AD.NAK! 2015. Годны шлях рэкламіста

Стартуе ўжо шосты фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! З 20 красавіка да 1 чэрвеня будзе адкрыты прыём працаў ад удзельнікаў фестывалю...

16 красавіка стартуе ўжо шосты фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! З 20 красавіка да 1 чэрвеня будзе адкрыты прыём працаў ад удзельнікаў фестывалю, а цырымонія ўзнагароджання пройдзе 2 ліпеня у Мінску. Як заўсёды, удзел у фестывалі бясплатны.

Кожны год фестываль прадукуе новую ідэю, звяртае ўвагу грамадскасці на розныя актуальныя пытанні камунікацыі і рэкламы. Асноўная канцэпцыя сёлетняга шостага AD.NAK! — “Годны шлях рэкламіста”.

На думку каардынатара кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніны Шыдлоўскай, фестываль ужо прайшоў пэўны шлях і стаў актуальнай з’явай беларускага жыцця, таму надышоў час звярнуць увагу на асобу стваральніка рэкламы.

“Рэкламны і — шырэй — культурніцкі прадукт робяць канкрэтныя людзі. Ад іх майстэрства, каштоўнасцяў і светапогляду залежыць шмат. Таму ў цэнтры ўвагі сёлетняга фестывалю — асоба самога стваральніка. Кожны рэкламіст праходзіць свой індывідуальны шлях да поспеху, да ўнікальнай ідэі. Спачатку — пошукі і сумневы, потым — канцэпцыя і ў выніку — вось ён, працоўны варыянт. Такі шлях праходзіць цяпер і нашая рэклама: ад нясмелых спробаў, сумневаў, ці варта рэкламавацца па-беларуску, да таго самага моманту, калі ты не баішся на поўны голас заявіць пра сябе як пра стваральніка беларускай рэкламы”.

Шосты феcтываль AD.NAK! запрашае рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў аб’яднаць свае намаганні і дапамагчы беларускамоўнай рэкламе прайсці гэты шлях: ад нерашучай коскі да значнага і ўпэўненага клічніка!

Генеральным партнёрам фестывалю другі год запар выступіла кампанія velcom. Дзякуючы такой падтрымцы фестываль, як заўсёды, пройдзе на высокім арганізацыйным узроўні, а пераможцы атрымаюць адметныя ўзнагароды.

Прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах шостага фестывалю AD.NAK! пачынаецца 16 красавіка. Дэдлайн прыёму работ прызначаны на 1 чэрвеня. А фінальная частка фестывалю — урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адукацыйнай праграмай — пройдзе 2 ліпеня ў Мінску.

Як адзначыў Сяргей Скараход, кіраўнік рэсурса marketing.by і пастаянны партнёр кампаніі “Будзьма беларусамі!” ў правядзенні фестывалю, “мы штогод сочым за актуальнымі тэндэнцыямі і сусветнымі трэндамі рэкламнай і камунікацыйнай галіны. Улічваючы іх, мы дапоўнілі і абнавілі намінацыі і конкурсы, а новы сайт фестывалю сёлета дазваляе канкурсантам максімальна зручна аформіць і падаць работу. Асноўны акцэнт пры падачы работ на сайце зроблены на якасць іх афармлення. Удзельнікам прапанаваныя стандарты і ўзоры падачы. Спадзяемся, што сёлетняе новаўвядзенне дазволіць удзельнікам карэктна данесці ідэі сваіх праектаў, а сябрам журы — аб'ектыўна ацаніць працы канкурсантаў”.

Падчас традыцыйнай (як і штогод, адметнай) адукацыйнай праграмы арганізатары шостага AD.NAK! вырашылі трымацца сусветных тэндэнцый і выйсці за межы рэкламнай галіны.

У гэтым годзе акрамя рэкламістаў спікерамі на адукацыйнай праграме будуць вядомыя літаратары, творцы і фатографы з Беларусі, Францыі і Літвы. Разам з удзельнікамі яны паразважаюць пра свет вакол нас, у якім мы ўсе разам мусім ствараць і ісці сваім годным шляхам.