Мечыслаў Грыб: мы паспяшаліся з дазволам у Канстытуцыі абіраць прэзідэнта агульнанародна
15 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень Канстытуцыі. 14 год таму дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га склікання прынялі...
Сёння, 15 сакавіка, у Беларусі адзначаецца Дзень Канстытуцыі. 14 год таму дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га склікання прынялі першы Асноўны закон незалежнай Беларусі. Аднак пасля рэферэндуму 1996 года свята стала працоўным днём, а некаторыя адмовіліся яго адзначаць. Адзін з іх, тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб, не лічыць гэты дзень святочным, хоць уласнаручна падпісваў Канстытуцыю 1994 года. У інтэрв’ю «Белорусским новостям» ён распавёў пра тое, чаму так сталася, і ўзгадаў падрабязнасці распрацоўкі і прыняцця Асноўнага закону.
Канстытуцыя, якая абвяшчала краіну суверэннай і незалежнай рэспублікай, гарантавала народу галоўныя правы і свабоды, пачала распрацоўвацца амаль адразу пасля абрання дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання. Была створана спецыяльная камісія ў складзе каля 90 чалавек, якая падзялілася на дзве групы: пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Васіля Шаладонава і на чале з Віктарам Ганчаром. Вядома, распрацаваныя праекты розніліся адзін ад аднаго.
— Па сутнасці розніца была ў тым, што першая група прадстаўляла інтарэсы афіцыйнай улады, а другая — апазіцыі. Пасля пэўнага часу дэпутаты селі за адзін стол з мэтай аб’яднаць гэтыя два варыянты. Былі і спрэчкі, і розныя падыходы, але ў аснову Канстытуцыі 1994 года быў пакладзены праект Шаладонава, — узгадвае Мечыслаў Грыб.
Далей працэс распрацоўкі расцягнуўся аж на 3 гады. Розныя варыянты друкаваліся на старонках «Народнай газеты», праект накіроўваўся для заключэння і кансультацыі ў іншыя краіны свету — Германію, Францыю, Злучаныя Штаты Амерыкі.
Працэс галасавання 15 сакавіка таксама быў доўгім.
— Частка дэпутатаў увогуле не хацела прымаць Канстытуцыю. Тады па прапанове старшыні заканадаўчай камісіі у Вярхоўным Савеце Дзмітрыя Пятровіча Булахава, зараз пакойнага, галасаванне працягнулі да 8 вечара. Рабілі ўсё, каб прыцягнуць дэпутатаў: званілі, шукалі ў гатэлях… У выніку, амаль усе прыйшлі. Зразумела, галасаванне было таемным, улічвалася, хто прагаласаваў асабіста, а як прагаласаваў — гэта ўжо была яго асабістая справа. Аднак у рэшце рэшт Канстытуцыю прынялі, а дзень 15 сакавіка быў аб’яўлены днём прыняцця Асноўнага закону.
Адзін з дэпутатаў Сяргей Навумчык у сваім артыкуле «Прэзыдэнцтва пад прымусам» піша, што Апазіцыя БНФ тройчы прымала заявы супраць увядзення прэзідэнцтва, аднак яны «здзекліва адрыналіся». Пасля запатрабавалі, каб прэзідэнт не быў кіраўніком выканаўчай улады і каб яго выбары адбыліся не раней, чым праз паўгады пасля парламенцкіх выбараў. І ў цэлым робіць выснову, што Канстытуцыя была прынята з грубымі парушэннямі рэгламенту ВС.
— Вядома, не было адзінства думак. Апазіцыя, на чале з Зянонам Станіслававічам Пазьняком, прапаноўвала адно, праўрадавая фракцыя «Беларусь» — другое. Але ў цэлым Пазьняк катэгарычна супраць прэзідэнцтва не выказваўся. У Канстытуцыі нават узгаднілі яго прапанову выбіраць кіраўніка дзяржавы агульнанародна. І вось зараз, разважаючы над падзеямі тых часоў, я лічу, што мы паспяшаліся з гэтым пунктам. Трэба было ўлічваць вопыт суседніх краінаў — Літвы, Латвіі — і першых прэзідэнтаў абіраць не агульнанародна, а аддаць гэту місію дэпутатам.
— Але прэзідэнт у нас быў і ёсць адзіны…
— Вось я і кажу: паспяшаліся.
— Подпіс пад Канстытуцыяй стаяў ваш. А як вы ставіцеся да таго, што зараз там подпіс Аляксандра Лукашэнкі?
— Сёння мы жывем па Каснтытуцыі 1994 года са зменамі і дадаткамі, унесенымі ў 1996 і 2004 гадах. Лукашэнка мог падпісацца пад гэтымі зменамі — супраць нічога не маю. Аднак, на маю думку, падпісвацца пад усёй Канстытуцыяй юрыдычна няправільна.
— Аляксандр Лукашэнка ў віншаваннях з нагоды Дня Канстытуцыі штораз адзначае вялікую кансалідуючую ролю Закона. Ці можна вас віншаваць з гэтым святам?
— Прэзідэнт называе Канстытуцыю «гарантам грамадзянскай згоды, міру і стабільнасці», аднак гэтага ў краіне няма. Грамадства падзелена на лагеры: адны за прэзідэнта і яго палітыку, другія — катэгарычна супраць. У мяне свая пазіцыя, свае думкі наконт сучаснай улады. І чаму мяне лічаць ворагам, калі, паводле Канстытуцыі, маю права выказваць свае меркаванні? З 1996 года я не адзначаю 15 сакавіка як свята і ніхто мяне з гэтым днём не віншуе.
Інфаграфіка РИА «Новости». Націсні на карцінку, каб убачыць арыгінальны памер |
Обсудим?