У назвах вуліц Мінск застаецца савецкім горадам
Пра што кажуць нам вуліцы сталіцы? Мы паважаем памяць пра Вялікую айчынную вайну і забываемся пра іншыя перыяды беларускай гісторыі...
Даследванне, якое прайшло пры падтрымцы фонда «Памяць, адказнасць, будучыня» (Германія) і Інстытута прыкладной гісторыі пры Еўрапейскім універсітэце Віадрына (Франкфурт-на-Одэры, Германія) выявіла, што калі параўнаць назвы вуліц Мінска, Кіева і Вільнюса, наш горад больш за іншых захаваў адббітак савецкасці.
Кандыдат сацыялагічных навук, супрацоўнік Інстытута сацыялогіі Нацыянальная акадэміі навук Аляксей Ластоўскі расказаў на прэзентацыі даследвання, што для параўнальнага аналізу гарадскога ландшафту трох сталіц было прааналізавана 875 назваў вуліц Вільнюса, 1372 — Кіева і 780 — Мінска.
Аляксей Ластоўскі падкрэсліў, што асаблівая ўвага звярталася на аналіз складу і прасторавага размеркавання ў гарадскім ландшафце пласту «Другая сусветная вайна». Сюды ўваходзілі назвы ў гонар герояў вайны, партызанаў, падпольшчыкаў і г.д. У пласт «Нацыянальная культура» ўвайшлі назвы ў гонар дзеячаў гісторыі ды культуры дасавецкага і савецкага перыяду. Быў яшчэ і «Каланіяльны пласт», куды даследчыкі ўключылі вуліцы, названыя ў гонар дзеячаў рускай і савецкай культуры.
Мінск, Кіеў і Вільнюс маюць агульнае савецкае мінулае і зараз з’яўляюцца сталіцамі самастойных дзяржаваў. Пры гэтым, падкрэсліў Аляксей Ластоўскі, Вільнюс ўсё ж такі меў значна меншы вопыт савецкай гісторыі ў параўнанні са сталіцамі Беларусі і Украіны.
Аўтары даследавання падкрэсліваюць — менавіта сталіцы для разумення змен у тапаніміке набываюць асаблівае занчэнне. Яны выступаюць як маніфестацыі палітычнай улады. «Сталіцы — гэта не толькі месцы канцэнтрацыі рознага роду капіталаў (палітычнага, эканамічнага, рэлігійнага, культурнага), — кажа галоўны рэдактар часопіса «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. — Яны выконваюць таксама важную функцыю сімвалічнай рэпрэзентацыі народу і краіны. Адпаведна, вобраз сталіцы кладзецца ў цэнтр сімвалічнай канфігурацыі нацыянальнай ідэнтычнасці, якая фарміруеццца ўладай».
Такім чынам, пра што кажуць нам вуліцы сталіцы? Мы паважаем памяць пра Вялікую айчынную вайну і забываемся пра іншыя перыяды беларускай гісторыі. У самым цэнтры ў Мінску — праспекты Партызанскі і Пераможцаў. Пры гэтым праспект Скарыны ўжо не існуе, затое ёсць вуліца Скарыны, вуліца Каліноўскага. І ўсё бы нічога, але ў назвах вуліц сталіцы дамінуюць руская гісторыя і культура.
канец 2008 г. | асобы | абстр. | усяго | % |
Другая сусветная вайна | 113 | 7 | 120 | 15,1 |
міжнародны камунізм | 9 | 10 | 19 | 2,4 |
савецкі камунізм | 44 | 8 | 52 | 6,5 |
беларускі камунізм (да WWII) | 19 | - | 19 | 2,4 |
беларускі камунізм (пасля WWII) | 9 | - | 9 | 1,1 |
беларуская культура і гісторыя (савецкі перыяд) | 36 | - | 36 | 4,5 |
беларуская культура і гісторыя (дасавецкі перыяд) | 24 | 1 | 25 | 3,1 |
руская гісторыя і культура | 68 | 2 | 70 | 8,8 |
савецкая гісторыя і культура | 10 | 1 | 11 | 1,4 |
геаграфічныя назвы (Беларусь) | - | 50 | 50 | 6,3 |
геаграфічныя назвы (Расія) | - | 25 | 25 | 3,1 |
геаграфічныя назвы (іншыя) | - | 17 | 17 | 2,1 |
прафесійныя групы | - | 40 | 40 | 5,0 |
фізічныя характарыстыкі | - | 64 | 64 | 8,1 |
адсылкі да мясцовых аб’ектаў | - | 121 | 121 | 15,2 |
дасавецкія назвы | 1 | 47 | 48 | 6,0 |
іншыя | 29 | 12 | 41 | 5,2 |
Калі звярнуцца да вуліц, названых імёнамі гістарычнх асобаў, высвятляецца, што асобы, датычныя да Другой сусветнай вайны, увекавечаны ў назвах 113 вуліц, да рускай культуры — 68, савецкага перыяду — 44. Беларуская культура выглядае больш сціпла: культура савецкага перыяду прадстаўлена ў 36 назвах, а дасавецкага перыяду — у 24.
Па звестках Андрэя Казакевіча, з 1990 года адбылося 121 перайменаванне мінскіх вуліц: «Шмат з іх былі звязаныя з тым, што вуліцы ў вёсках надбалі новую назву, бо ўвайшлі ў межы сталіцы. Гэта было вымушанае перайменаванне. Калі не ўлічваць такія выпадкі, то за гэты час гаворка можа ісці пра, літаральна, не больш дзесяці перайменаванняў у год. Напрыклад, у 1990 годзе новыя назвы атрымалі 5 вуліц, у 1997 — каля дзесяці».
Як імкненне да нацыянальнага можна ўспомніць, напрыклад, перайменаванне вуліцы Горкага ў вуліцу Багдановіча.
Безумоўна, лідарам апошняга дзесяцігоддзя па сапраўднаму перайменаванню з’яўляецца 2005 год, калі указам прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад 7 мая 2005 былі зменены назвы галоўных мінскіх праспектаў — Францыска Скарыны і Пятра Машэрава ў праспекты Незалежнасці і Пераможцаў.
Чым жа адрозніваюцца ад нас суседзі? Дацэнт Універсітэта Вітаўта Вялікага (Каунас, Літва) Раса Балачкайтэ падкрэслівае — назвы вуліц Вільнюса ніколі не былі так прасякнуты савецкім духам, як мінскія. Вільнюс увайшоў у склад СССР значна пазней сталіц Беларусі і Украіны, да таго ж перад самай вайной. У гэтым горадзе, дзе большасць назваў вуліц — гэта адлюстраванне літоўскай гісторыі, культуры, ёсць больш, чым у Мінску і Кіеве, назваў накштал вуліца Зорак, вуліца Ветра. Літоўцы пазбягалі палітыкі ў назвах, як маглі.
Што да Кіева, па ім савецкая гісторы прайшлася не менш, чым па Мінску. Прэ гэтым, там усё ж такі больш заўважны след нацыянальнай гісторыі. Магчыма, калісьці і мы навучымся паважаць сваю гісторыю, як літоўцы і украінцы.
Обсудим?