Трусаў: калі-небудзь дыктоўка будзе праводзіцца на «Мінск-Арэне»
Дыктоўка пакуль яшчэ не стала ўсенароднай. «І гэта немагчыма ў краіне, дзе ўлады не ставяцца да беларускай мовы так, як яна сама таго патрабуе»...
21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, больш за 130 чалавек узялі ўдзел у IV Агульнанацыянальнай дыктоўцы па беларускай мове, якая праводзілася "Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, паведамляе БелаПАН.
У якасці тэксту дыктоўкі быў абраны верш Багдановіча "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы" (1915). Удзельнікі акцыі знаёміліся з экспазіцыяй музея, набывалі паштоўкі з тэкстам верша і па ім правяралі сваю дыктоўку. Тым, хто зрабіў няшмат памылак, старшыня ТБМ Алег Трусаў уручаў прызы.
Трусаў паведаміў, што 23 лютага а 18-й гадзіне ў сталічнай сядзібе ТБМ адбудзецца дыктоўка паводле другога твора Багдановіча — эсэ "Хто мы такія?". Другі этап дыктоўкі пройдзе 15 сакавіка, у дзень прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, трэці — 25 сакавіка, у дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Трусаў падкрэсліў прыхільнае стаўленне ўлад да сённяшняй акцыі. Паводле яго слоў, пра гэта сведчыць само правядзенне дыктоўкі ў дзяржаўнай установе культуры, а таксама удзел шматлікіх дзяржаўных СМІ.
Ён паведаміў, што ў наступным годзе дыктоўка будзе пісацца паводле твораў народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа і Янкі Купалы. Трусаў выказаў надзею, што калі-небудзь дыктоўка будзе праводзіцца ў Палацы Рэспублікі і на "Мінск-Арэне", а яе тэксты будуць агучваць дзяржаўныя тэле- і радыёканалы.
Мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін выказаў падзяку ініцыятару дыктоўкі філосафу Уладзіміру Падголу і арганізатару акцыі — ТБМ. Ён лічыць гэты дзень святам, а Багдановіча — узорам адданасці беларушчыне і матчынай мове. "Я пішу дыктоўку кожны год — чацвёрты раз запар. Але найбольш мне запомнілася гэтая акцыя ў вёсцы Бычкі на Віцебшчыне — у доме, дзе нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. І сёння мне не менш прыемна, тым больш, што ў зале, дзе праводзілася дыктоўка, я сустрэў сваю карціну на верш Багдановіча "Русалка" ("Выйду, белая, з цёмнай вады")", — сказаў мастак.
Разам з тым, на яго думку, дыктоўка пакуль яшчэ не стала ўсенароднай. "І гэта немагчыма ў краіне, дзе ўлады не ставяцца да беларускай мовы так, як яна сама таго патрабуе", — адзначыў Марачкін.
Намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім адзначыла, што з кожным годам усё больш людзей далучаецца да напісання дыктоўкі.
"Як правіла, тэксты гэтых дыктовак напісаныя бездакорна. Можа, таму, што пісаць іх прыходзяць упэўненыя ў сваіх ведах людзі, а можа, таму, што пісаць ім па-беларуску лягчэй", — сказала яна.
Пасол Швецыі у Беларусі Стэфан Эрыксан, які таксама браў удзел у мерапрыемстве, адзначыў, што звяртаць увагу на мову трэба не толькі раз у год, неабходна выкарыстоўваць яе пры кожнай магчымасці.
"Я думаю, што такія мерапрыемствы могуць паспрыяць у развіцці інтарэсу да мовы", — сказаў дыпламат пра традыцыю напісання дыктовак.
Обсудим?