Піпі Доўгаяпанчоха: а цяпер будзем печы блінечы!
Кніга Астрыд Ліндгрэн пра самую моцную дзяўчыну ў свеце з’явіцца па-беларуску з арыгінальнымі малюнкамі...
Не паспеў вывучыць беларускую мову Карлсан-з-даху, як Піпі Доўгаяпанчоха, самая моцная дзяўчынка ў свеце, таксама загаварыла на мове. Беларуская будзе 64-й мовай, якой валодае гераіня кнігі шведскай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн.
У студзені 2008 года з нагоды 100-годдзя Астрыд Ліндгрэн у незалежным выдавецтве «Колас» выйдзе беларускі пераклад самай папулярнай яе кнігі «Піпі Доўгаяпанчоха» (руская назва — «Пеппи Длинныйчулок»). Выданне рыхтуецца ў аўтарскім перакладзе са шведскай Дзмітрыя Плакса, рэдактар — Юрась Бушлякоў.
«Піпі Доўгаяпанчоха» выйдзе у цвердай вокладцы, з арыгінальнымі чорна-белымі ілюстрацыямі дацкай мастачкі Інгрыд Ванг Нюман, якая працавала над імі сумесна з аўтаркай кнігі. Правы на першае выданне кніжкі ў 1945 годзе былі атрыманы ад праваўладальніка — сямейнай фірмы сваякоў і нашчадкаў Астрыд Ліндгрэн «Сальткрокан».
Перакдачык, рэдактар беларускай праграмы «Радые Швецыя» Дзмітры Плакс кажа, што праца над кнігай была складанай — у творы шмат каламбураў, моўных гульняў, ідыёмаў, стылістычных асаблівасцяў. Ён таксама адзначыў, што вельмі дапамагала знаходжанне ў шведскім моўным асяроддзі.
Імя рудой гарэзніцы Плакс пакінуў арыгінальным, шведскім. На думку перакладчыка, паколькі націск падае на першы склад, канатацыйна імя звязана хутчэй з піскам мышаня ці птушаня. Дарэчы, Піпі клічуць гэтак не толькі на радзіме, але амаль па ўсёй Еўропе.
У беларускамоўнай версіі Піпі жыве на Віле Кавардакуле, якая на-руску гучала як «Вилла Курица». «Шведская назва дакладна не перакладаецца, але гучыць як «нешта перагорнутае, да гары нагамі», — патлумачыў свой выбар журналіст і перакладчык.
Ініцыятар і каардынатар праекта Аляксандра Макавік падзялілася з «Беларускімі навінамі», што беларуская Піпі, перекладзеная са шведскай у наш час, іншая за тую, якая з’явілася ў савецкія часы па-руску. Напрыклад, антыпедагагічныя захады Піпі па ўжыванні ў ежу мухамораў раней былі зменены супрацлегымі: дзяўчына іх знішчала. У беларускай кніжцы ўсё як у арыгінале.
Выдавец Зміцер Колас веў перамовы з «Белкнігай», каб Піпі можна было набыць у кнігарнях па ўсёй рэспубліцы. Ініцыятар праекту спадзяецца, што выданне будзе запатрабавана у школах. Распаўсюджванню кнігі ў сеняшней моўнай сітуацыі можа садзейнічаць тая акалічнасць, што яна перакладзена на афіцыйную беларускую мову, так званую наркамаўку.
Аляксандра Макавік спадзяецца, што прыгоды Піпі па-беларуску адной кніжкай не скончацца, бо гэта трылогія. У 1945 і 1946 гг. пабачылі свет «Pippi Långstrump» (руск. «Пеппи поселяется в вилле «Курица») і «Pippi Långstrump går ombord» (руск. «Пеппи собирается в путь»). У 1979 годзе выйшла «Pippi Långstrump har julgransplundring» (Піпі арганізуе ёлку), якая на рускую мову не перакладалася.
Каардынатар праекта падкрэсліла, што вельмі задаволена «дакладным, творчым» перакладам Дзмітрыя Плакса і спадзяецца, што супрацоўніцтва будзе працягнута.
Аляксандра Макавік таксама звярнула ўвагу, што днямі з’явіўся беларускамоўны «Малы і Карлсан-з-даху» ў перакладзе Юрася Жалезкі, рэдактар — Лявон Баршчэўскі. Кніга аздоблена малюнкамі Марыны Рудзько. Афіцыйная прэзэнтацыя кнігі адбудзецца праз некалькі тыдняў, паведамляе «Наша ніва».
Выкарыстаны фота з афіцыйнага сайту Астрыд Ліндгрэн
Обсудим?