Алесь Петрашкевіч — натхняльнік «Памяці»

Ён быў адным са стваральнікаў “Беларускай энцыклапедыі”, разам з народным паэтам Беларусі Пятрусём Броўкай стаяў, як кажуць, ля яе вытокаў…

 

Дзевяць дзён прайшло з таго дня, як пакінуў гэты свет беларускі пісьменнік, драматург і вядомы энцыклапедыст Алесь Лявонавіч Петрашкевіч. Яго былы калега па энцыклапедычнай справе, галоўны рэдактар выдавецкага дома “Беларуская навука” Георгій Кісялёў успамінае:

Алесь Петрашкевіч (справа) і Георгій Кісялёў на традыцыйнай сустрэчы энцыклапедыстаў Беларусі і Прыбалтыкі. Латвія, чэрвень 1986 г.

— Алесь Петрашкевіч быў адным са стваральнікаў “Беларускай энцыклапедыі”, разам з народным паэтам Беларусі Пятрусём Броўкай стаяў, як кажуць, ля яе вытокаў. Захавалася фота, на якім адказны сакратар Беларускай Савецкай Энцыклапедыі Алесь Петрашкевіч, як сапраўдны прараб, стаіць на краі катлавана і кіруе будаўнічымі работамі на месцы ўзвядзення пяціпавярховага будынку Галоўнай рэдакцыі БелСЭ на вул. Акадэмічнай, 15 а. Таго самага будынку, які у цяперашніх энцыклапедыстаў у пачатку 2000-х забралі пад гаспадарчы суд Мінска. У канцы 1960-х —1970-х гг. Петрашкевіч працаваў у ЦК КПБ памочнікам першага сакратара ЦК, рэктарам Мінскага інстытута культуры, потым зноў у ЦК КПБ загадчыкам аддзела культуры. У 1979 г. Алесь Лявонавіч зноў вярнуўся на энцыклапедычную працу ў якасці намесніка галоўнага рэдактара. Гэта было, як ён сам любіў гаварыць, яго “другое прышэсце ў БелСЭ”, якое расцягнулася на 12 гадоў. Гэта быў час новых цікавых энцыклапедычных выданняў, якія стваралі гонар беларускай кнігавыдавецкай справе. Назавем толькі некаторыя з іх: 5-томныя “Энцыклапедыя прыроды Беларусі” і “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі”, 7-томны Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, энцыклапедычныя даведнікі “Янка Купала” і “Францыск Скарына”, факсімільныя выданні “Бібліі” Ф. Скарыны і “Статута Вялікага княства Літоўскага” і інш. Многія з гэтых выданняў выйшлі дзякуючы ініцыятыве Алеся Петрашкевіча, яго ўменню генерыраваць ідэі, скарыстоўваць творчы патэнцыял калег і арганізоўваць калектыў на рэалізацыю задуманых праектаў. Гэты перыяд тагачасныя энцыклапедысты ўспамінаюць не іначай як залатыя гады беларускай энцыклапедыі.

Хочацца расказаць пра яшчэ адну вялікую справу, ідэйным кіраўніком і натхняльнікам якой быў Алесь Петрашкевіч. Гэта выданне амаль 150-томнай гісторыка-дакументальнай хронікі гарадоў і раёнаў “Памяць”. Ідэю выдання такой працы, ўхваленую дарэчы П. М. Машэравым, ён прынёс у Беларускую энцыклапедыю ў канцы 1970-х гадоў. Недзе перад навагоднімі святамі ў канцы 1979 г. Алесь Лявонавіч запрасіў мяне, тады навуковага рэдактара, які карпеў над артыкуламі пра брычкі, біклагі, бліны і на іншыя этнаграфічныя і фальклорныя тэмы, да сябе ў кабінет і прапанаваў узначаліць новую рэдакцыю, якая будзе працаваць над шматтомным выданнем Летапісу народнай славы раёнаў Беларусі. Ён вельмі доўга і так палымяна і пераканаўча расказваў мне пра гэту ідэю, што, нягледзячы на перашапачатковы скептыцызм, які ў мяне прысутнічаў адносна гэтага праекту, я пагадзіўся. Ад таго часу больш за 20 гадоў мы былі з ім “летапісцамі”, як жартаўліва напачатку называлі нас калегі, і аднадумцамі. Праца ішла нялёгка. Пасля гібелі Машэрава даводзілася па новай адстойваць на самых вярхах улады ідэю выдання і даказваць яе жыццяздольнасць. Неяк вясной 1981 года, калі быў падрыхтаваны першы том Летапісу, прысвечаны Шумілінскаму раёну, тагачасны галоўны рэдактар БелСЭ народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін прывёз з Масквы, з ЦК КПСС, “параду” устрымацца ад выдання, бо нават Расійская Федэрацыя не мае сваёй энцыклапедыі, а беларусы збіраюцца выдаваць ужо раённыя. На што Алесь Лявонавіч мудра заўважыў: “Што ж, рэдакцыю мусім распусціць, але працу спыняць не будзем. Час пакажа”.

Алесь Петрашкевіч выступае на прэзентацыі кнігі “Памяць. Бярозаўскі раён” у раённым доме культуры Бярозы. Побач з ім сядзіць паэтэса Ніна Мацяш. Канец 1988 г.

І час паказаў яго правату: паралельна з энцыклапедычнымі напрацоўкамі вяліся работы і над новым выданнем: дапрацоўваўся першы том, збіраліся матэрыялы для наступных. З лёгкай рукі Віталя Скалабана, майго калегі па энцыклапедыі, з’явілася і новая назва —“Памяць”. У 1984 г. да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў выйшаў першы том хронікі “Памяць” — Шумілінскі раён. Кніга была добра ўспрынята грамадскасцю, атрымала Дыплом ВДНГ БССР, было шмат водгукаў у друку. Пасыпаліся заяўкі ад раёнаў на выданне іх хронік. Помню, як аднойчы Алесь Лявонавіч прапанаваў нашай рэдакцыі паехаць на некалькі дзён на яго радзіму, Талачыншчыну, каб самім прычасціцца да збору матэрыялаў да новай кнігі, растлумачыць мясцовым краязнаўцам, якіх матэрыялаў мы чакаем ад іх. І вось такая экспедыцыя адбылася. Алесь Лявонавіч пасадзіў мяне і яшчэ траіх рэдактарак у сваю “Волгу”, і мы накіраваліся на Талачыншчыну. Увесь час ён нам расказваў пра сваю радзіму, цікавыя і займальныя факты з жыцця, у тым ліку яго творчага, драматургічнага. Расказчык ён быў ад Бога, слухаць яго было цікава, і дарогу мы адолелі тады амаль незаўважна.

Першыя кнігі “Памяць” рабіліся выключна энцыклапедыстамі. Па ходу распрацоўвалася і ўдасканальвалася структура кніг, усё больш месца адводзілася ў іх старажытнай гісторыі, народнай культуры. Падрыхтоўка рукапісаў займала шмат часу, да пачатку 1990-х гадоў свет пабачылі толькі пяць хронік. Алесь Лявонавіч добра разумеў, што справу трэба пераводзіць на агульнарэспубліканскія рэйкі. З яго падачы і пры яго ўдзеле была падрыхтавана пастанова ЦК КПБ аб выданні кніг серыі “Памяць”, паводле якой да працы павінны былі падключацца дзяржаўныя выдавецтвы.

У 1991г. пры Дзяржкамдруку Беларусі быў створаны арганізацыйна-метадычны цэнтр па выданні гісторыка-дакументальных хронік “Памяць”, які узначаліў Алесь Лявонавіч. Пры яго непасрэдным удзеле была ўдасканалена і зацверджана канцэпцыя выдання, новае серыйнае афармленне. Выйшлі першыя тамы ў іншых выдавецтвах. Зноў, як і калісьці, прыходзілася даказваць некаторым чыноўнікам ад выдавецкай справы мэтазгоднасць і неабходнасць менавіта такіх кніг “Памяць”, а не толькі спісаў загінуўшых у час вайны (былі такія прапановы абмежавацца толькі мемарыяльнай часткай хронік). Петрашкевіч, разумеючы, што некаторым не дакажаш сваю правату, зрабіў інакш — звярнуўся з пісьмом да старшынь райвыканкомаў, маўляў, ёсць такая прапанова. У адказ Дзяржкамдрук стаў атрымліваць катэгарычныя пісьмы за подпісамі кіраўнікоў раёнаў, што ім патрэбны паўнавартасныя гісторыка-дакументальныя хронікі, з навуковымі нарысамі і дакументамі пра шматвяковую гісторыю роднага краю. На гэтым і скончылася.

Больш ніхто не спрабаваў правесці рэвізію выдання. Алесь Лявонавіч кіраваў цэнтрам да 1998 г. Але і пасля гэтага мы не раз абмяркоўвалі нашыя справы, ён быў рады даць нам параду і прыняць ад нас цікавыя, падчас трагічныя факты з хронік, над якімі мы працавалі, каб скарыстаць іх у сваіх будучых п’есах.

У пачатку мая 2005 г. афіцыйна было аб’яўлена аб паспяховым завяршэнні выдання амаль 150-томна гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць”. Мы сабраліся той самай першай рэдакцыяй, што пачынала гэту серыю, і наведалі Алеся Лявонавіча дома, тым больш, што была яшчэ адна нагода — яго 75-годдзе. Гэта быў незабыўны вечар. Вечар з цудоўным, добрым чалавекам, высокаадукаваным і інтэлігентным (я ніколі не чуў, каб ён звяртаўся да каго-небудзь з падначаленых на “ты”), чалавекам, які ўмеў бачыць у сваіх падначаленых перш за ўсё калег, аднадумцаў і нават сяброў, нягледзячы на розны ўзрост. Такім ён і застанецца ў нашай памяці…