Выйшаў першы беларускамоўны альбом гурта Naka — «Мая малітва»
Гурт Naka выпусціў свой першы цалкам беларускамоўны альбом «Мая малітва». Праца над плыткай заняла амаль год, цягам якога каманда значна змяніла свой склад.
«З усіх выпрабаванняў мы выйшлі годна, сталі больш дарослымі па светаадчуванні, як пасля сапраўднай споведзі, больш узнёслыя і глыбокія, — кажа лідарка Naka Наста Шпакоўская. — Гэты альбом не супраціў ці даніна модзе на беларускасць. Ён пра любоў, душу і шчырасць. І гэта наш адказ на спробы «прыватызаваць» тое, што належыць усім, як, напрыклад, малітву».
У беларускамоўным альбоме калектыў па-новаму асэнсаваў верш Янкі Купалы «Мая малітва» і выканаў песню «Ты пакліч мяне» на верш паэткі Яўгеніі Янішчыц. Слухач знойдзе новыя версіі песень «Муза» на верш Алеся Плоткі і «Чакаем» у электронным гучанні. «Не адпускай» выкананая ўдвох са Стасам Мытнікам (Акute), а «Пра любоў» гучыць на трох мовах адразу — беларускай украінскай і рускай.
Канцэртная прэзентацыя альбому адбудзецца 8 сакавіка ў клубе Re: Public.
Обсудим?