Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Мірскі замак
Павел СЕВЯРЫНЕЦ
Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.
“Мірскі замак” — наш самы раскручаны архітэктурны брэнд. Імя для Беларусі выключна дарагое: у нас мір — гэта менавіта Мір (толькі б вайны не было!). Можа, таму Мірскі замак, шэдэўр нацыянальнага дойлідства, фарпост Рэфармацыі, родавае гняздо Радзівілаў і Святаполк-Мірскіх, у свой час адпавядаў найбуйнейшаму наміналу беларускіх грошай.
Заснаваны напачатку XVI ст. магнатам Іллінічам, у 1568 г. Мірскі замак стаў уласнасцю Радзівілаў. Замак быў перабудаваны пад княскую рэзідэнцыю — з больш чым 40 пакоямі, аздобленымі кафляй, лепкай, мармурам, з італьянскім паркам з аленямі, аранжарэямі й каскадам ставаў. У 1812-м — арэна бою паміж расейцамі й французамі, у Другую сусветную — габрэйскае гета, у 1994 годзе гэты ўнікальны ансамбль позняй готыкі з рэнэсансам быў абвешчаны ЮНЭСКА помнікам сусветнай культуры найвышэйшай катэгорыі.
Сёння Мірскі замак — на ўсіх афіцыйных паштоўках, плакатах, краявідах. Улада смутна ўгадвае ў ім маналіт яшчэ не сфармуляванай беларускай ідэі: сучасны Мір каштаваў ажно 10 Палацаў спорту разам з Раўбічамі, 50 нацыянальных Мастацкіх музэяў і цэлых 50 000 Акадэміяў навук.
Мірскі замак — вечны супраціўнік Нясвіжскага палацу. Гэта яму, дому Мікалая Радзівіла Чорнага, абвясцілі вайну езуіты й ягоны сын — Радзівіл Сіротка. Гэта ў ім просты й ясны Рэнэсанс супрацьстаіць вытанчанаму, раскошнаму нясвіжскаму барока. І гэта паміж імі цяпер канкуруюць лепшыя сталічныя экскурсіі.
Мірскі замак — з разраду геніяльна простага й неапісальна прыгожага. Цяжкі абарончы замак з нешматлікімі ваконнымі проймамі сваёй гармоніяй прапорцыяў, колеравай гамай, дэкорам сценаў з глухімі аркамі ператвараецца ў паветрана-лёгкую, светлую, празрыстую аграмаду.
Мір, белы з чырванню — сцяг беларускага адраджэння, зара беларускай Рэфармацыі, самы разгар Залатога веку.
Мірскі замак — цудоўнае ўвасабленне беларускай духоўнай цвярдыні. Такой, як Сынкавіцкая й Мураванская цэрквы-крэпасці, Смаргонскі ці Заслаўскі кальвінскія зборы, такой, як праваслаўная готыка Супраслю або вуніяцкае барока Жыровічаў. Вобраз ваяра Евангелля:”Так што станьце, апаясаўшы сцёгны вашы праўдаю, апрануўшыся ў браню праведнасці, і абуўшы ногі ў гатовасць абвяшчаць мір”! ( Да Эфэсцаў 6:15)
Бел-чырвона-белы, быццам сцяг, грозны, нібы “Пагоня”, і узнёслы, як “Магутны Божа”, Мірскі замак — такі ж лагатып Беларусі, як грашовыя знакі або дзяржаўныя сімвалы.
Бо гэта той мір, якога так прагнем, чакаем й за які так змагаемся мы, беларусы — мірныя людзі.
З кнігі “Люблю Беларусь”
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Обсудим?