Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Статут паводле Бібліі
Павел СЕВЯРЫНЕЦ
Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.
Статут і першая Праграма Хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці беларусаў былі прынятыя і зацверджаныя ў Менску ў 1920-м. Прычым на друкаваным выданні гэтай кніжкі (якая адначасова выконвала ролю сяброўскага пасведчання) было пазначана: “З дазволу біскупа Зыгмунта Лазінскага”.
Эпіграфам да Статуту і Праграмы былі словы з Евангелля паводле Мацвея:
“Дык вось, не турбуйцеся і не кажыце: “што нам есці?” альбо “што піць?” альбо “ў што апрануцца?”. Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябёсны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце ж найперш Царства Божага і праведнасці ягонай, і гэта ўсё дадасца вам.” (Мацвея 6:31-33)
і таксама:
“Дык вось, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыпадобніцца да мужа разумнага, які збудаваў свой дом на камені; і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на камені. А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, прыпадобніцца да мужа неразважлівага, які паставіў свій дом на пяску; і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той; і ён упаў, і было падзеньне яго вялікае” (Мацвея 7:24-27).
“Устава”, альбо Статут, змяшчала некалькі адметных пунктаў:
- Называецца злучнасьць: “Хрысьціянская Дэмократычная Злучнасьць Беларусаў”.
- Мэтаю Хрысьціянскай Дэмократычнай Злучнасьці Беларусаў ёсьць: зарганізаваньне усіх тых, што хочуць жыць апіраючыся на сацыальнай справядлівасьці і хрысьціянскай міласьці, паводле асноў хрысьціянскага сьветагляду.
- Сядзібай Хрысьціянскай Дэмократычнай Злучнасьці Беларусаў ёсьць Менск, полям працы увесь край Беларускі.
- Для зрэалізаваньня мэт, у п.2 азначаных, Хрысьціянская Дэмократычная Злучнасьць:
А. Шырыць асьвету: праз сабраньні, гурткі, расправы; праз закладаньне курсаў, асьветных гурткоў, бібліотэк, чытаньняў і т. п.
В. Шырыць працу рэлігійна-маральную: паглыбляючы і ажыўляючы жыцьцё этычнае і рэлігійнае праз набажэнствы, казаньні, сходы, кружкі
С. Вядзе працу грамадзянскую: праз выязды на абгляд чужых краяў і цікавых месцаў у сваім краю, праз хоры і тэатры.
Д. Працу эканамічную: закладаючы новыя або ўмацоўваючы старыя суполкі, як напр. коапэратывы (хаўрусныя крамы), прачкарні, варштаты і т. п.; закладаючы касы ўзаемнай помачы, касы пажычковыя, касы зборнасьці, пахаронныя; закладаючы бюра працы, бюра адвакацкай і доктарскай помачы, закладаючы ахронкі, прытулкі і т. п.”
Сябрам ХДЗ мог быць кожны хрысціянін, які прызнаваўСтатут і “стараўся гэтую ўставу ўвясці ў жыцьцё”.
Праграма ХДЗБ складалася з шасці раздзелаў: агульныя прынцыпы, хрысціянская дэмакратыя і рэлігія, сям’я і школа, уласнасць, праца, народ і гаспадарства.
Працытуем найважнейшыя пункты Праграмы ХДЗБ:
- Хрысьціянская Дэмокрацыя ёсьць грамадзянская сувязь, што хоча завесьці лад на сьвеце на аснове хрысьціянскай дэмократычнай справядлівасьці, роўнасьці, міласьці і свабоды.
- Каб культ рэлігійны можна было спраўляць свабодна.
- Каб право не гвалціло перакананьняў рэлігійных і абычаяў сям’і каталіцкай.
- Увясьці паўсюднае пачатковае навучаньне ў роднай мове, не ўстанаўляючы абавязку вучыцца ў школах урадавых.
- Зраўняць школы прыватные хрысьціянскіе са школамі урадовымі ў правах і дапамогах грашавых.
- Хрысьціянская Дэмакратыя прызнае, што прыватная уласнасьць ёсьць падставай цывілізацыйнага поступу грамадзянства… Уласнасьць прыватная, даючы не толькі правы, але і накладаючы абавязкі грамадзянскія, памагае да вырабленьня ў людзях ініцыятывы і самадзельнасьці.
- Каб была падзелена казённая зямля паміж безьзямельнымі і малазямельнымі з мэтай стварэньня малой уласнасьці.
- Каб работнік меў запамогу тады. Калі ня мае працы, або ня можа працаваць па хваробе і старасьці.
- Каб праведзено вольнасьць слова, друку і сувязей, але з тым, каб кожны адказваў перад судом за шкадлівую для грамадзянства ці каго-небудзь работу, агітацыю – а такжа прэсу.
- Каб усе, каторыя знаходзяцца на службе публічнай, адказвалі перад судом.
- Увядзеньне самаўраду гміннага і правінцыяльнага.
- Што датычыць Айчыны сваёй - Беларусі – ХДЗ жадае, каб яна была цэлай, непадзельнай і вольнай.
З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”
Працяг будзе
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Обсудим?