У Гомелі пахавалі жанчыну, якая ўчыніла спробу самаспалення
«Хачу, каб высьветлілі, хто вінаваты ў гэтай трагэдыі. Магчыма, нашыя тут вінаватыя», – генэральны дырэктар “Камінтэрну” на пахаванне сваёй працаўніцы.
19 чэвеня ў Гомелі хавалі прыбіральніцу экспэрымэнтальнага цэху ААТ «Камінтэрн», якая ўчыніла спробу самаспалення на прахадной гэтага прадпрыемства. Памерла яна на дзесяты дзень пасля надзвычайнага здарэння.
Развітанне з 55-гадовай жанчынай было нешматлюдным, ціхім і тужлівым. Абітую бэзавым бархатам труну нават не адчынялі, яна стаяла ў жалобным катафалку. На труну і клалі жывыя чырвоныя ружы ды ставілі побач жалобныя развітальныя вянкі. Лекары канстатавалі ў жанчыны пяцьдзесят працэнтаў апёкаў цела.
З пад’езду панэльнага шматпавярховіка выйшла суседка сталага веку, якую тут называюць Надзеяй:
«Добрыя жанчына была, спакойная, працавітая. Яна і на працу паспявала, і лецішча парадкавала сама, калі муж памёр. Дзве дачкі ў яе, двое ўнукаў. Вельмі станоўчая сям’я. З ёю ніколі ніякіх праблемаў не было. Яна ў двухпакаёвай кватэры жыла адна. Ніякіх шумных кампаній, ніякія ўзрушэнняў. Шкада, добрая суседка. Ня ўсе ведалі, што яна памерла. Я сама ў вакно ўгледзела катафалк і выйшла. І многія прыйшлі б. А так раз'ехаліся – хто на лецішча, хто яшчэ куды. А гэта ж такая бяда! Калі на працы яна ўчыніла самаспалентьне, то там і трэба шукаць канцы. Думаю, што на працы яе і давялі».
Ад «Камінтэрну» на пахаванне прыехалі каля дзесятка чалавек. Прыехалі з жывымі кветкамі.
«Для нас гэта нечуваная трагэдыя, – кажа прафсаюзная актывістка, якая назвалася Аленай. – Цяпер, мусіць, ніхто і не даведаецца, чаму яна так паступіла».
На прадпрыемстве адразу пасля таго, як ўранку 9 чэрвеня прыбіральшчыца экспэрымэнтальнага цэху выліла на сябе гаручую вадкасць і падпаліла вопратку, тлумачылі, што, маўляў, у жанчыны быў добры заробак і ўмовы працы. А расстроеная яна была нібыта з-за таго, што ёй у Расіі не пацвердзілі васемнаццаць гадоў стажу, дый мужа яна ня так даўно пахавала.
Пазней у мэдыях сталі з'яўляцца меркаванні ад сваякоў, што жанчына працавала ў «Камінтэрне» на паўтары стаўкі. Але палову стаўкі ў яе забралі, а жанчыне ў верасні на пенсію выпраўляцца.
У аддзеле кадраў «Камінтэрну» адмовіліся даваць які-небудзь каментар наконт працоўных дачыненняў прадпрыемства з памерлай прыбіральшчыцай. Зазначылі толькі, што яна мела з прадпрыемствам бестэрміновую працоўную дамову, а не часовы кантракт.
Генэральны дырэктар ААТ «Камінтэрн» Пётр Афончанка з жалем адазваўся на трагічнае здарэнне:
«Гэтай справай займаецца ўпраўленне Следчага камітэту. Яны будуць рабіць выснову. Паверце, я таксама хачу, каб высветлілі, хто вінаваты ў гэтай трагэдыі. Ці яна сама з прычыны хваробы, ці, магчыма, нашыя тут вінаватыя? Не магу даць канкрэтнай інфармацыі, бо яна будзе скажонай. А скажоная інфармацыя яшчэ горш за смерць. Яна была выдатнай працаўніцай. Я, калі б мог, на дзесяць гадоў з ёй заключыў кантракт».
Двое мужчын з пахавальнай каманды, якія прыехалі забіраць памерлую працаўніцу «Камінтэрну» ў апошні шлях, апавядаюць, што у цяперашнім жыцці людзі канцы з канцамі ня сточваюць. Дзвесце дзесяць рублёў пенсія ці крыху болей за амаль сорак гадоў працы — гэта жыццёвая драма для чалавека. Дый для працаўніка таксама, калі яму нечакана зразаюць заробак альбо пазбаўляюць даплаты, хай сабе і капейкавай.
«Мой знаёмы, — кажа маладзейны рабочы з пахавальнай каманды, — яму толькі 36 гадоў было, ступіў з дзявятага паверху — таксама развітаўся з жыццём. Мужчына, бацька дваіх дзяцей, бо пазбаўляўся працы. А тут — у пастку жанчына патрапіла. У дзяржаве трэба мяняць законы, каб аберагаць людзей, а ня віць з іх вяроўкі».
Чорны катафалк пасля непрацяглага маўклівага развітання, са слязамі на вачах сваякоў і горыччу ў позірках усіх, хто развітаўся з памерлай, ад’ехаў ад панэльнага шматпавярховіка на прыгарадныя могілкі. А дзверы пад’езду заставаліся адчыненымі, нібы чакалі 55-гадовую працаўніцу «Камінтэрну», якая, на вялікі жаль, сюды ўжо ніколі ня вернецца.
Обсудим?