Пяты фестываль AD.NAK! — падзея глакальнага маштабу!
Сёння беларускамоўная рэклама робіцца адным з трэндаў!
Пяты фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! годна адзначыў свой першы юбілей. Фестывальны дзень адбыўся 25 чэрвеня ў Мінску ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў (IBB).
Пяты фестываль AD.NAK! традыцыйна падвёў вынікі развіцця беларускамоўнага рэкламна-камунікацыйнага рынку за год, вызначыў найлепшых, а таксама ўзмацніў сусветны трэнд: калі ты хочаш быць заўважным, заўважаным і паважаным, трэба дбаць пра сваё, абапіраючыся на нацыянальнае, ментальнае. Тады ты паспяховы, тады ты — сучасны, ты — адметны! Асноўная ідэя, якую нясе фестываль сёлета — “Думай глабальна — дзейнічай лакальна!”, таму слоган фестывалю — “Трэба так! Дбай пра сваё — не прагадаеш!”.
Урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў папярэднічала насычаная адукацыйная праграма, у межах якой прайшлі семінары і майстар-класы вядомых экспертаў у рэкламна-камунікацыйнай сферы.
На конкурсную праграму фестывалю AD.NAK!-2014 было пададзена болей за 400 заявак амаль ад 200 удзельнікаў, што дэманструе як устойлівае развіццё беларускамоўнага рэкламнага рынку, так і ўздым цікавасці да ўдзелу ў фестывалі з боку маладых прафесійных рэкламістаў.
Да прыкладу, у 2013 годзе было пададзена 314 заявак ад 105 удзельнікаў, у 2012 годзе — 330 заявак ад 110 удзельнікаў, у 2011 годзе — 272 заяўкі ад 100 удзельнікаў, а ў 2010 годзе — 105 заявак ад 59 удзельнікаў.
У гэтым годзе было прысуджана ажно 6 Гран-пры (у мінулым годзе — 2), 17 першых месцаў (6 у мінулым годзе), 33 другія месцы і 41 трэцяе.
Самую вялікую колькасць заявак сабрала намінацыя “Графічны і камунікацыйны дызайн” — больш за 130. На другім месцы — “Сацыяльная рэклама”: было пададзена 43 работы. Упэўненае трэцяе месца ў “Інтэрактыўнай рэкламы” — 37 работ.
Сярод намінацый, у якіх не было больш дробнага дзялення на паднамінацыі, безумоўны лідар — “Беларускаарыентаваны рэкламны і камунікацыйны праект”: 32 заяўкі. У гэтым годзе журы аднагалосна адзначыла высокую якасць і значнасць пададзеных у гэтую намінацыю работ — 20 з іх увайшлі ў шорт-ліст, а 7 сталі пераможцамі. 26 работ было пададзена ў намінацыю “Грамадсказначныя праекты”. Сябры журы адзначаюць, што пераважная колькасць з іх — праекты, скіраваныя на прасоўванне беларускай мовы.
На жаль, ніводнай работы не было пададзена ў намінацыю “Маркетынгавая эфектыўнасць”, толькі некалькі — у “Радыёрэкламу”, “Рэкламныя кампаніі” ды “Інавацыі”.
Частка фестывальных конкурсаў сёлета прайшла ў новым фармаце — воркшоп. У гэтым фармаце пад кіраўніцтвам прафесійных куратараў удзельнікам прапанавалася стварыць вонкавую і друкаваную рэкламы на злабадзённыя тэмы — супраць распаўсюду і ўжывання моладдзю сінтэтычных наркотыкаў (AD.NAK! СУПРАЦЬ DRUGS) і дзеля папулярызацыі безнаяўных разлікаў у краіне (ПЛАЦІМ БЕЗНАЯЎНА). У гэтым жа фармаце прайшоў конкурс ІНФАГРАФУЙ ГІСТОРЫЮ AD.NAK!, у межах якога канкурсанты рабілі сучасную інфаграфіку. Агулам тры воркшопы сабралі больш за 70 удзельнікаў.
Арганізатары AD.NAK! адзначаюць уплыў фестывалю на рэкламны рынак — сёння беларускамоўная рэклама робіцца адным з трэндаў!
Суарганізатар фестывалю AD.NAK! Ніна Шыдлоўская: нацыянальная адметнасць — гэта тое, на чым робіцца пазнавальнасць і прыцягальнасць любой кампаніі |
Напярэдадні падзеі партнёр фестывалю кампанія МАСМІ зрабіла маркетынгавае даследаванне на просьбу кампаніі “Будзьма беларусамі!”, прысвечанае выкарыстанню беларускай мовы. 56% беларусаў пазітыўна ацэньваюць наяўнасць беларускай мовы ў рэкламе, крыху болей — 60% — падтрымалі мову ў афармленні гарадоў і вітрынаў, што дэманструе ўстойлівую тэндэнцыю. Нагадаем, тыя ж лічбы ў 2012 годзе дэманстравала апытанне лабараторыі “Новак”.
Вынікі сёлетняга фестывалю сведчаць, што гэты трэнд не застаўся па-за ўвагай рэкламістаў. Шмат таленавітых прафесіяналаў уцягваецца ў працэс развіцця беларускамоўнай рэкламы. Але па-ранейшаму існуюць праблемы з падыходам да беларускай рэкламы, у ёй не хапае ментальнай дакладнасці — часам рэкламісты валошкамі і нацыянальнымі арнаментамі падмяняюць сутнасць беларускага характару.
Такім чынам, арганізатары фестывалю AD.NAK! адзначаюць: будучыня беларускай рэкламы — у пошуку гарманічнага спалучэння сучаснасці і традыцыі. А дадзеныя сацыялагічных даследаванняў, уздым цікавасці рэкламістаў да ўдзелу ў Фестывалі і вынікі Пятага AD.NAK! паказваюць яго вялікі патэнцыял і шырокія межы для развіцця.
♦ Азнаёміцца з працамі пераможцаў можна на сайце фестывалю.
Обсудим?