Родныя песні Алега Молчана разбураюць стэрэатыпы

30 сакавіка ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбылася прэм'ера праграмы “Малітва” кампазітара Алега Молчана на вершы Янкі Купалы.

30 сакавіка ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбылася прэм'ера праграмы “Малітва” кампазітара Алега Молчана на вершы Янкі Купалы. На сённяшні дзень гэты канцэрт — найярчэйшыя падзея Года культуры. Алег Молчан разбурыў стэрэатып: беларуская музыка — гэта нешта местачковае, а паэты-класікі пісалі, перш за ўсё, аб “гаротнай долі беларуса”. Праграма “Малітва” — прыклад таго, што беларуская песня можа быць стыльнай і сучаснай.

Публіка цёпла адгукнулася літаральна на першую песню “У зяленым садочку” ў выкананні Ірыны Відавай, Марыны Васілеўскай, Анастасіі Рачыцкай і вакальнай групы “Чысты голас”.

Слухаючы гэтую песню, раптам стала вельмі прыкра ад таго, што нашу краіну на “Еўрабачанні” прадстаўляе артыст, прадзюсар якога не грэбуе выкарыстоўваць сумніўныя піяр-хады для прасоўвання свайго падапечнага. А тут — гучыць цудоўная песня, якая стварае выдатны настрой, прыпеў якой легка запамінаецца. Такая песня прадставіла б Беларусь вельмі годна.

“Родныя песні” ў а-капельном выкананні "Чыстага голасу" — адна з жамчужын праграмы, у якой няма ніводнай прахадной песні. Тут сышлося ўсё: паэзія, мелодыя, выкананне. Мне нават прыдумаўся афарызм: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, схадзіце на канцэрт Алега Молчана”.

Малады саліст аркестра імя Жыновіча Андрэй Коласаў бліскуча выканаў песню “Дзевачкі-любачкі”, у палатне якой нават рэп знайшоў сабе месца. Дырыжор аркестра, кампазітар і мульціінструменталист заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Крамко сыграў на жалейцы, артыстка аркестра Наталля Лапацік выйшла на авансцэну з барабанам, і разам яны яшчэ і па-акцерску абыгралі песню.

Вадзіма Касенку беларуская публіка бачыць, на жаль, не часта. У гэтым канцэрце, як пажартаваў Алег Молчан, у Вадзіма адбыўся невялікі бенефіс. Душэўна выкананыя песні “Ты прыйдзі”, “Карчма” пераканалі публіку ў тым, што вопыт, набыты ў мулявінскіх “Песнярах”, Вадзім не страціў.


Вадзім Касенка і Уладзімір Ткачэнка

“Чорны бог” — цікавы творчы эксперымент Алега Молчана — песня напісана ў жанры рок. Вадзім Касенка, гітарыст Віктар Навумік і аркестр народных інструментаў імя Жыновіча паказалі высокі выканальніцкі клас!


Ірына Відава і Віктар Навумік

Яшчэ адзін эксперымент — песня “Благая жонка”. Па просьбе Алега Молчана паэт Алесь Ліпай ўнес некаторыя змены ў тэкст. Рызыкоўная справа — дакранацца да тэкста класіка. Але ўсё цудоуна атрымалася! Песню выканаў Вадзім Касенка, а акампанаваў яму музыкант-віртуоз, кампазітар, «пясняр» Уладзімір Ткачэнка. І ўжо звыклыя крыкі “Брава” зноў гучалі з розных глядацкіх радоў.

“Раманс да N” — безумоўны кампазітарскі поспех і дыямент у сучасным рэпертуары Леаніда Барткевіча. І фартэпіянны пройгрыш у выкананні кампазітара фантастычна прыгожы!

Так склаліся абставіны, што Алег Молчан на гэтым канцэрце сам заспяваў. Мы размаўлялі пра гэта раней, і да свайго спеву маэстра ставіўся з добрай порцыяй самаіроніі. І публіку настройваў, маўляў, нічога сур'езнага, сюрпрыз — сам спяю з Ірынай Відавай. Між тым песня “Зімовая ноч” — несумненны хіт: легкая, прыгожая, сучасная, сапраўдная, беларуская!

Можна абсалютна ўпэўнена сказаць, што гэтая праграма можа і павінна стаць экспартным варыянтам у эстрадным жанры, таму што тут гучаць нашы “родныя песні”.

Завяршалася праграма “Малітвай”. Як заўседы, публіка слухала нефармальны гімн краіны стоячы і доўга не адпускала артыстаў.

Вось яшчэ пра што падумалася: калі кампазітары або паэты пішуць песні ў надзеі атрымаць высокія дзяржаўныя ўзнагароды, то песні не атрымліваюць ні ўзнагарод, ні прызнання слухачоў. Калі песня напісана ад душы, то яна застаецца ў сэрцах людзей. І гэта — самая высокая ўзнагарода для творцы.

 

Фота Валерыя Калістратава і Юліі Кісель




Оставьте комментарий (0)