Агульнанацыянальная дыктоўка: напісанае застанецца

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, у Беларусі пачынаецца першы этап Другой Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі...

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, у Беларусі пачынаецца першы этап Другой Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі.

Арганізатар акцыі — Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны — рэкамендуе на выбар два тэксты дыктоўкі: мінулагодні (Прадмова да зборніка «Дудка беларуская». Паводле Францішка Багушэвіча) і новы («Родная мова». Паводле Уладзіміра Караткевіча).

першая нацыянальная дыктоўка

Дбаючы пра папулярызацыю гэтай ініцыятывы, падаем тэксты дыктоўкі.


Прадмова да зборніка «Дудка беларуская»

Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя “мужыцкай” завуць, а завецца яна “беларускай”.

Я сам калісь думаў, што мова наша — “мужыцкая” мова і толькі таго. З той пары я шмат дзе быў, шмат чаго бачыў і чытаў і пераканаўся, што мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо іншая якая. Чытаў я ці мала старых папераў па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных на нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі нашай мовай чысцюсенькай, як бы вось цяпер пісалася...

А, можа, і сапраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам. І гаворым жа мы ёю шмат добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек.

Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. Перадумаўшы ўсё гэта, я, братцы, адважыўся напісаць для вас сякія-такія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй! А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей! А пісаць ёсць шмат чаго!

...Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову зойме, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носіць. От жа гаворка, язык і ёсць адзежа душы...

Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве!..

(Паводле Ф. Багушэвіча)



Родная мова

Мова Скарыны і Буднага, мова Багдановіча і Купалы, Багушэвіча і Коласа, мова соцень геніяў, што яшчэ прыйдуць. Мова інтэлігентаў беларускіх, імя якім — легіён. Мова настаўнікаў і паэтаў, вучоных і камапазітараў, але перш за ўсё мова дзесяці мільёнаў людзей па ўсім свеце —ад Уругвая да Далёкага Усходу і, галоўнае, на нашай беларускай зямлі.

Мова першай матчынай калыханкі і апошняга “бывай”, мова старадаўніх архіваў і новых школ, мова пажаўцелых статутаў і мова кахання. Мова плытагонаў, сялян, акадэмікаў і шахцёраў на саляных капальнях. Мова, якая можа ўсё; можа сказаць словы невыказанай пяшчоты і можа ўдарыць так, што не ўстанеш.

У старадаўнія часы, калі яшчэ не склаліся нацыі, мова магла зрабіцца мёртвай мовай, як латынь. У новы час скон немагчымы для кожнай больш-менш развітай мовы. Мова неўміручая. Ірландская, валлійская, баскская, іўрыт, мовы народаў Афрыкі, якія сотні год ляжалі ў заняпадзе, усталі. Бо мова — душа народа, і толькі на ёй можа народ найбольш поўна выказаць сябе.

Мова вечная, бо ўся яна як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогшыся свайго, б’е, як перапёлка ў жытах — мякка, а за тры вярсты чуваць.

Дык што ж лепей за цябе, мова мая, мова наша?! За цябе, даўняя, за цябе, вечна жывая, за цябе, неўміручая?!

(Паводле У. Караткевіча)


Другі этап дыктоўкі, 15 сакавіка, будзе прымеркаваны да дня першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Трэці этап, 25 сакавіка, — да 91-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.