Першы беларускі прафесійны буктрэйлер: без коцікаў, сэксу і трэшу
Мэта — павялічваць беларускі кантэнт, каб людзі чыталі сваё і разумелі саміх сябе лепей…
Зміцера Вайноўскага хапае на ўсё: ён займаецца рэкламай, робіць выставы, здымае сацыяльныя праекты. Адзін з такіх праектаў — буктрэйлеры на беларускую літаратуру.
Буктрэйлер — гэта невялікі відэаролік, які распавядае ў адвольнай мастацкай форме аб якой-небудзь кнізе. Мэта такіх ролікаў — прапаганда чытання, прыцягненне ўвагі да кніг. Сродкі такія ж, як і ў трэйлераў да кінафільмаў. Як правіла, працягласць буктрейлера не больш за тры хвіліны. Такія ролікі здымаюць як да сучасных кніг, гэтак і да кніг, якія сталі літаратурнай класікай.
Вось і першы беларускі прафесійны буктрэйлер створаны паводле апавядання Міхася Стральцова «Смаленне вепрука». Рэжысёрам выступіў Зміцер Вайноўскі, а ў галоўных ролях — Альгерд Бахарэвіч і Максім Жбанкоў!
Вайноўскі не быў першы. Прэцэдэнты ўжо былі, але не ў нашай прасторы.
«Будзьма беларусамі» абвясцілі конкурс ідэй, там Зміцер Вайноўскі і прапанаваў свой праект. «Мне падалося, што нам, як нікому іншаму, трэба гэта рабіць», — гаворыць рэжысёр.
«Я знайшоў невялікае апавяданне, дзе амаль няма дзейства, то бок гэта гаворка аўтара, галоўнага героя. Трэба ж разумець, што гэта не кіно і там не можа быць экшна. І ты можаш толькі трошкі-трошкі сказаць за аўтара. І для мяне найвялікшая адказнасць была перад Стральцовым, і вось колькі мы здымалі, столькі я пра гэта і думаў», — гаворыць Вайноўскі.
Ён вельмі ўдзячны «Будзьме» за тое, што яны намагаюцца пашыраць беларускі кантэнт. Рэжысёр мяркуе, што такія рэчы неблага было б рабіць дзяржаве, але пакуль гэта малаверагодна.
Пра бюджэт ён тактоўна не распавёў, але паведаміў, што было б добра павялічыць яго хаця б удвая.
«Працаваў з людзьмі, некаторыя з якіх на сваёй асноўнай працы атрымліваюць за дзень столькі, колькі ў мяне за тыдзень. А працы больш яшчэ, бо там у яго на кіно ёсць куча дарадцаў, а тут усё трэба самаму. І як вось мне было людзей натхняць? Любоўю да беларускай літаратуры? Дык не ўсіх яна цікавіць. І не ўсе вераць у канчатковы прадукт», — распавядае Вайноўскі.
Трэйлер на «Смаленне вепрука» знялі за месяц, а ўся праца працягвалася ўдвая больш. Але погляд рэжысёра на тое, як ўсё павінна выглядаць, некалькі разоў мяняўся. Дакладней, яго мяняла беларускае надвор’е.
Спачатку была ідэя з маляваннем на будынках, бо «няма таго Мінска 73-га году», кажа Вайноўскі. Вось і была думка маляваць на сталінскіх будынках цені ад дрэваў. «Мы шукалі натуральнага сонца, а за ўсю восень было літаральна два-тры дні, і мы не змаглі гэта зняць», — распавядае Вайноўскі. Тады крыху змянілі канцэпцыю, цяпер чакалі туман. «Няма тумана, што рабіць? Тады вырашылі рабіць макет», — кажа рэжысёр. Яшчэ месяц рабілі мантаж і пісалі музыку.
Магчыма, такіх трэйлераў будзе з’яўляцца ў нашай прасторы некалькі на год. Прынамсі, такую верагоднасць разглядае Зміцер Вайноўскі: «Канешне, я б працягваў займацца здымкамі, бо гэта мне вельмі падабаецца і пакуль што атрымліваецца сумяшчаць з асноўнай працай. Але мне не цікава рабіць адное і тое ж, можа б зняў яшчэ тры-чатыры і заняўся б іншым праектам. Але пакуль запал яшчэ ёсць, і я б хацеў ім скарыстацца».
Пра што будуць іншыя трэйлеры — пакуль невядома.
«Зараз ідуць перамовы, бо шмат чаго ад мяне не залежыць. Трэба ж яшчэ знайсці сродкі. Так што галоўная справа — у часе. Бо трэба рабіць такую справу якасна, а каб гэта атрымалася, зноў жа патрэбны сродкі», — тлумачыць Вайноўскі.
Ён адзначыў, што ёсць і іншы бок падрыхтоўкі, у якім таксама могуць быць свае пытанні: «Каб людзі паглядзелі што-небудзь, матэрыял павінен мець вірусны кантэнт — коцікі, сэкс, трэш. А гэтага ў таго ж Стральцова няма. Таму пытанне: хто будзе гэта глядзець і ці варта гэта рабіць? А задача ж такая, каб людзі больш даведаліся пра твор і пра пісьменніка. Яго ж няма ў адукацыйнай праграме. Таму мы разлічваем на тых, хто чытае і хто чытае на беларускай мове. Можа быць, нехта натхнецца і пачне цікавіцца літаратурай, але надзея на гэта невялікая».
Перш за ўсё Зміцер Вайноўскі хацеў бы зняць трэйлер па Караткевічу, і нават не па пэўнаму твору, а па ўсяму, што ён напісаў.
«Я б здымаў і здымаў Караткевіча», — кажа ён, але ў той жа час адзначае, што з цяперашняй літаратурай працаваць лягчэй, бо «сучасніку цікава сучаснасць».
«Але мы разумеем, што такія зубры, як Караткевіч, робяць з нас беларусаў, а гэта адна з мэтаў нашага праекту. Чытайце сваё і разумейце саміх сябе лепей», — разважае Вайноўскі.
У якасці прыклада ён прыводзіць Стральцова як аўтара, які раскрывае ментальны код беларусаў.
Буктрэйлер «Смаленне вепрука» можна будзе пабачыць не толькі ў сеціве, але і на розных імпрэзах, чытанках і фестывалях.
Обсудим?