Алесь Мікус. ПРАЕКЦЫІ. Тры з паловай палітычных гульца
Апошнія парламенцкія выбары ў Латвіі што-нешта могуць прасвятліць пра магчымую беларускую будучыню…
Алесь Мікус. Музыка, перакладчык, публіцыст. Нарадзіўся ў 1982 годзе ў Мінску. Адукацыя: аддзяленне псіхалогіі БДУ, аспірантура АПА. Рэдактар беларуска-балцкага партала Svajksta.by. |
Парламенцкія выбары ў Латвіі што-нешта могуць прасвятліць пра Беларусь, прыроду кіраўніка РБ і магчымую беларускую будучыню.
Для беларускага назіральніка звонку парламенцкія выбары ў Латвіі даюць багаты спажытак для аналогій і разваг.
Наш рэгіён — прамежкавы
Усходнееўрапейскі рэгіён — прамежкавы, буферны. Паміж Расіяй і Захадам. Добра гэта ці дрэнна, але гэта так. Раскол праходзіць унутры грамадстваў прамежкавых дзяржаў.
Найперш гэта такія дзяржавы, як (з поўначы на поўдзень) Латвія, Літва, Беларусь, Украіна. Калі ўлічыць даўнюю ролю палякаў у справах рэгіёну, з абмоўкамі варта далучыць яшчэ і Польшчу. На выбарах у гэтых краінах так ці іначай, адкрыта ці прыхавана, прысутныя «празаходняя» і «прарасійская» партыі.
Беларусь таксама гістарычна і геаграфічна належыць да гэтага поясу. Гэта не адмяняе таго, што Беларусь далучана да «расійскай» зоны, так як, напрыклад, Латвія і Літва далучаны да «заходняга» свету.
Латвія — найбольш паказальная
У гэтым сэнсе Латвія ўнікальная тым, што тут гэты падзел найбольш выразны з усіх краін рэгіёну. Бо ў краіне жыве значная частка рускіх, большасць з якіх не мае грамадзянства.
Ва Ўкраіне таксама багата рускіх (сапраўдных або ўяўных), але там раскол згладжваецца моўным фактарам. Яшчэ большы згладжвальны эфект мае гэты фактар у Беларусі. Што да Літвы, дык рускіх там амаль няма, таму расійскія ўплывы больш прыхаваныя, маюць эканамічны характар.
Латвія дэманструе такі расклад сілаў, які ў больш прыхаваных формах ёсць у іншых краінах. Паляразацыя больш бачная, бо тут за Захад — збольшага латышы, за Расію — збольшага рускія.
Нягледзячы на 13 партый
У парламенцкіх выбарах 4 кастрычніка ўдзельнічала 13 партыйных спісаў. Пераадолелі 5-працэнтны бар'ер толькі шэсць партый. З астатніх максімум, што хто ўзяў, гэта 1,5%.
І гэта адкрывае варты ўвагі механізм, які ўласцівы нашаму рэгіёну. На выбарах вырачаныя спаборнічаць:
1) празаходні гулец,
2) прарасійскі гулец,
3) трэцяя сіла, умоўна па-за логікай «Захад-Усход»,
4) тэхнічныя гульцы.
Тры з паловай палітычных гульца
У Латвіі прарасійская сіла — гэта партыя «Згода». Яе ўзначальвае рускі (нягледзячы на экзатычнае імя) Ніл Ушакоў, мэр Рыгі, горада з найбольшай канцэнтрацыяй рускіх.
У латвійскай палітычнай сістэме склалася так, што празаходнім гульцом з'яўляюцца, па-першае, партыя ўлады (на гэтых выбарах — «Адзінства»), па-другое — нацыяналісты з «Нацыянальнага аб'яднання».
Трэцяя сіла — Саюз «зялёных» і сялянаў. Яго ўзначальвае экстравагантны Айвар Лемберг. Вычарпальна яго можна ахарактарызаваць, што па рыторыцы, поглядах і манерах ён з таго ж цеста, як нябожчык паляк Лепер, экс-мэр Коўна Шустаўскас і беларускі прэзідэнт Лукашэнка.
Нарэшце, тэхнічныя партыі ствараюцца, каб адцягнуць галасы ў таго ці іншага боку, бо электаральная падтрымка названых трох бакоў — так ці іначай стабільная.
Латвійскі Лукашэнка
Алігарх, эксцэнтрык, экс-мэр Вэнтспілса Лемберг падобны да беларускага прэзідэнта. Калі вылучыць галоўнае, дык ён сітуацыйны (і не толькі) махінатар. Галоўнае не высокія ідэі, а «блізкая перспектыва», найперш у плане дабрабыту. Такі хітры селянін, які на высокай сцэне аказваецца дэмагогам і папулістам. Ведае, дзе паказаць сур'ёзны бок, а дзе ўхіліцца праз жарт. Такога не пераспрачаеш сярод мужыкоў у лазні.
За такі тыпаж галасуюць тыя, хто стаміўся ад процістаяння высокіх ідэй і магутных блокаў. Хто хоча «проста жыць» і «проста працаваць», «проста расціць дзяцей» і «проста адпачываць». Каб было ціха і каб было што пад'есці. Гэта людзі, стомленыя ад сучасных рытмаў.
Цікава, што дзеячы такога тыпажу адчуваюць адзін аднаго. Літовец Шустаўскас некалі напаказ прасіўся ў Беларусь, Леперава «Самабарона» зрабілася польскім партнёрам «Белай Русі». Пра процістаянне Захад-Беларусь латыш Лемберг, зусім у сваім стылі, казаў: «Усе яны, я скажу, сволачы».
Беларускі парадокс
Парадокс у тым, што такія палітыкі, як Лемберг (Лепер, Шустаўскас) — сітуацыйныя. У сітуацыі адказнасці яны робяцца бляклымі, бо няма як змухляваць. Там, дзе трэба трываласць і пастаянства, яны губляюць свой флёр.
А ў Беларусі, дзе на фоне разгубленасці і няўпэўненасці пачатку 90-х гадоў прыйшоў да ўлады Лукашэнка, такі тыпаж затрымаўся на 20 гадоў. І сыходзіць не збіраецца.
Тое, што ў прыродзе такога тыпажу — «прыжымістасць» і атрафіраванасць успрымання высокіх мэтаў, адыграла сваю ролю ў плане 1) захавання таго, што ёсць (савецкая прамысловасць, прамаскоўская арыентацыя), 2) увядзенне парадку, у якім зручна захоўваць тое, што ёсць.
Іншая рэч, што, як гэта і здараецца ў адносінах такога тыпажу з людзьмі, адсутнасць ідэйнага грунту ўрэшце даецца ў знакі.
20 гадоў ідэйныя альтэрнатывы ў Беларусі метадычна вынішчаліся, але ад шэрасці людзі пачалі стамляцца. Падзеі тыпу ўкраінскіх на нейкі час могуць гэта заглушыць страхам, але зусім выкасаваць не змогуць.
Іх працэнты — наша будучыня?
Што да выбараў у Латвіі, дык прарасійская «Згода» ўзяла амаль чвэрць галасоў выбаршчыкаў. Два празаходнія гульцы разам — амаль 40%. Лембергаўцы — амаль 20%. Два тэхнічныя гульцы — па 6-7%.
І такія, як у Латвіі, сцэнарыі на выбарах — зусім імаверная будучыня, якая можа чакаць і Беларусь у выпадку змены кіруючага рэжыму. Толькі так выразна, як у Латвіі, у Беларусі не будзе, з прычыны рускай мовы на языку і рускіх візій у галаве.
Пакуль што Лукашэнка, у згодзе са сваёй прыродай, стрымлівае ўваходжанне грамадства ў адкрытае ідэйнае процістаянне Захад-Расія такога кшталту. Бо ў выпадку такога ўваходу зусім магчымая перамога «рускай партыі» і адкрытыя рэпрэсіі ў дачыненні да празаходніх-прабеларускіх гульцоў.
Обсудим?