Уладзімір Някляеў: я не пакідаў літаратуру дзеля палітыкі, і не збіраюся пакідаць
Някляеў прэзентаваў у Польшчы адразу дзве кнігі — раман “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” і зборнік вершаў і паэм “Развітальны жэст Жыгімонта”.
Уладзімір Някляеў прэзентаваў у Польшчы адразу дзве кнігі: раман “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”, а таксама зборнік вершаў і паэм “Развітальны жэст Жыгімонта”. Прэзентацыі прайшлі ў Любліне, Радаме, Яснай Гуры, Чанстахове.
Naviny.by пацікавіліся ў аўтара ўражаннямі ад сустрэч з польскімі чытачамі.
— Прэзентыцыі прайшлі паспяхова?
— З большага так. Адзінае засмучэнне займеў я ў Люблінскім універсітэце Марыі Кюры-Складоўскай, дзе зліквідаванае аддзяленне беларускай філалогіі: ніхто не жадае вывучаць беларускую мову. Маўляў, бесперспектыўна. І вінаватыя ў тым не палякі. Калі ў самой Беларусі да сваёй мовы адносяцца з пагардай, дык хто з павагай будзе ставіцца да яе за мяжой?
У тым жа Любліне разам з маімі кнігамі прэзентавалася кніга Багдана Вагнера “Польшча вачыма беларусаў”. І вычытаў я ў той кнізе такі маленькі дыялог. Паляк пытае беларуса: “На якой мове вы размаўляеце?” “На беларускай”. І паляк здзіўляецца: “Хіба ёсць такая мова?..”
На адной з прэзентацый, калі я распавёў пра палітыку сённяшняга беларускага рэжыму ў дачыненні да нацыянальнай мовы, культуры, рэзка падняўся малады чалавек: “Гэта ж тое самае, што паліць кнігі! Нават горш. Зішчаць нацыю! І я не разумею, які дыялог можа весці Еўропа з такім рэжымам?”
Я, між іншым, таксама.
— У Польшчы змяніўся ўрад, у Еўрасаюзе мяняецца палітыка ў адносінах да Беларусі. Якія ў палякаў адносіны да гэтых зменаў? І як вам здалося: уплывае гэта на цікаўнасць нашых бліжэйшых суседзяў да беларускіх праблем, ці ў іх выключна свае клопаты?
— Не выключна, але пераважна свае. Зрэшты, як і ў нас.
Істотная розніца паміж імі і намі ў тым, што для беларусаў усё добра (і ўрад, і ўзровень заробкаў), абы вайны не было, а для палякаў не бывае ні ўрада, які б іх задавальняў (бо мусіць быць яшчэ лепшы!), ні заробкаў (бо мусяць быць яшчэ большыя). Партыя “Права і справядлівасць” яшчэ не паспела прыйсці да ўлады, а палякі ўжо ёй не задаволеныя. Яны скіраваныя на змены — і найперш праз гэта Польшча ў развоі, а мы ў застоі.
Што да адносінаў да Беларусі, дык разам з выяўляннем найшчырых сімпатый ёсць і іншае. “Не выдумляйце з сябе ні беларусаў, ні літвінаў, вы палякі”, — заявіла на прэзентацыі ў Цэнтры культуры ў Чанстахове адна паважная пані. І ёй не ўсе запярэчылі...
Ну, не сакрэт, што як для тых рускіх, для якіх увесь свет — гэта “русский мир», мы — “Северо-западый край”, гэтаксама для тых палякаў, для якіх “Польшча ад мора да мора”, мы — “усходнія крэсы”. Але ўсё ж і ў свядомасці такіх палякаў адбываюцца змены.
У Радаме я спаткаў аднаго даўняга знаёмца з сям’і польскіх эмігрантаў, што нарадзіўся ў Лондане, а цяпер жыве пад Варшавай у фальфарку, які быў вернуты яму як нашчадку ранейшых гаспадароў. Гадоў 20 таму я быў госцем у тым фальфарку, дзе сабраўся тузін гэтакіх нашчадкаў “з блакітнай крывёй” — і размовы вяліся выключна пра Польшчу “od morza do morza”. Я не вытрываў: “Ды не было ніколі такой Польшчы!” Мяне падверглі астракізму, а гаспадар завёў у парк, дзе былі дзве сажалкі, на беразе адной з якіх было напісана Morze Bałtyckie, на беразе другой Morze Czarne, а паміж імі была вялізная клумба з бел-чырвонымі кветкамі, пасеянымі гэтак, што чыталася Polska. “Так, — ён сказаў, — будзе”. Я сказаў, што наўрад ці, і што не да гэтага сёння мусіць Польшча імкнуцца.
“Што там з тваімі марскімі сажалкамі і клумбай?” — спытаў я праз 20 гадоў, і ён адказаў, што на клумбе паставіў парнікі, а ў сажалках разводзіць рыбу. “Умацоўваю, — сказаў, — унутраны рынак”.
Нягледзячы на асобныя праявы, так скажам, “вялікапольскасці”, Беларусь апошнім часам разглядаецца (найперш на палітычным узроўні) не як аб’ект (што захоўваецца ў дачынененнях Беларусі з Расіяй), а як суб’ект у міжнародных стасунках. І заяву прэзідэнта Анджэя Дуды пра мэтазгоднасць стварэння Балтыйска-Чарнаморскага саюза варта разглядаць менавіта ў гэтым кантэксце. Ці ва ўсякім разе — не толькі як спробу Польшчы стаць рэгіянальным лідарам ва Ўсходняй Еўропе.
— Займаючыся палітыкай, вы не пакідаеце літаратуру. Гэта звычка — пісаць, ці нешта большае? Літаратурай ці палітыкай вам займацца цікавей?
— Па дарозе з Варшавы да Яснай Гуры я праязджаў мост, на якім некалі, 16 гадоў таму, прыдумаў кульмінацыю ў сюжэце паэмы “Паланэз”. Там закаханыя паэт і акторка едуць у Ясну Гуру, каб узяць шлюб, і ў аварыі на мосце па іх віне гіне ксёндз, які павінен быў іх павянчаць. “Якраз тут гэта сталася, — успамінаў я, папрасіўшы кіроўцу спыніцца. — Яна рэзка затармазіла, машыну занесла на сустрэчную паласу...” — і толькі пазней, калі ўжо прыехалі ў Ясну Гуру, злавіў я сябе на тым, што згадваю прыдуманае, як рэальнае.
Такое вось дзіва — літаратура. І калі ў гэтым свеце чым-небудзь варта займацца, дык хіба тым, што дзіва. Таму як не пакідаў я літаратуру дзеля палітыкі, так і не збіраюся пакідаць. Тым больш што цяпер у мяне на яе, дзякуй Богу, стала болей часу.
Обсудим?