Аляксей Шэін: першая кніга дапамагла нарадзіць трэцяга сына
Частку наклада “Сямі камянёў”скралі яшчэ з друкарні…
Алексей Шэін прэзентаваў свой першы беларускамоўны раман “Сем камянёў”. У Сеціве багата хто параўноўвае яго з “Уладаром пярсцёнкаў” Джона Толкіена.
Калі на прэзентацыі аўтар скончыў падпісваць кнігі, Naviny.by пагутарылі з ім пра высокае фэнтазі, дэтэктывы і планы надалей.
— Ці атрымалася ў вас пашырыць аўдыторыю па-за беларускамоўную тусоўку?
— У мяне было дзве мэты. Першая, каб пачалі чытаць па-беларуску нават тыя, хто раней гэтым не цікавіўся. Асабліва падлеткі. Ходзіць такая байка, што Караткевіч казаў: “Калі пісьменнік хоча, каб беларуская літаратура развівалася, ён павінен напісаць па дэтэктыву”. Трэба развіваць розныя жанры. Таму я хацеў, каб быў лёгкі раман.
Я хацеў выйсці за кола наведвальнікаў кнігарні “Ў”. Спадзяюся, што праз падарожжы ў рэгіёны атрымаецца зрабіць аўдыторыю больш разнастайнай. Увесну мы ладзілі прэзентацыі “Сямі камянёў” у школах роных гарадоў. І ёсць настаўнікі, якія запрашаюць завітаць да іх з верасня. У мяне багата веруючых сяброў. Яны чытаюць кнігі, прынамсі біблію дакладна, але не бяруцца за беларускамоўную літаратуру. Добра было б гэта змяніць.
Другая мэта — я хацеў падзяліцца пэўнымі каштоўнасцямі, якія істотныя для мяне. Гэта вера, каханне і свабода. Стараўся гэтыя рэчы абазначыць.
— А як нараджалася ваша першая кніга?
— Я думаў, што гэта больш рамантычная справа. Для мяне было такое адкрыццё, што пісьменніцтва — такая ж праца, як у журналіста ці мастака. Трэба садзіцца і пісаць. Пра кнігу я думаў даўно. Але меркаваў, што калі прыйдзе натхненне, тады і трэба брацца за справу. Такім чынам за шэсць гадоў я напісаў ажно шэсць старонак. І потым я зразумеў, што жыццё ідзе, а кніжка не пішацца. Тады я вырашыў, што буду садзіцца і пісаць нейкую колькасць словаў. А калі я напісаў “Сем камянёў”, убачыў, што тыя шэсць старонак аказаліся самымі слабымі, давялося частку выкінуць, перапісваць.
Адразу я не бачыў кнігу цалкам, але меў ўжо цікавыя вобразы і яны мяне натхнялі. Я паставіў сабе мэту — 700 словаў на дзень — і гэта мне дапамагло. Таму, калі хто марыць напісаць кнігу, і не ведае з якога баку падступіцца, то я раю: падыходзьце як да звычайнай працы будаўніка ці шафёра. Твой стол — тваё працоўнае месца. Па-іншаму не атрымаецца.
Фота Paval Hadzinski Photography
— Ці акупілася ваша праца над кнігай?
— За два месяцы, як выйшлі “Сем камянёў”, разыйшлося амаль 800 асобнікаў з накладу ў 2000. І гэта добры паказчык для беларускай кнігі. Калі прададуць усе асобнікі, я буду лічыць, што гэта будзе не шыкоўная, але добрая аплата за тыя тры з паловай гады маёй працы.
[У кнігарнях набыць “Сем камянёў” можна за 150-200 тысяч рублёў]
Кнігу выдалі за кошт аднаго з беларускіх бізнесоўцаў. Гэта былі інвестыцыі, то бок грошы з продажы накладу яму вернуцца. Але я лічу добрай тэндэнцыяй, што з’яўляюцца людзі, якія не баяцца ўкладаць грошы ў беларускамоўны рызыкоўны праект. Выдатна, што такія людзі ёсць. Тым больш, што выдаць у Беларусі кнігу даражэй, чым за мяжой. Таму трэба шукаць мецэната. Я друкаваўся ў нас, ведаў выдаўца «Пазітыў-цэнтра», што ён адказна ставіцца да якасці сваёй справы. Гэта для мяне істотна.
— Частку накладу ў вас скралі. Што гэта была за гісторыя?
— Гэта быў нейкі фенаменальны выпадак. Добрая паліграфія сыграла з намі злы жарт. Дзесьці на этапе дадрукавання кнігі з саміх цэхаў, як мы высветлілі, проста вынеслі рабочыя. Яны пабачылі, што якасная, прыгожая вокладка, і перадалі асобнікі на продаж у некаторыя кропкі на кірмашах. Гэта была невялікая частка накладу. З аднаго боку, гэта было непрыемна, але з іншага — мне, як аўтару, нават падалося, што добра, калі беларускі раман мае такі попыт.
— Ці былі ў вас такія супадзенні, якія літаратары называюць провідам?
— Так, іх было багата. Першы ж цуд адбыўся ў першы дзень. Я прыдумаў, што ў кнізе будуць каштоўныя камяні, смарагд, сапфір і іншыя, але нікому не сказаў. І ў той жа вечар мне жонка кажа, што чытала біблію, а там былі такія словы у кнізе прарока Ісая: “Вось я пакладу каменні твае на рубінах, і зраблю падмуркі твае з сапфіраў, зраблю ўмацаванні твае з рубінаў, а брамы твае з каштоўных камянёў, усю агароджу тваю з самацветаў”. Як разумець такое супадзенне? Такія рэчы мяне натхнялі.
Кніга, дарэчы, значна паўплывала на маю жонку і на ўсю сям’ю. Справа такая. Наташа была цяжарная трэцім сынам, і прыйшоў тэрмін, але дзіцё не нараджалася. І вось мы думалі, што з гэтым рабіць. Я якраз напісаў частку пра вялікага балотнага чарвяка. Наташа была першым чытачом маёй кнігі, перадаю ёй гэты тэкст, яна чытае. Пасля я прыходжу, пытаю, як што, ці не страшна ёй. А яна кажа, што адчувае сябе ні то напружліва, ні то так моцна яе гэта частка ўразіла. Я кажу: “Ты ж толькі не нарадзі тут”. І праз пару гадзін мы выклікалі хуткую, і з’явіўся сыночак.
Вось так кніга паспрыяла, не прыйшлося рабіць нейкія дадатковыя працэдуры.
— Дзеля чаго вы вырашылі напісаць “Сем камянёў”?
— Мае сыны мяне ўсё даставалі: “Тата, давай мы што па-беларуску пачытаем цікавае”. І мы запісаліся ў адну бібліятэку, у другую, і за два месяцы прыблізна перачыталі ўсе цікавыя кнігі, што там былі па-беларуску. Тады я ў чарговы раз адкрыў для сябе, што вельмі не хапае ў нас літаратуры для дзяцей і падлеткаў. І гэта адна з бедаў беларускай літаратуры.
І калі запытаць у каго-небудзь: якую кнігу вы ведаеце для такой аўдыторыі — шмат хто назаве “Палескіх рабінзонаў”, прасунутыя яшчэ ўзгадаюць “Беларусь у фантастычных апавяданнях”. І добра, што гэтыя кнігі ёсць, ёсць і іншыя, але іх мала. Таму “Сем камянёў” — спроба адказаць на гэта агульнае запатрабаванне на попыт прыгодніцкай літаратуры па-беларуску.
І мне дужа хацелася, каб кожны, хто трымае кнігу ў руках, адчуваў, што хтосьці для яго зрабіў падарунак. Таму і вокладка, і ілюстрацыі, і папера, і друк — мы стараліся ў кожны момант зрабіць усё найлепшым чынам. Ну, і тэкст, вядома, таксама.
— Вы ўжо маеце на думцы наступную кнігу?
— Адзін з найбліжэйшых праектаў — інтэлектуальны дэтэктыў-загадка на аснове кніг і гравюр Скарыны. Асабліва будзе актуальна да 500-годдзя выдання скарынаўскай бібліі ў 2017 годзе. Такая тэма мяне вельмі заводзіць і натхняе. Але гэта кніга будзе для дарослых людзей. Там будзе пэўны элемент квэставасці, дзе б чытачу прыйшлося разам з героем разгадваць розныя загадкі і такім чынам набліжацца да вырашэння галоўнага пытання, якое ёсць у кнізе.
Обсудим?