Пісьменнікі адправілі стол Караткевіча ў палёт
Уладальнік стала вырашыў аддаць яго ў добрыя рукі...
Уладальнік літаратурнай рэліквіі — пісьмовага стала Уладзіміра Караткевіча — пісьменнік і выдавец Адам Глобус вырашыў аддаць яго ў добрыя рукі. Ён размясціў абвестку ў інтэрнэце і стаў чакаць. Ахвотных даць прытулак сталу класіка знайшлося шмат — прапанова выклікала сапраўдны ажыятаж. Але Глобус вырашыў аддаць стол, за якім яго бацька Вячаслаў Адамчык пісаў свае знакамітыя дзённікі, у, бадай, самыя надзейныя рукі — мінскую кнігарню «Логвінаў».
Арт-дырэктар кнігарні Павел Касцюкевіч падумаў, што някепска было б зладзіць фестываль, прысвечаны пісьмоваму сталу і разам з тым творам Караткевіча. Фестываль вырашана было назваць паэтычна і ўзнёсла: «Лятучы стол Караткевіча». Вечарам 6 лістапада ў сціплым памяшканні кнігарні адбылася першая вечарына фестываля, які абяцае аматарам творчасці Уладзіміра Караткевіча цікавыя мерапрыемствы да самага снежня.
Напаўбалаганны фестываль
За гэтым пісьмовым сталом Уладзімір Караткевіч напісаў свае знакамітыя раманы «Каласы пад сярпом тваім» і «Чорны замак Альшанскі». Некаторыя ўдзельнікі адкрыцця фэсту пасля таго, як паважаныя пісьменнікі і барды адгаварылі-адспявалі, падыходзілі да стала класіка, мацалі яго, гладзілі, разглядалі.
Відаць, яны павяліся на словы вядучага вечара паэта Андрэя Хадановіча, які ўзяў прысутных «на понт», прамовіўшы: «Хай тыя, хто маюць літаратурныя амбіцыі, пасядзяць за гэтым сталом. Можа, яны здолеюць напісаць «Чорны замак Альшанскі» ці верш «Заяц варыць піва» ці хаця б казку, якія так любіў Караткевіч…»
Арганізатары фестываля парупіліся аб тым, каб чытачам было цікава. Яны сумясцілі паэтычныя і музычныя формы з тэатралізаванымі выступамі. Для гэтага запрасілі вядомага акцёра Рамана Падаляку, які пераўвасобліваўся ў караткевічаўскіх герояў Зайца-півавара і балотнага Чорта і чытаў урыўкі з празаічных твораў класіка. Перад пачаткам вечарыны Раман распавёў, што зробленага з зёлак зайца, якога ён пасадзіў на свой капялюш, ён прывёз з Казюкаса.
«Мы распачынаем лістапад Караткевіча, — радасна абвясціў напачатку вечара Андрэй Хадановіч. — Чаму стол Караткевіча назвалі лятучым, я не ведаю. Відаць, такім чынам арганізатары намякнулі нам на спантаннасць фестываля, на ягоную напаўбалаганнасць».
Сфоткайся са сталом Караткевіча — атрымай 700 000 рублёў
Натхняльнік і галоўны віноўнік фестываля Адам Глобус караценька распавёў, якім чынам стол Караткевіча аказаўся ў яго: «Неяк жонка Уладзіміра Караткевіча Валянціна Браніславаўна сказала пісьменніку: «Ты за гэтым сталом ужо так даўно пішаш, давай табе новы набудзем». І купіла яму новы вялікі стол, які зараз знаходзіцца ў кватэры пісьменніка. А гэты не было куды падзець, і яна прапанавала яго маёй матулі: «Ніна, шкада выкідаць, мо, ты яго на лецішча забярэш?» Так мы і зрабілі».
Але расповедам пра лёс гаротнага стала класіка свой выступ Глобус не абмежаваў. Ён прыгадаў, што Караткевіч рыхтаваўся да пісьма, выпіваючы паўлітры кавы з перцам і пераапранаючыся ў святочны строй з чыстай кашуляй: «Караткевіч верыў, што сядаючы за пісьмовы стол, за свае творы, робіць вялікую справу». Пасля дыскурса ў працоўны кабінет Караткевіча Адам Глобус агучыў цікавую прапанову: усе жадаючыя могуць сфатаграфавацца побач са сталом класіка ў святочным строі. Пераможца імправізаванага конкурса атрымае 700 000 рублёў.
Як Арлоў перашчагаляў Караткевіча
Было аб чым распавесці і пісьменніку Уладзіміру Арлову. Пра Караткевіча ён даведаўся, будучы ўжо навучэнцам гістфаку: сябра даў пачытаць «Каласы пад сярпом тваім». Назва Арлова напалохала — ён было падумаў, што раман пра вёску ці сельскую гаспадарку, але праз павагу да сябра прачытаў твор. І панеслася: з таго часу пісьменнік не прапускаў ніводнай кнігі Караткевіча, які трапляліся яму ў рукі. Самай любімай стала кніга паэзіі «Мая Іліяда»: «Я лічу яе геніальнай. Калі я яшчэ быў студэнтам, я вывучыў яе напамяць».
«Для мяне Уладзімір Караткевіч быў узорам дасканаласці, — працягвае Арлоў. — Сваё першае апавяданне «Добры дзень, мая шыпшына» я даслаў яму. Я не чакаў адказу, бо ўяўляў, што Караткевіч адкрывае штодня паштовую скрыню і на яго вывальваецца цэлы стос такіх апавяданняў ад пачаткоўцаў». Але Караткевіч адказаў. Больш за тое — пахваліў першыя празаічныя спробы вядомага цяпер пісьменніка Арлова.
Сярод іншых заўваг ад мэтра прыгожага пісьменства пачатковец Арлоў атрымаў пытанне: «Вы пішаце пра тое, што ноччу сядзіце на беразе і глядзіце на жоўтыя гарлачыкі. Ці не закрываюцца яны на ноч? Праверце, калі ласка». Паколькі апавяданне было аўтабіяграфічным, Арлоў ведаў дакладна: жоўтыя гарлачыкі і ноччу не спяць. «Вось такая была неспадзяванка для мяне — я ведаў нешта, чаго не ведаў сам Караткевіч», — усміхаецца Уладзімір Арлоў.
Таксама ў дзень адкрыцця фестываля «Лятучы стол Караткевіча» бард Алесь Камоцкі праспяваў песні на словы Караткевіча, паэт Анатоль Івашчанка выступіў у незвычайнай ролі, выканаўшы кампазіцыю на словы класіка, што напісаў у 15 год і звычайна спявае ля вогнішча, а малады, але перспектыўны паэт Антон Рудак прачытаў свае вершы, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу.
У межах фестываля аматараў творчасці класіка цягам усяго лістапада штотыдзень чакаюць сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі і музыкамі. Сярод мерапрыемстваў фестывалю — вечар «Дзікае маляванне», на якім будзе прэзентаваны дзіцячы комікс Адама Глобуса «Дзікае паляванне і кароль Стах». Музыка Зміцер Вайцюшкевіч сыграе свае песні на вершы Караткевіча з альбома «Беларуская песня».
Мінчан чакае імпрэза, прысвечаная перакладам твораў Караткевіча на замежныя мовы з удзелам перакладчыцы Малгажаты Бухалік. Завяршыцца фестываль у дзень народзінаў пісьменніка прэзентацыяй першых чатырох тамоў поўнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча, што выйшлі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».
Обсудим?