Алесь Пашкевіч. ЛІТАРАТУРА І КРЭЙЗІС. Беларускія «Войны і міры»
Сённяшні беларускі літаратурны працэс – як разрэзаны яблык: абвастраецца падзел на “чэсных” і “нячэсных”, прагна шукае “месца пад сонцам” так званая руская літаратура Беларусі…
Алесь Пашкевіч. Пісьменнік, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў. Кандыдат філалагічных навук. Актыўна ўдзельнічаў у палітычнай кампаніі Аляксандра Казуліна, вясной 2006 года быў звольнены з пасады дацэнта на філалагічным факультэце БДУ. Аўтар кніг «Нябесная сірвента» (1994), «Пляц волі» (2001), рамана «Круг» (2006), літаратуразнаўчых манаграфій «Зваротныя дарогі» (2001) і «Канцэпцыя нацыянальнага быцця ў беларускай літаратуры» (2002). Яго вершы і проза перакладаліся на рускую, украінскую, польскую, літоўскую, балгарскую, англійскую і шведскую мовы. |
Кожная нацыянальная літаратура самадастатковая.
Кожны народ мае такую літаратуру, якую заслужыў.
І кожны народ мусіць мець літаратуру. Калі ён народ…
Думаецца, гэта – аксіёмы.
Літаратура і час – дзве роднасныя катэгорыі, якія вымяраюць і цэлыя эпохі, і асобныя жыцці. Не па гадах ці месяцах вымяраюцца чалавечыя дзеі ў гісторыі і ў вечнасці, а па вартасці зробленага, створанага. Беларуская літаратура выконвала і будзе выконваць найперш функцыю стваральную. Невыпадкова беларуская мова ў адзіны шэраг сабрала гэтыя словы: стваральны, творчасць, твор… Літаратура, роднае мастацкае слова павінна і ствараць, і аб’ядноўваць нацыю. А нацыя – ствараць літаратуру. Бо, у рэшце рэшт, па вялікім рахунку, літаратура – гэта і нацыянальная слава, і нацыянальны клопат, і нацыянальная ідэя.
Сённяшні беларускі літаратурны працэс – як разрэзаны яблык, як расколаты арэх. Па-першае: абвастраецца падзел на “чэсных” і “нячэсных”, “правільных” і “няправільных” пісьменнікаў – пасля стварэння “дзяржаўнага” пісьменніцкага саюза. Па-другое: прагна шукае “месца пад сонцам” так званая руская літаратура Беларусі, у пераважнай большасці графаманская плынь перапеваў расійскай класікі. І ўсяму гэтаму (“правільнаму” першаму і другому) аддадзеныя цяпер усе літаратурныя выданні, якія фінансуюцца з дзяржбюджэта. А да ўсяго – і сталічны Дом літаратара. І ідэалагічна-ўрадавая ўвага. І радыё з тэлебачаннем. І права судзіць – нават сваіх верных рэдактароў-штрэйбрэхераў. Так, нядаўна страціў пасаду галоўнага рэдактара штотыднёвіка “ЛіМ” Анатоль Казлоў, які адным з першых выйшаў са старэйшай творчай арганізацыі Беларусі – Саюза беларускіх пісьменнікаў, ды аказаўся непатрэбным і кіраўніцтву новага СП: за тое, што дазваляў згадваць у сваім выданні прозвішчы некаторых членаў СП “апальнага”, а зрэдку – нават і друкаваць іх… І “разбор палётаў” адбываўся не дзе-небудзь, а на пасяджэнні ў міністэрстве інфармацыі!.. Усёроўна як тыя “няўгодныя” аўтары пракажоныя ці дзяржаўныя тэрарысты… Урэшце, не такія ж падаткаплацельшчыкі…
2 кастрычніка на VII сустрэчы з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных СМІ ў Нацыянальнай бібліятэцы кіраўнік Беларусі раскрытыкаваў сучасных пісьменнікаў краіны. «Пришли ко мне писатели… “Не издают, не печатают…” – “Кто /из вас/ написал, – спрашиваю, – “Войну и мир”. Или хотя бы “Поднятую целину”? Ничего нет!.. Я ваши боевые листки издавать не буду!.. На бюджете содержать не буду».
Як ні парадаксальна, але гэтыя словы Аляксандра Рыгоравіча ў цяперашняй сітуацыі выглядаюць справядлівымі! Калі яны, натуральна, ужытыя ў адносінах да вышэйзгаданых «писателей», якія «сядзяць на бюджэце» (а гэта, нагадаем, заробкі апарата «правільнага» СП Беларусі, і плата за арэнду ім аграмадных плошчаў у Доме літаратара, і выданне іхніх жа кніг у дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура». І дзяржаўныя ды прэзідэнцкія прэміі. І шмат чаго іншага… А яны яшчэ да ўсяго – ходзяць чуткі – ажно некалькі кандыдатур на званне народных пісьменнікаў прадставілі ў Адміністрацыю Прэзідэнта!..
Дык вось і давайце аддзелім «мухі ад катлет». Што новага і знакамітага ў крызісны час, «седзячы на дзяржбюджэце», выдалі на гара тыя «правільныя» пісьменнікі?! Дзе іх «Война и мир»? Ці хаця б «Поднятая целина»!? Заснавалі сваю кніжную серыю – і павыдавалі кіраўнікоў СП… А некаторых расхвалілі да памеру Нобелеўскіх лаўрэатаў! Хоць на родных рускамоўных прасторах іхнія тэксты з вядомых прычынаў – і непатрэбныя, і невядомыя…
Ну а чым, спытаеце, «заслужылі ўвагі» літаратары, якія «не сядзяць на бюджэце»?
Пры неабходнасці не складана прапанаваць пералік у сотню напісаных (і выдадзеных) імі кніг паэзіі, прозы і драматургіі, пра якія б з гонарам марыла любая літаратура еўрапейскай краіны. Аднак абмяжуемся толькі сціплай згадкай пра асноўныя ідэйна-тэматычныя магістралы ў развіцці сучаснага беларускага мастацкага слова.
Першая і асноўная ў тым кантэксце – дзяржаватворная літаратура. Гэта на новым мастацкім узроўні працяг традыцый нацыянальнай літаратуры, яе актыўнай спрычыненасці да пабудовы незалежнай і самастойнай Беларусі. Сучасная дзяржаватворная літаратура адметная выразным асветніцкім і грамадзянскім пафасам. Яе асноўнае ядро – нацыянальная ідэя. Нашую дзяржаватворную літаратуру складаюць гістарычная проза і драматургія, грамадзянская паэзія, мемуарная і дакументальная проза. У апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў на першы план актыўна выйшлі аўтары гістарычных раманаў, аповесцяў, п’есаў: В. Іпатава, У. Арлоў, Л. Дайнека, Г. Далідовіч, Л. Рублеўская, А. Пашкевіч, К. Тарасаў, А. Петрашкевіч, А. Дудараў, іншыя. На “перадавой” – як і раней – сёння сотні публікацый грамадзянскай лірыкі. Літаральна ў кожнага паэта – ад Н. Гілевіча, Г. Бураўкіна, С. Законнікава, А. Каско да самых маладых дзяўчат-пачаткоўцаў…
Свайго росквіту дасягае і літаратура эстэтызму. Апяванню ідэалаў прыгожага, гарманічнага і ўзнёслага прысвячалі і прысвячаюць свае творы Р. Барадулін, У. Някляеў, Л. Дранько-Майсюк, Н. Мацяш, М. Скобла, Э. Акулін, А. Камоцкі, А. Данільчык і сотні іншых – у паэзіі, В. Карамазаў, А. Кудравец, А. Сямёнава, Ф. Сіўко, С.Рублеўскі і многія іншыя – у прозе.
Асобны магістрал у сучасным беларускім пісьменстве – літаратура катастрафізму, якая акцэнтуе ўвагу на глыбінных прыродных катаклізмах, нацыянальных, псіхалагічных, маральных, светапоглядных, цывілізацыйных зрушэннях. Тут і незагойная чарнобыльская тэма, і нядаўнія прарочыя аповесці ды прыпавесці В. Быкава, і аголена-наболеная проза В. Казько, і проза неадаптаванага М. Купрэева, і разважліва-пранікнёная проза Б. Пятровіча, і апакаліпсічна-вычувальныя публікацыі У. Сцяпана, Ю. Станкевіча, мудрага В. Мудрова, іншых. Прадчуваннем зямнога катастрафізму насычана і нашая паэзія: Л. Сом, В. Аксак, а таксама ледзь не ўсіх маладзейшых.
Сваю годную і запатрабаваную ў свеце нішу распрацоўвае ў сучаснасці і беларуская літаратура эксперыменталізму: творы А. Разанава, І. Сідарука, С. Кавалёва, дзесяткаў прынятых у Саюз беларускіх пісьменнікаў “бумбамлітаўцаў”, “шмэрцвэркаўцаў” і “постмадэрнаўцаў”: тэксты В. Бурлак, В. Жыбуля, іншых.
І яшчэ – пра «набалелае». Беларуская дзяржава траціць на падтрымку сучаснай беларускай літаратуры не нашмат больш, чым траціць на сваю дзейнасць які-кольвек – умоўна – хакейны клуб «Дынама “Смаргонь”» (натуральна, таксама не самаакупны). Не будзем ставіць пад сумнеў значнасць існавання падобных клубаў для фізічнай культуры Беларусі, а вось нашая культура духоўная без сучаснай літаратуры існаваць (тым больш развівацца) не можа. Апрыоры не можа! Затое (ужо калі час такі: крызіс-крэйзіс) прыбытку дае ў «спартыўнай канкурэнцыі» значна больш. Перакладаюць-друкуюць сучасных беларускіх літаратараў (заўважым, з СП «недзяржбюджэтнага») дзесяткамі – асобнымі кнігамі, сотнямі – у альманахах. У Швецыі, Фінляндыі, Літве, Польшчы, Германіі, Чэхіі, Аўстрыі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Балгарыі, Украіне, Расіі…
Зразумела, і грошы чужыя краіны на тое знаходзяць. А значыць, бачаць у тых тэкстах калі не «Войну и мир», дык «Мёртвым не баліць» ці «Чарнобыльскую малітву»… І радыя таму.
Дый не толькі яны радыя – а, спадзяюся, і беларускія чытачы.
Бо кожны народ мусіць мець літаратуру. Калі ён – народ…
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. |
Обсудим?