Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. “Беларусьфільм”
“Беларусьфільм” — несканчоны шлях кінастужкі, што мільгае белай па чорным разметкаю скрозь усю Беларусь.
Павел Севярынец. Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін. |
“Ідзі і глядзі”, “Альпійская балада”, “Знак бяды”, “Вазьму твой боль”, “Белыя росы”, “Я родам з дзяцінства”, “Людзі на балоце”, “Дзікае паляванне караля Стаха”...
Гэта вам не баевікі, трылеры ці блакбастэры. Гэта беларусьфільмы.
“Беларусьфільм”, легендарны “Партызанфільм” 1960-х і сённяшні канвеер танных расійскіх серыялаў, у ХХ стагоддзі зняў усю чорна-белую вайну й лепшыя каляровыя хіты савецкага маленства.
“Беларусьфільм” — несканчоны шлях кінастужкі, што мільгае белай па чорным разметкаю скрозь усю Беларусь. Змрочная партызанская вайна, быццам беларускі лес уздоўж дарогі — экранізацыі Быкава, Адамовіча, Брыля — праз пару кіламетраў мяняецца сонечнымі кадрамі шчаслівых дзіцячых успамінаў: “Прыгоды Бураціна”, “Чырвоны каптурок”, “Горад майстраў”... “Беларусьфільм” у сусветным кінематографе — унікальны прыём настолькі кантрастнага светлаценю.
Беларуская стужка апярэзвае па перымэтры ўвесь няісны СССР — менавіта на “Беларусьфільме” знялі грандыёзны савецкі серыял “Дзяржаўная мяжа”. І тут жа, побач з трыюмфам прапаганды, робіцца самая касавая карціна Перабудовы — “Мяне завуць Арлекіна”, якую паглядзела моладзь па ўсім саюзе — 42 мільёны чалавек!
Менавіта на гэтым “Беларусьфільме” пачыналі Дашук, Тураў, Рубінчык.
Тонкія псіхалагічныя грані, эпічная ўзнёсласьць, рытм чалавечага сэрца буйным планам, панарамы духоўных бітваў — спецэфэкты “Беларусьфільма”. У надзвычай глыбокай на прасвет беларусьфільмаўскай хроніцы праяўляюцца й накладаюцца да сінхрону ўсе архетыпы нашае гісторыі.
Сёння, у эпоху тэлевізацыі, кіно як галоўная культура здольнае выстаўляць нацыянальную ідэю ў эфір глыбамі. Таму менскі будынак саўковае класікі, што насупраць мэтро “Маскоўская”, для новай Беларусі мае не меншае значэнне, чым тэлефон, тэлеграф і банкі.
Будучы “Беларусьфільм” — фабрыка мрояў, якіх чакае ўся краіна.
Вялікія кінаэпапеі пра Полацкае княства, Грунвальд і Воршу, Залаты Век, пра беларусаў у Польшчы ды Расеі, геніяльных беларускіх эмігрантаў і духоўных лідэраў ВКЛ... “Вітаўт Вялікі”, “Беларуская Рэфармацыя”, “Кастусь Каліноўскі”, “Дарога праз Курапаты”, “Апошні паход на Маскву” — вось якія сусветныя хіты запраграмаваныя ў будучых сцэнарах “Беларусьфільма”.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Обсудим?