Беларуская кніга ўпершыню перакладзена на шведскую мову
Да гэтага моманту ўсе пераклады ажыццяўляліся праз мову-пасрэдніка…
Шведска-беларускія літаратурныя кантакты ў гэтым годзе сталі вельмі шчыльнымі. Яшчэ 10 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы быў прэзентаваны бэстсэлер шведскай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн «Піпі Доўгаяпанхоча», перакладзены для беларускіх дзетак. Беларуская мова стала 64-й, на якой убачыла свет гэта кніга. «Другім бацькам» гэтага перакладу ў прэсе тады быў ахрышчаны амбасадар Швецыі у Мінску Стэфан Эрыксан, а на прэзентацыю ў Мінск прыязджала дачка пісьменніцы Карын Нюман.
Пераклад са шведскай ўлюбёнага дзіцячага чытва зрабіў беларускі мастак і супрацоўнік беларускай службы Радыё «Швецыя» Зміцер Плакс. Вынік сваёй працы перакладчык прадставіў экспертнаму журы, у склад якога ўвайшлі маленькі сын Плакса і пісьменнік Барыс Пятровіч. Цяпер кнігу могуць чытаць усе беларускія дзеці і знаёміцца з культавай казачнай гераіняй Швецыі на роднай мове.
Спробы прымусіць беларускую літаратуру загучаць па-шведску рабіліся ўжо неаднаразова. Сам Стэфан Эрыксан не раз перакладаў і песні, і апавяданні. Прыкладам, напярэдадні канцэрту N.R.M. у Стакгольме ён пераклаў для шведаў некаторыя самыя вядомыя песні гурта, і Быкаў па-шведску загучаў таксама ў яго перакладзе. Праўда, праца гэта нялёгкая найперш з-за адсутнасці беларуска-шведскага слоўніка. Таму раней усе пераклады з беларускай ажыццяўляліся толькі праз трэцюю мову — англійскую ці рускую.
Зусім нядаўна свет пабачыў новы праект — гэта першы пераклад кнігі з беларускай мовы непасрэдна на шведскую. Выбраныя творы з кнігі «Жыць не страшна. Фрэскі» Барыса Пятровіча выйшлі па-шведску ў кнізе «Фрэскі» (Fresker. Rámus förlag, Malmö, 2008). Аўтарам перакладу ізноў выступіў Зміцер Плакс.
Твор для працы Плакс сам сабе не выбіраў, тут існуе замоўца — шведскае выдавецтва, якое зацікавілася менавіта творчасцю Барыса Пятровіча. Праўда, перакладчык у значнай ступені паўплываў на такі выбар.
— Я пераклаў некалькі апавяданняў Барыса, і яны выходзілі ў шведскіх часопісах два гады таму. А выдаўцы адсочваюць, што і дзе з’яўляецца, чытаюць прэсу, — тлумачыць Плакс.
Перакладаць кнігу на шведскую мову не было складана, хаця, вядома, справа ішла б весялей, калі б быў слоўнік.
— Паміж нашымі мовамі нават правілаў транскрыпцыі не распрацавана, — адзначае перакладчык.
Плакс кажа, што шведы не ведаюць беларускай літаратуры, да гэтага выдання па-шведску ў іх была нагода пачытаць толькі Васіля Быкава і Святлану Алексіевіч.
— Вось дзве тэмы, якія прадстаўляюць чытачу нашу Радзіму, — вайна і Чарнобыль. А ў кароткіх апавяданнях Барыса Пятровіча яны не закранаюцца. Там няма важных падзей, затое ёсць пачуцці, унутраны свет. Гэта вельмі істотна, гэта рэчы, якія аб’ядноўваюць усіх, незалежна ад нацыянальнасці.
Кніга накладам крыху менш за тысячу асобнікаў будзе прэзентавана ў Стакгольме 20 кастрычніка, а «дзень рэцэнзіі», калі выданне выходзіць на рынак, запланаваны на лістапад.
Беларуска-шведскія кантакты не абмяжоўваюцца толькі культурніцкім абменам. Нагадаем, адкрыццё паўнавартаснага шведскага пасольства ў Мінску мела адбыцца напрыканцы гэтага году, але пакуль што было адкладзена па фінансавых прычынах. Тым не менш, трэба спяшацца, каб, прыязджаючы ў Швецыю, беларусы былі там ужо крыху больш знаёмымі, і не абавязкова сваімі трагедыямі і роспаччу.
Обсудим?