Рэферэндум-1995. Беларускую мову загналі ў адукацыйнае падполле

Доля школьнікаў, якія вучацца на беларускай мове, зменшылася за апошнія 20 гадоў болей чым у два разы. Такія вынікі рэферэндуму 1995 года…

Доля школьнікаў, якія вучацца на беларускай мове, зменшылася за апошнія 20 гадоў болей чым у два разы. Такія вынікі рэферэндуму 1995 года, які надаў рускай аднолькавы з беларускай статус дзяржаўнай мовы. Беларускамоўнага ўніверсітэта ў краіне як не было, так і няма.


Фото knihi.by 

Рэферэндум паставіў крыж на беларускасці ў адукацыі

Першае пытанне на рэферэндуме 1995 года гучала так: «Ці згодныя вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?». За наданне рускай мове статусу дзяржаўнай прагаласавала 4 017 273 чалавекі (83,3%), супраць — 613 516 чалавек (12,7%).

Згодна з часткай 1 артыкула 90 Кодэкса аб адукацыі, беларуская і руская мовы з'яўляюцца асноўнымі мовамі навучання і выхавання. Пры гэтым дзяржава гарантуе права выбару навучання і выхавання на адным з дзвюх дзяржаўных моў. Мова навучання і выхавання вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі.

Зараз, па дадзеных Міністэрства адукацыі, на беларускай мове навучаецца 14,5% школьнікаў (135 141 з 931 271). Большасць з іх жыве ў вёсках. У сельскіх школах на беларускай мове вучацца 120 739 школьнікаў з 187 165 дзяцей (64,5%).

У Мінску, па дадзеных Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, на беларускай мове вучыцца 2860 дзяцей, што складае 1,7% ад агульнай колькасці сталічных школьнікаў. Год назад іх было таксама 1,7%, а ў 2012-2013 навучальным годзе — 1,8%.

Па дадзеных Таварыства беларускай школы, у 2007-2008 гадах 20,9% вучняў (2,5% мінчан) навучалася на беларускай мове, а ў 1994-1995 годзе — 29,4% вучняў (21%). 

Якімі сродкамі выбівалася мова з сістэмы школьнай адукацыі, расказала Naviny.by намеснік старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч.

Яе дачка ў 1995 годзе паступіла ў беларускамоўны клас 184-й школы Мінска, здаўшы вясной іспыты (школа была з паглыбленым навучаннем англійскай мовы). Вучняў хапіла на 10 першых беларускамоўных класаў.

Увосень пасля рэферэндуму сказалі, што навучанне будзе на рускай мове і папрасілі напісаць заяву, маўляў, гэта выбар бацькоў. Большасць бацькоў заявы напісалі — з 10 беларускамоўных класаў засталося два.

«Мы адмовіліся і ператварыліся ў ворагаў адміністрацыі, — расказала Тамара Мацкевіч. — Варожасць не знікла, пакуль там вучыліся. Нашаму класу давалі горшых настаўнікаў. У малодшай школе выкладала настаўніца пасля вучэльні, ёй было 18 гадоў, здаецца. Потым былі такія настаўніцы, якія мелі, напрыклад, запас слоў на англійскай мове меншы, чым нашы дзеці. Мы пратрымаліся да 7-га класа і былі вымушаны сысьці, бо дачка, якая ў пачатку навучання паказвала высокі ўзровень падрыхтоўкі, не ведала азоў па некаторых прадметах. Выбар быў такі — зусім не атрымліваць адукацыю, або атрымліваць яе на рускай мове, а беларускую вучыць дома. Мы, як і многія іншыя вучні з нашага класа, выбралі другі варыянт. Мы прайгралі бітву».

Чаму беларусы так лёгка адмовіліся пасля рэферэндуму ад мовы?

Нацыянальнае адраджэнне 90-х значна змяніла моўную сітуацыю. У краіне, установах адукацыі ў тым ліку, атмасфера спрыяла распаўсюджванню беларускай мовы. Прыняты ў 1990 годзе закон аб мове надаў беларускай мове статус дзяржаўнай, што было замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года. Гэта паслужыла працэсу актывізацыі выкарыстання і вывучэння беларускай мовы.

Калі ў 1959 годзе толькі 6,8% беларусаў назвалі роднай мовай рускую, у 1970 годзе — 9,8%, у 1979-м — 16%, то перапіс насельніцтва 1989 года паказаў, што гэты паказчык вырас да 19,7%. У тым жа 1989-м роднай беларускую мову лічылі 65,6% насельніцтва краіны. Па дадзеных перапісу 1999 года, яе назвалі роднай ужо 73,7%. Некалькі гадоў беларусізацыі зрабілі сваю справу. І, наадварот, гады пасля рэферэндуму — сваю.

«У значнай ступені гэта звязана з ростам нацыянальнай самасвядомасці, а таксама з тым, што беларускі перапіс насельніцтва 1999 года даў магчымасць размежаваць паняцці «родная мова» і «мова, на якой чалавек размаўляе дома», — падкрэслівала дэмограф Людміла Шахоцька ў аналізе перапісу 1999 года. — Варта адзначыць, што перапіс насельніцтва паказаў павелічэнне беларускай і змяньшэнне долі рускай мовы як «роднай» не толькі сярод беларусаў, але і сярод іншых чатырох найбольш буйных нацыянальных груп, якія пражываюць у рэспубліцы».

Падчас перапісу 2009 года толькі 53% рэспандэнтаў назвалі беларускую мову роднай, а 23% — хатняй. Між тым сярод людзей, якія назвалі сябе беларусамі, сітуацыя іншая.

групы насельніцтва

% групы (па гадам перапісу)

1926

1959

1970

1979

1989

1999

2009

этнічныя беларусы ў насельніцтве БССР / Беларусі

80,22

81,1

81,0

79,4

77,9

81,2

83,7

беларусы, якія назвалі беларускую роднай мовай

71,8

84,2

90,15

83,50

80,22

85,6

60,8

Тамара Мацкевіч лічыць: рэзультаты перапісу паказваюць, што для карэннага насельніцтва Беларусі створаны неспрыяльныя ўмовы: «Знішчэнне беларускага ў грамадстве і сістэме адукацыі было мэтанакіраваным».

Эксперт «Ліберальнага клуба» Вадзім Мажэйка адзначыў, што мае значэнне механізм прасоўвання тых ці іншых ідэяў: «Беларускі народны фронт выкарыстоўваў даволі жорсткія меры для прасоўвання беларускай мовы. У ліку іншага такая палітыка выклікала неразуменне і ва ўладзе, і ў грамадстве. Была праблема адсутнасці тэрміналогіі на беларускай мове, а была неабходнасць выкладаць на мове, напрыклад. Вось і атрымаліся вынікі рэферэндуму. Яны хоць і былі несправядлівымі, але іх не адменіш сёння».

«Пытанне «мовы» вырашана раз і назаўжды»

Але што можна сёння зрабіць, каб вярнуць беларускую мову ў адукацыю?

Спадзяванняў на ўлады не шмат. Аляксандр Лукашэнка 29 студзеня на прэс-канферэнцыі для беларускіх і замежных СМІ заявіў: «Яно (моўнае пытанне. — рэд.) вырашана на рэферэндуме беларускага народа. У нас ёсць дзве родныя дзяржаўныя мовы — руская і беларуская. Гэта праблема закрытая, пакуль прэзідэнтам працуе, служыць беларускаму народу Лукашэнка».

Каментуючы выказванні міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова аб тым, што выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі ў школах можа быць на беларускай мове, Лукашэнка сказаў: «Я таксама ў СМІ гэта прачытаў. Можа, журналісты няправільна зразумелі. Можа быць, міністр хоча, каб калісьці ў Беларусі людзі геаграфію, гісторыю вывучалі на беларускай мове і гэтак далей... Хто яму можа забараніць так хацець? Гэта яго жаданне. Ён, як чалавек, як грамадзянін нашай краіны, можа і павінен гэтага жадаць. Але як палітык, якога прызначыў прэзідэнт, і калі ён пагадзіўся з гэтым прызначэннем, ён павінен рашэнні прэзідэнта выконваць. Рашэнне прыняў беларускі народ, я яго зацвердзіў, я гэтую палітыку праводжу. Мы не будзем адыходзіць ад гэтай палітыкі».

Лукашэнка заявіў, што руская мова, як і беларуская — гэта «здабытак нацыі»: «Наш народ нямала ўнёс у гэтую скарбонку рускай мовы, у гэтую жывую тканіну рускай мовы і выпакутаваў нямала, каб наша руская мова была роднай. Я лічу яе роднай мовай, пераважная большасць яе лічыць роднай мовай. І гэта тая спадчына і багацце, ад якой мы адмаўляцца не павінны».

Ён дадаў: калі ў Расіі кагосьці турбуе, што ў Беларусі нібыта ўшчамляецца руская мова, то «гэта не значыць, што кіраўніцтва Расіі, рускі народ так думаюць».

«Яны ж не трывожацца наконт таго, што ў Татарстане ці Башкартастане размаўляюць на татарскай, напрыклад, мове, што чачэнцы ці інгушы размаўляюць на сваёй мове. І падтрымліваюць гэта, — сказаў Лукашэнка. — І я падтрымліваю беларускую мову, таму што гэта тое, што нас адрознівае, напрыклад, ад рускага чалавека, ад расіян. Гэта прыкмета нацыі. Мы ж беларусы, таму нароўні з рускай мовай, якую мы выпакутавалі, мы маем беларускую мову, якая нас адрознівае як нацыю».

Ён таксама заявіў, што падзеі ва Украіне пачаліся «з бязмозглай нацыянальнай палітыкі і перадусім з мовы». «Я ўмею рабіць высновы. Ды мне не трэба Украіна, я да гэтага ўжо вызначыўся. І я сёння рады, што ў свой час я змог звярнуць галаву таму ашалеламу нацыяналізму, які быў у пачатку 90-х гадоў да майго прэзідэнцтва і калі я стаў прэзідэнтам», — сказаў Лукашэнка.

Беларускамоўны ўніверсітэт уратуе мову ў сістэме адукацыі?

Ёсць яшчэ пазіцыя Міністэрства адукацыі, якая агучваецца час ад часу — школ і класаў, дзе вучацца на беларускай мове, мала з тае прычыны, што бацькі ў гарадах не хочуць аддаваць туды сваіх дзяцей.

Ёсць меркаванне, што сітуацыя змянілася б, калі б у Беларусі з’явіўся беларускамоўны ўніверсітэт. Пакуль у Беларусі няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы, дзе б усё навучанне вялося толькі на беларускай мове. Гэта таксама ўплывае на выбар бацькамі мовы навучання для сваіх дзяцей, асабліва ў старэйшых класах школы.

Тамара Мацкевіч лічыць, што праблема не ў адсутнасці ўніверсітэта: «Бацькі не аддаюць у беларускую школу таму, што не вераць, што ім забяспечаць якаснае навучанне на беларускай мове, якое гарантавана Канстытуцыяй. Патрабаваць вучыць дзіця на беларускай мове — значыць стаць на шлях барацьбы с дзяржавай, якую не пераможаш. Законы ёсць, але яны не працуюць. Няма дзейснага надзейнага механізму адстойвання моўных правоў на практыцы, ёсць толькі на паперы. Вось і застаецца вучыць беларускай мове ў сям’і, на курсах, якія набываюць усё большую папулярнасць».

Вадзім Мажэйка кажа, што ў многіх краінах людзі вучацца не на сваёй нацыянальнай мове, а, напрыклад, на англійскай ці нямецкай, зыходзячы з практычных меркаванняў.

Ён канстатуе пасіўнасць і невялікую колькасць людзей, якія хацелі б, каб іх дзеці вучыліся на беларускай мове: «Я не бачу, каб тысячы людзей выступалі за беларускамоўнае навучанне сваіх дзяцей. Ёсць адзінкі, права на беларускамоўную адукацыю якіх парушаюцца, чаго быць, безумоўна не павінна».

На думку эксперта, мяккая беларусізацыя ў выглядзе моўных курсаў, усялякіх акцый і праектаў з’яўляецца дзейсным метадам прасоўвання роднай мовы: «Попыт на беларускую мову, культуру павялічваецца».

Але гэты попыт задавальняецца ў падполлі. Так, неафіцыйна на беларускай мове працягваецца навучанне ў зачыненым уладамі ліцэі імя Коласа. Ліцэй мае дамову аб супрацоўніцтве з дзвюма сярэднімі навучальнымі ўстановамі польскага горада Гданьска; частка вучняў перыядычна там вучыцца, праходзіць атэстацыю і атрымоўвае сертыфікаты.

На беларускай вучаць у Беларускім калегіуме. Асветніцкая дзейнасць Таварыства беларускай мовы, Таварыства беларускай школы, некалькіх курсаў беларускай мовы ніяк дзяржавай не падтрымліваецца.

І ўсё ж такі, лічыць Вадзім Мажэйка, пасля анэксіі Крыма стаўленне да беларускага з боку ўлады стала больш лаяльным: «Мы сталі чуць беларускую мову часцей. Гучаць думкі пра тое, што выкарыстоўванне мовы ў сістэме адукацыі будзе пашырацца. Выказваецца станоўча ў бок беларускай мовы і прэзідэнт».

Безумоўна, заўважыў Вадзім Мажэйка, хацелася б большай актыўнасці ўладаў па прасоўванні беларускай мовы ў грамадскае жыццё і адукацыю.

«Думаю, мяккая беларусізацыя працягнецца, у тым ліку на дзяржаўным узроўні, хаця б таму, што Расія змяняцца не мае намеру», — падсумаваў эксперт.


  • нешта са шрыфтам да графікаў (копі-паста): Ñîîòíîøåíèå êîëè÷åñòâà ó÷åíèêîâ, îáó÷àþùèõñÿ íà ðóññêîì/áåëîðóñêîì ÿçûêàõ (1994-2008) ( ГуглЬ Хром - шрыфты "аз дэфолт" - не мяняліся)
  • Открыл в гугл-хром. Всё нормально.