“Нашто тыя каласы, калі няма васількоў”. Паэзія Багдановіча і беларуская музыка
Каб адзначыць 100 год з дня нараджэння Багдановіча знайшлося месца ў зале бібліятэкі ААН, а праз 20 год у роднай старонцы не знайшлося магчымасці...
Максім Багдановіч пражыў кароткае зямное жыццё — сышоў ад нас 26-гадовым, але аставіў пасля сябе цудоўную паэтычную спадчыну. На яго вершы сучасныя беларускія кампазітары напісалі песні, якія сталі хітамі.
“Ад родных ніў, ад роднай хаты...”
Асоба Максіма Багдановіча і яго вершы даўно цікавілі кампазітараў. Юрый Семяняка стварыў оперу “Зорка Венера”, прысвечанную жыццю паэта. Да 100-годдзя Максіма Багдановіча Ігар Палівода напісаў поп-оперу “Максім”, якая стала сапраўднай жамчужынай сярод нізкі праграм аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Уладзімір Мулявін напісаў цыкл песен “Вянок”, прэм’ера якога адбылася ў зале бібліятэкі Арганізацыі аб’яднаных нацый.
Уладзіслаў Місевіч, Валерый Дайнэка
і Ігар Лучанок у Нью-Йорку, 1991 г.
“Гэта была вялікая падзея ў культурным жыцці Арганізацыі аб’яднаных нацый. Дыпламаты гаварылі шмат добрых слоў пра вечарыну і пра тое, што яны пачулі, — успамінае паэт Генадзь Бураўкін, які ў той час працаваў пастаянным прадстаўніком Беларусі у ААН. — Для многіх прадстаўнікоў ААН гэта вечарына была не только адкрыццём паэзіі Максіма Багдановіча, але і адкрыццём Беларусі. “Песняры” выканалі творы на высокім музычным ўзроўні. Скажу шчыра: вельмі хваляваўся. У зале большая частка людзей не ведала беларускую мову і таму вельмі важна, каб слова Багдановіча было падмацавана добрай музыкай. Маё ўражанне — музыка і выкананне цудоўныя. Публіка, а гэта былі ў асноўным дыпламаты, і таму даволі пераборлівыя, якіх цяжка чымсьці здівіць, былі узрушаны, узрадаваны і захоплены.
Побач са мной сядзелі эміграны. Калі аб’явілі “Пагоню”, я заўважыў рэакцыю недаверу, незадаволенасці. Іх трапяткія адносіны да песні зразумелыя: “Пагоня” для эмігранаў — своеасаблівы гімн Беларусі. І пакуль “Песняры” спявалі, я бачыў на тварах публікі ўжо іншую рэакцыю — песню прынялі, бо выканне было таленавітым, з душой.
Выступленне “Песняроў” у зале бібліятэкі ААН было не только культурнай падзеяй, але і важным дыпламатычным крокам, спрыяўшым цікавасці і даверу да нашай краіны з боку замежных дзяржаў.
Вечарына, прысвечаная 100-годдзю Максіма Багдановіча — адзін з самых маіх дарагіх успамінаў пра час працы ў ЗША. Акрамя цудоўнага канцэрта, успамінаю па-чалавечы добрыя адносіны з Уладзімірам Мулявіным, Уладам Місевічам, Валерай Дайнэкам і Ігарам Пеням. Я ўпэўнены, што поспеху “Песняроў” далёка за межамі Беларусі спрыяла іх адметнасць — выкананне песень на роднай мове. І цяпер я жадаю хлопцам працягваць гэту традыцыю”.
“Вянок” лічу адной з лепшых, але не шырокавядомых праграм “Песняроў”, — кажа заслужаны артыст БССР, музыкант “Беларускіх песняроў” Уладзіслаў Місевіч. — Ідэя цыкла песень на вершы Максіма Багдановіча належыць Мулявіну, Алег Молчан зрабіў удалыя аранжыроўкі. У нейкім сэнсе “Вянок” — экспартная праграма. Мы далі два канцэрта ў ЗША, паказалі праграму ў Беларусі, Расіі. Але напачатку 1990-х публіку, а хутчэй за ўсё кіраўніцтва радыёстанцый, тэлебачання цікавіла ўжо іншая музыка, таму нават няма прафесійнага запісу праграмы “Вянок”. Днямі я паглядзеў аматарскі запіс на Youtube і акрамя настальгіі адчуў гонар за нашу працу”.
“Хто ўмее з вас сэрцам чуваць”
Да 120-годдзя Максіма Багдановіча кампазітар Ларыса Сімаковіч напісла мюзікл-прытчу “Апокрыф” паводле твораў паэта. Прэм’ера мюзікла прагучала ў дзень нараджэння паэта — 9 снежня ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Дарэчы, Ларыса Сімаковіч не ўпершыню звярнулася да паэтычнага слова Максіма Багдановіча. У 2008 годзе адбылася прэм’ера спектакля “Дзень Максіма Багдановіча”, жанр якога кампазітар вызначыла як “сучасная містэрыя ў адзін дзень і адзін вечар”.
І вось новая праца.
Фота budzma.org
“Апокрыф” — зварот-разважанне беларускага генія пра сутнасць і сэнс чалавечага існавання, пра немагчымасць жыцця без духоўнага здабытку, — кажа Ларыса Сімаковіч. — Прарокі з’яўляюцца на зямлі тады, калі людзі забываюцца на свае каштоўнасці. “Нашто тыя каласы, калі няма васількоў? …Няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак дзеля душы” — гэта паэтычная крэда паэта, і я спадзяюся, што яго словы запалі ў душы людзей”.
Спявак Ян Жанчак цудоўна выканаў партыю галоўнага персанажа мюзікла — Музыкі. Аляксандр Жукаў пераканаўча сыграў роль апостала Юр’я. Публіка не адпускала са сцэны Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Казінца і вакалістаў, пакуль яны не выканалі “на біс” фінальную сцэну мюзікла.
“Тое, што стварыла Ларыса Сімаковіч, што ўвасобілі калектывы — фальклор-тэатр “Госціца”, Дзяржаўны камерны хор, вакалісты і наш аркестр пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Казінца — гэта на сённяшні дзень вяршыня”, — адзначыў дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі Барыс Ліўшыц.
У другім аддзяленні святочнага канцэрта прагучалі песні беларускіх кампазітараў на вершы Максіма Багдановіча. Саліст ансамбля “Сябры” Аляксандр Камлюк і яго гурт “Грані” выканалі тры песні з цыкла Уладзіміра Мулявіна “Вянок” — той рэдкі выпадак, калі маладыя музыкі песні “Песняроў” спелі на ўзроўні, годным арыгінала.
“Наш родны, забыты ў цяні васілёк”
На шчасце, у фондах радыё ёсць прафесійныя запісы поп-оперы “Максім”. Ёсць там і цудоўная песня Кацярыны Багданюк на верш Максіма Багдановіча “Не сердись на меня, тихий друг”, якую выконваў Валерый Дайнэка. Не так даўно Аляксандр Кацікаў напісаў шчымліва-пяшчотную песню “Сумна мне” на вершы класіка.
Песні на вершы Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”, “Вераніка”, “Зорка Вененра”, “Сумна мне” у выкананні “Беларускіх песняроў” цудоўна прымае расійская публіка і не адчувае ніякага моўнага бар’ера.
А вось нашы радыё ды тэлебачанне, падобна на тое, не зацікаўлены ў гучанні роднай мовы.
На жаль, не вялося прафесійнага запісу, а значыць не будзе трансляцыі па телебачанні мюзікла “Апокрыф”. Увогулле, гэта вялікая загадка: каб адзначыць 100 год з дня нараджэння Максіма Багдановіча знайшлося месца ў зале бібліятэкі Арганізаціі аб’яднаных нацый, а праз 20 год у роднай старонцы не знайшлося магчымасці арганізаваць трансляцыю канцэрта.
Між тым, не ўсе так абыякава ставіліся для юбілея Максіма Багдановіча. У магілеўскіх тралейбусах цэлы тыдзень гучаць песні на вершы Максіма Багдановіча. І значыць, “ты не згаснеш, ясная зорачка” Максіма і роднага беларускага слова.
Обсудим?