«Перазагрузка-2». Макс Лорэнс — «Зрывае дах»

Для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» папулярны R&B выканаўца Макс Лорэнс выканаў песню «Зрывае дах» — беларускую версію свайго дэбютнага сінгла «Схожу с ума», які прынёс яму шырокую вядомасць у Расіі ды Украіне.

«Я проста пераязджаю з аднаго месца ў другое і жыву там, дзе можна рэалізаваць свае планы. Але пры гэтым я заўжды пачуваю сябе беларусам і з гонарам заяўляю ў той жа Маскве, што я — беларус. І прыехаў сюды з горада Гомеля», — кажа Макс.

Спявак зазначае, што яго вельмі ўсцешыў беларускі тэкст ягонай кампазіцыі: «Мова наша багатая, у ёй вельмі шмат словаў трапляецца, якія раней нават сустракаць не даводзілася. Настолькі мяккі тэкст, што нязвыкла пасля расійскай. Па выніку мушу сказаць, што для спеваў беларуская нашмат лепшая за расійскую».

Макс Лорэнс — «Зрывае дах»
(муз. і сл. выканаўцы, бел. тэкст — Глеб Лабадзенка)

Ізноўку да цябе гарады,
Зноўку падзяляюць нас назаўжды дарогі і агні,
І няма цябе, як вады,
Дачакаюся сустрэчы тады, калі не будзеш маніць
Цяжка разам быць — гэта факт,
Ды іначай быць не можа ніяк
Змірыўся з гэтым я,
І не зразумець: як жа так?
Уздымаю над сабой белы сцяг — і перамога твая.
Кожную ноч, кожны дзень
Анёлам у вачах ёсць толькі ты,
Прэч лісты у календара, адчуваю я свядомасці брак,
У гульні я гэтай застыў.
Можна ўсё скасаваць, забываць спрабаваць,
Вось толькі я не помню як,
Не магу сябе пільнаваць, зноўку боль мяне спрабуе знішчаць,
Нашто са мною ты так?

Зрывае дах,
Мне зрывае дах,
Як сплываеш ты
На сямі вятрах

Кружыцца мая галава,
Сам сябе я пачынаю злаваць, тым часам думкі паліць.
Давай завершым гэту гульню
Здаецца, што адзін наяве я сню,
Калі не хочацца сніцью.
Не ўцячы, замораны я,
З табой разам атрымалі мы знак нічога не казаць
Але губляюся, што рабіць,
Бо далібог не змагу адпусціць
А ты — мяне не кахаць.