцы», — адзначыў Баршчэўскі. — Ніколі ў Беларусі не казалі «добрай раніцы», быў «добры дзень» заўсёды, таму што як толькі пачынае днець, значыць, пачынаецца дзень. Я не люблю выраз «добрай раніцы», але ён замацаваўся ў сілу таго, што спадар Шушкевіч (былы старшыня Вярхоўнага савета БССР, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. — Naviny.by) тры гады пачынаў сесіі ў Вярхоўным Савеце з гэтых слоў, і ўся Беларусь гэта слухала і чула. Выраз замацаваўся, змагацца з ім немагчыма, але я не люблю яго і лічу, што гэта цалкам не беларуская канструкцыя».

 

«Краіна» і яе сінонімы «радзіма», «айчына», «зямля» — улюбёныя словы беларускае мовы Івана Саверчанкі, дырэктара Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, які ўваходзіць у склад Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук.

Словы «шыкоўна», «тактоўна», «прыхіліцца», «прыгарнуцца» навуковец прамаўляе з вялікай асалодай, нібы каштуе кожнае з іх на смак і застаецца задаволеным тым, як яны гучаць.

«Я даволі часта ўжываю слова «прынамсі», што значыць «па меншай меры, самае малое». Гэта адметнае слова, але цікава, што многія людзі, нават беларускамоўныя не заўсёды разумеюць яго дакладны сэнс», — сказаў ён.

Саверчанка з асаблівай любоўю апавядае пра сінаніміку, у вывучэнні адметнасцей мовы ён аддае перавагу менавіта гэтай частцы мовазнаўства.

«Я вясковы чалавек і чуў мову з дзяцінства, але з большага спецыялізаваўся на рускай літаратуры, — адзначыў суразмоўца. — А вось літаратурнай мове я навучыўся у тым ліку дзякуючы слоўніку сінонімаў Анатоля Клышкі, які быў выдадзены ў выдавецтве «Вышэйшая школа» ў 1992 годзе. Дзякуючы гэтаму я сфармаваў сваё мовазнаўчае мысленне».

«Таму калі я пішу, то больш за ўсё люблю перабіраць сінонімы — назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў. Раней я нават пачынаў працоўны дзень са слоўніка сінонімаў. Напрыклад, сінанімічны шэраг «пераканаўча, доказна, важка, аўтарытэтна» — паглядзіце, якое багацце», — дадаў кіраўнік Інстытута літаратуразнаўства.

  


  • Цудоўна...
  • Gennady Novizki
    Заўсёды слухаю й чытаю родную мову з асалодай !