Сэксалогія ад Куставай, зубр ад Шніпа

Беларускія літаратары гандлявалі мабільнікамі і танчылі стрыптыз...

Як бы настойліва беларускія літаратары ні сцвярджалі, што іх творчыя вечары ды і яны самі адкрытыя да новых людзей, ідэй ды прапаноў, унутры кожнай асобнай літаратурнай суполкі чалавек з іншай прасторы адчувае сябе лішнім, як на чужой кухні, ці нават у чужым ложку. Складаецца ўражанне, нібы літаратары гэтак зацыклены самі на сабе, што нават слоўнае майстэрства калег бянтэжыць іх неасабліва.

На адзін ходнік выходзіць і дзяўчынка, якая зачытвае кепска складзены вершык пра сэрца на далонях, цяпло вачэй і аксаміт травы, і геній, з якога ліецца экспрэсіўнае і энергетычнае — ніхто не памятае, пра што, здаецца — пра тыя ж сэрцы і вочы, толькі гэта быў верш. Зала самазадаволена пляскае ўсім, першай дазваляючы да пенсіі практыкавацца ў жанры публічнага выступу, другому — дачакацца моманту вельмі ўжо заўважнага шырокага прызнання, калі суполка ціха сыйдзе з яго жыцця, у глыбіні душы затаіўшы крыўду і неразуменне.

Вечарына «Літаратурнага прадмесця», якая адбылася 14 студзеня ў Музеі Максіма Багдановіча, менавіта такой і была — сямейнай і наіўнай, як сход класа з бацькамі. Тут сапраўды былі сем’ямі — раманістка Людміла Рублеўская з лаўрэатам прэзідэнцкіх лаўраў Віктарам Шніпам, паэтка Аксана Спрынчан з даўгавалосым бардам Ярашам Малішэўскім і жвавым дзіцём на руках, якое дадавала асабліва вострага адчування чужога хатняга свята.

Паводле задумы гаспадыні «Кірмаша мусаў» (а менавіта такую назву насіла імпрэза) Людмілы Рублеўскай, кожны з выступоўцаў — паэтаў і бардаў — прэзентаваў публіцы свой мус — якую-небудзь уласную рэч, што можа саслужыць ролю падарунка, але асаблівай патрэбы ў ёй гаспадар не адчувае.

 

Людміла Рублеўская

Рублеўская ў духу школьнай настаўніцы адразу патлумачыла, што ўсе прысутныя — трохі хобіты, і аб’явіла парадак забаў. Госці (большую частку іх усё ж склалі самі літаратары) маглі ўдзельнічаць у конкурсе малявання, стварыўшы новы ўзор дыплома для лаўрэатаў антыгламурнай прэміі «Блакітны свін», а таксама атрымлівалі штучныя грошы «сімулякрыкі», за якія потым можна было выгандляваць чужыя мусы.

Само паняцце «мус» ці «мусам» узялося з кніг Дж. Р.Р. Толкіена пра казачных стварэнняў хобітаў, чые норкі да столі запаўняліся гэтымі доранымі-перадоранымі не асабліва патрэбнымі падарункамі.

Калі «Кірмаш мусаў» нельга назваць адкрыццём ў сэнсе зачытаных перад публікай вершаў і спетых песен, то паглядзець на непатрэбныя падарункі, якія збіралі пыл у кватэрах беларускіх літаратараў, магло б быць цікава і больш шырокай аўдыторыі, чым той, якая сабралася ў музеі.

 

Аксана Спрынчан с дачкой гандлявалі цацкамі
Аксана Спрынчан с дачкой гандлявалі цацкамі

Сям’я Спрынчан і Малішэўскага, напрыклад, вырашыла разгрузіць дом ад цацак сваёй дачкі, якая пры нагодзе суправаджала выступы бацькоў пранізлівым енкам, выставіўшы на «аўкцыён» набор гумовых жаб для купання і цацку-пагрымушку, добра пагрызеную малочнымі зубамі. Людміла Рублеўская прынесла глінянага зубра, які раней палохаў гаспадароў, пазіраючы на іх з лядоўні, а запалоханы зубром Віктар Шніп наогул прэзентаваў сваю кнігу, некалькі разоў паўтарыўшы, што яна дасталася яму абсалютна бясплатна.

 

Мікола Кандратаў
Мікола Кандратаў зрабіў мус з уласнага зборніка, дадаўшы да яго кубак з выявай Мірскага замка

Мікола Кандратаў таксама зрабіў мус з уласнага зборніка, праўда, дадаўшы да яго кубак з выявай Мірскага замка. Былі яшчэ маладыя паэткі, якія дарылі керамічных коцікаў, флікеры-сардэчкі, каляндарыкі і кружэлкі, сціпла названыя «нейкай музыкай», нататнікі і нават асабістыя бронзавыя медалі з розных спаборніцтваў.

Найбольш шалу, крыкаў і камерцыйнага экстазу ад гандлю за штучныя грошы выклікаў мус паэткі Валярыны Куставай, якая выставіла на аўкцыён уласны заручальны пярсцёнак, што ўжо «перастаў быць патрэбным», і кішэнную энцыклапедыю сэксалагічных тэрмінаў. Паэтка Беланожка з Магілёва і работнікі літаратурнага музея ледзве не пабіліся, прапаноўваючы за каштоўныя прэзенты неверагодныя сумы маляваных купюр. Урэшце прыз дастаўся Беланожцы, якая, па яе ж словах, часта ездзіць аўтастопам і спрабуе хутчэй наладзіць асабістае жыццё. Без сэксалагічных тэрмінаў ніяк.

Сюрпрызам для прысутных быў таксама мабільны тэлефон паэта Рагнеда Малахоўскага, выстаўлены ў якасці муса на аўкцыён. Прэзентацыя тэлефона суправаджалася доўгай нерыфмаванай паэмай «Sony» і шматлікімі пытаннямі з аўдыторыі на прадмет якасці працы гэтага апарата. Мабільны тэлефон таксама ажывіў аўдыторыю паэтаў, праўда, скончыўся гандаль на гэты раз яшчэ больш мірна.

 

Яраш Малішэўскі
Яраш Малішэўскі: цацак у нас зашмат

Відавочна, апошнім часам пісьменнікі пачалі ўпэўнівацца ў неэфектыўнасці свайго слова, інакш як патлумачыць, што ўжо не першая паэтычная імпрэза суправаджаецца эратычнымі танцамі паўаголеных маладзіц, якія перад рытуальнымі сэксуальнымі скокамі абавязкова чытаюць які-небудзь сціплы верш, магчыма, перыяду ўласных школьных дзён. «Кірмаш мусаў» таксама раптоўна ператварыўся ў танцы Кармэн-акрабаткі на мяжы з Кармэн-каханкай. Хлопец на заднім шэрагу не стрымаўся і падхапіўся з месца, каб назіраць дзейства стоячы.

Конкурс найлепшых дыпломаў для лаўрэатаў прэміі «Блакітны свін», шчыра кажучы, уразіў менш за ўсё. У першую чаргу, з-за таго, што журы абмінула ўвагай шэдэўр паэта Усевалада Гарачкі, а «свіна» на адной з прац параўнала з адсутным на вечары паэтам-эксцэнтрыкам Віктарам Лупасіным (які, між іншым, быў лаўрэатам мінулагодняй прэміі).

Уручэнні ж самой прэміі, у склад якой уваходзяць дыплом і «сто чаго-небудзь» (сярод варыянтаў — сто грэцкіх арэхаў, сто гумовых пальчатак, сто рулонаў туалетнай паперы і прапанаваныя паэтам Гарачкам сто удараў палкай), маюць адбыцца 1 лютага ў сталічнай кавярні «Лондан». На сённяшні дзень намінантамі названыя былі: Мікола Кандратаў, Віка Трэнас, Маргарыта Аляшкевіч, Усевалад Гарачка, Тацяна Беланогая і паэтка Алёна Беланожка, у чыёй кішэні цяпер ляжаць атрыманыя ў нялёгкім змаганні галоўныя паняцці сэксалогіі.

 

Фота Вольгі Кляшчук