Севярын Квяткоўскі. МЫ. Нудысцкі пляж як пляц Незалежнасьці
Улады не рэгіструюць нудыстаў як «распусту», пры тым, паслугі прастытутак даступныя скрозь і побач...
Севярын Квяткоўскі. Літаратар, блогер, журналіст. Нарадзіўся 30.03.1973 у Менску. Ад 1995 працаваў у газэтах: «Наша Ніва», «Имя»; радыё: «101,2», «Рацыя», «Свабода». Сёньня займаецца інтэрнэт-праектамі ды піша кніжкі. Ляўрэат прэміі сайту 101blog.net за лепшы постынг у беларускай блогасфэры за 2007 год. Ляўрэат літаратурнай прэміі «Залатая Літара» 2007 году за кніжку «Фрашкі да пляшкі». Піша апавяданьні, эсэ, імпрэсіі, нарысы, фрашкі. Піша раман. |
Аднойчы летам я ішоў рабіць рэпартаж з нудысцкага пляжу на Менскім моры. Я ня меў пры сабе фотаапарата: я ішоў рабіць радыёрэпартаж. Цягам пятнаццаціхвіліннага падарожжа да аголеных аб'ектаў журналісцкага інтарэсу я прыкідаў у галаве сцэнар матэрыялу. Мне трэба было запісаць шэпт прыбою, шоргат лістоты, вуркатаньне аўтамабільных рухавікоў, крыкі гульцоў у валейбол... Я фармуляваў пытаньні, якія задам людзям, што загараюць цалкам аголеныя. А яшчэ, паводле правілаў радыё, я мусіў перадаць пабачанае словамі — ад маленькага нюансу да агульнай карціны.
«Маленькі рыжы пук валасоў ніжэй жывата, закінутыя за галаву рукі, зграбная, нібы ў гімнасткі фігура, кабета трыццаці гадоў не расплюшчыла вочы, калі я прысеў побач на кукішкі, каб задаць сваё першае пытаньне: «У чым задавальненьне загараць аголенай менавіта тут, сярод адпачывальнікаў, а не ў сябе на бальконе?» Далей паводле правілаў радыёрэпартажу варта было даць сінхрон (кавалак запісу) адказу кабеты. Вядома, уступу з апісаньнем дэталяў не было. Я нават не адзначыў, што кабета ляжала на сьпіне, а, напрыклад, двое мужчын, што былі побач, — на жыватах. Усе трое, што былі ў той прахалодны летні дзень на нудысцкім пляжы, распавялі мне філязофію нудыстаў, і акрэсьлілі праблемы сацыяльнага характару: ўлады не дазваляюць зарэгістраваць клюб, выдзеліць пляцоўку пад афіцыйны пляж з агароджай і г.д.
Аднаго фотаздымку хапіла б для ілюстрацыі ў газэце ці на сайце, але на радыё ўсё апісваюць словамі, якія я «праглынуў», бо ведаў — ня пусьцяць у эфір.
У Беларусі нудыстаў рэгістраваць нельга, але і з пляжа міліцыя іх асабліва не ганяла. У Беларусі ладзіць мітынгі, дзе хочаш, нельга, але ў пэўных абставінах можна. У Беларусі нельга стаць на вуліцы і проста граць пад гітару, але міліцыянты толькі разгоняць слухачоў — гітарыста не затрымаюць. У Беларусі можна прадаваць фірмовыя шмоткі на Галоўным праспэкце, але без назвы фірмы на шыльдзе. У Беларусі шмат чаго можна, але ціхенька.
Можна было б пафасна сказаць пра аўтарытарызм уладнай вэртыкалі, пра антычалавечую рэпрысыўную машыну, калі б ні адна акалічнасьць. Большасьць беларусаў ніхто збольшага не захопліваў, не акупаваў, раптоўна не паланіў. Улады не рэгіструюць нудыстаў як «распусту», пры тым, паслугі прастытутак даступныя скрозь і побач. Улады саджаюць на шалёныя тэрміны падлеткаў за пару грамаў лёгкіх наркотыкаў і пры гэтым дыбілізуюць людзей хімічнымі чарніламі, улады не дазваляюць маладым музыкам граць на дзённых вуліцах у цэнтры, і абсалютна не зьвяртаюць увагу на п'яныя харавыя сьпевы ноччу на ўскраінах гарадоў, улады не дазваляюць сотні дэманстрантаў з палітычнымі лозунгамі прайсьці па праспэкце, але стымулююць сотнетысячныя гуляньні дзе разам зь сем'ямі з малымі дзецьмі ідзе экшан з п'янымі бойкамі, чарніламі, паўаголенымі размаляванымі барышнямі пад віскат і рогат.
Улады можна зразумець. Калі дазволіць вэйшэйпералічаныя забароненасьці, народ можа незразумець. «Прыбярыце хіпі з праспэкту!», Прыбярыце голых з пляжу!», «Голыя мужыкі на каляндары!»... Крыкі абурэньня не залежаць ад палітычных перакананьняў. Воплі лятуць і ад чырвона-зялёных, і ад бел-чырвона-белых.
Як сказала адна маладая літаратарка, калі ў яе запыталіся, чаму яна не хіліцца ні да той, ні да той групоўкі: «Яны палітычна розныя, а эстэтычна аднолькавыя».
Я даўно абраў для сябе нудысцкі пляж, хіпі з гітарай і каляндар з аголенымі літаратарамі. Магчыма, калі мяне ўпершыню пашыхтавалі, і загадалі не высоўвацца.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Обсудим?