Віка Трэнас. КРАІНА ПАЭТАЎ. Курс выжывання для маладога літаратара
Колькі патэнцыйных Нобелеўскіх лаўрэатаў сярод тых маладзёнаў, якія сёння робяць першыя няўпэўненыя крокі ў кірунку да сапраўднай літаратуры
Віка Трэнас (Вікторыя Ляйкоўская) нарадзілася ў 1984 г. у Мінску. Скончыла філалагічны факультэт БДУ (2007), вывучала філасофію і літаратуру ў Беларускім Калегіуме. Цяпер працуе рэдактарам аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». Піша на беларускай і рускай мовах. З вершамі, эсэістыкай, літаратурнай крытыкай выступае ў перыёдыцы з 2000 г. З’яўляецца літаратурным аглядальнікам інтэрнет-выдання «Новая Еўропа», супрацоўнічае з часопісамі «Паміж», «pARTisan», «Тэксты». Аўтар паэтычных кніг «Цуд канфіскаванага дзяцінства» (2005), «Экзістэнцыйны пейзаж» (2008). Творы перакладаліся на рускую, нямецкую, балгарскую і шведскую мовы. |
У XXI стагоддзі Беларусь па-ранейшаму застаецца краінай паэтаў: пра гэта сведчаць і з’яўленне на небасхіле беларускай паэзіі шматлікіх новых зорачак-талентаў (напрыклад, толькі ў літаратурным часопісе «Маладосць» за апошні год надрукаваліся болей за трыццаць дэбютантаў), і пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы (маюцца на ўвазе вялікія інфармацыйныя рэсурсы для моладзі, што паспяхова раскручваюцца ў прасторы байнэту), і актыўнае культурнае жыццё. Нягледзячы на гэта, умовы развіцця нашай літаратуры (так ужо гістарычна склалася) не вельмі спрыяюць таму, каб маладыя людзі, якія пішуць па-руску і асабліва па-беларуску, маглі паўнавартасна рэалізавацца ў нашай культурнай прасторы і, калі можна так выказацца, распавесці пра сябе ўсяму чытацкаму свету. Хто ведае, колькі патэнцыйных Нобелеўскіх лаўрэатаў сярод тых маладзёнаў, якія сёння робяць першыя няўпэўненыя крокі ў кірунку да сапраўднай літаратуры?
Працуючы ў літаратурным часопісе рэдактарам аддзела паэзіі, кожны дзень размаўляючы з аўтарамі — школьнікамі і студэнтамі, магу з пэўнасцю сказаць, што многія таленавітыя творцы-дэбютанты даволі слаба арыентуюцца ў сучасным літаратурным працэсе, не ведаюць, якім чынам можна знайсці шлях да чытача, і часцей за ўсё трапляюць у рэдакцыю абсалютна выпадкова, без усвядомленай мэты творчай самарэалізацыі. Зрэшты, зразумела: на постсавецкай прасторы пісьменнік — гэта не прафесія. Літаратура — для аднаго прызванне, для другога хобі, для трэцяга — лад мыслення, але фактычна ніхто не спрабуе пераадолець сфарміраваны шырокай грамадскасцю стэрэатып і сцвердзіць: «Я — прафесійны літаратар не толькі таму, што добра пішу, але і таму, што зарабляю творчасцю на жыццё».
Ёсць і яшчэ адна тэндэнцыя, якая павінна непакоіць старэйшае пакаленне: маладзёны прыносяць творы розных жанраў і на розных мовах, але аднолькава непісьменныя, прычым гэтая непісьменнасць мае масавы характар і праяўляецца як у лінгвістыцы, так і ў тэорыі літаратуры. Я цвёрда перакананая: сапраўдны літаратар павінен адрозніваць ямб ад харэя, раман ад аповесці і ведаць, што слова «калісьці» пішацца з мяккім знакам, бо мова — гэта рабочы інструмент як філолага, так і пісьменніка. Дарэчы, Інтэрнет адкрывае перад маладымі творцамі вялікія магчымасці для самарэалізацыі і адначасна спрыяе неахайнаму стаўленню да слова — напрыклад, у сацыяльных сетках кшталту Жывога Журнала маладзёны кантактуюць на дзіўнай сумесі некалькіх моваў і, канечне ж, не звяртаюць увагі на памылкі, ад чаго зніжаецца агульная моўная культура.
Кола праблем, звязаных з адкрыццём новых імёнаў і падтрымкай маладых талентаў, агульнымі пытаннямі не абмяжоўваецца. Калі параўноўваць шанцы на патэнцыйны поспех і «кар’ерны рост» пісьменнікаў-пачаткоўцаў, якія пішуць у рознай творчай манеры, то «выйсці ў людзі», атрымаць прызнанне сярод старэйшых пісьменнікаў адназначна прасцей пераемнікам класічных традыцый Купалы, Коласа, Багдановіча. На жаль, у масавай свядомасці да сяе пары існуе стэрэатып, згодна з якім нашая літаратура абмяжоўваецца дзвюма тэмамі — вайны і вёскі. Усё астатняе, па вялікім рахунку, альтэрнатыва і нефармат. Права на арыгінальнасць, на адметнасць мыслення і пісьма неабходна адмыслова даказаць. Дзякаваць Богу, за апошнія 15-20 гадоў прадстаўнікі авангарднага мастацтва (той жа былы культурніцкі рух Бум-Бам-Літ) зрабілі дастаткова многа, каб іх паслядоўнікам не прыйшлося вынаходзіць ровар, на якім яны могуць уехаць у браму, што адкрывае дарогу ў сур’ёзную літаратуру. Больш за тое, на мой погляд, авангардная, постмадэрнісцкая і постпостмадэрнісцкая літаратура, звернутая збольшага да элітарнага кола чытачоў (пра масавасць у нашай моўнай сітуацыі пакуль не варта казаць), якраз і ёсць той выратавальнай саломінкай, за якую мусіць ухапіцца беларуская інтэлігенцыя ў спадзеве на захаванне культурных каштоўнасцяў. Хоць гэта і гучыць парадаксальна, менавіта на выступах альтэрнатыўных пісьменнікаў збіраецца цікаўнай, цікавай і творчай моладзі нашмат больш, чым на афіцыйных святах паэзіі, прысвечаных нашым класікам. Менавіта яны, эстэтычныя маргіналы, праводзяць вялікія мерапрыемствы і літаратурныя конкурсы, выдаюць часопісы і засноўваюць выдавецтвы, адкрываюць і распрацоўваюць Інтэрнет-рэсурсы, вакол якіх гуртуецца беларускамоўная моладзь. І гэта факт.
Якія ж пытанні часцей за ўсё задаюць маладзёны, калі ўпершыню завітваюць у рэдакцыю літаратурнага выдання? Чым рэдактар можа ім дапамагчы? Паспрабуем акрэсліць самае важнае.
Дзе можна надрукавацца?
У спецыялізаваных выданнях: дзяржаўных (часопісы «Маладосць», «Полымя», «Нёман», газета «Літаратура і мастацтва»), прыватных (часопісы «Дзеяслоў», «Тэксты», «Паміж»), альтэрнатыўных (віртуальныя літаратурныя часопісы, блогі, аматарскія сайты, іншыя Інтэрнет-рэсурсы; самвыдат).
Як можна выдаць кнігу?
— падаць рукапіс на разгляд у дзяржаўнае выдавецтва «Мастацкая літаратура» (серыя «Дэбют»);
— выдаць зборнік за свой кошт у адным з прыватных выдавецтваў (і ў большасці выпадкаў атрымаць праблемы з распаўсюдам, бо часцяком увесь наклад аўтар атрымлівае на рукі; праўда, ёсць і прагрэсіўныя выдавецтвы, што гатовыя аказаць усебаковую падтрымку таленавітаму творцу);
— выпусціць кнігу самвыдатам. Рух Do It Yourself набывае ўсё большую папулярнасць. Да прыкладу, першы паэтычны зборнік віцебскай паэткі Волі Чайкоўскай пабачыў свет менавіта так і мае поспех сярод творчай моладзі, аматараў літаратуры. Самвыдатам пры жаданні можна выдаць і электронную кнігу, аўдыёкнігу.
Дзе выступаюць маладыя паэты?
У навучальных (школах, каледжах, ВНУ) і культурных (бібліятэках, музеях, мастацкіх галерэях) установах. На жаль, практыка літаратурных клубаў і кавярняў у нас не распаўсюджаная.
Дзе можна дазнацца пра акцыі і праекты маладых літаратараў?
У інтэрнеце, у блогах пісьменнікаў (напрыклад, vika-trenas.livejournal.com).
Думаецца, якой бы супярэчлівай і фрагментарнай не здавалася нам сённяшняя карціна свету, якім складаным не падавалася б далейшае развіццё нашай літаратуры, пакуль маладыя людзі пішуць лісты ў рэдакцыі часопісаў і задаюць такія пытанні, можна з пэўнасцю сказаць, што мы некалі дачакаемся Нобелеўскіх лаўрэатаў.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Обсудим?