Рэферэндум-1995. Права на беларускую мову

Дзесяць законаў, якія абараняюць беларускамоўнага чалавека…

 

У Канстытуцыі 1994 года дзяржаўнай мовай была адна — беларуская. Пры гэтым руская лічылася мовай міжнацыянальных зносін. Рэферэндум 1995 года надаў ёй статус дзяржаўнай, і ў галоўным законе краіны ўжо ідзе гаворка пра роўнасць абедзвюх моваў. Але што на практыцы?



За мінулы год парламент прыняў толькі два законы на беларускай мове, усё астатняе — па-руску. Урад зацвердзіў каля 1300 пастановаў, з іх па-беларуску толькі 13%.

Каб адчуць “роўнасць моваў”, варта проста выйсці на вуліцы горада — колькі вы пабачыце шыльдаў на беларускай мове? Або ўключыць тэлевізар — куды падзеліся абяцаныя 50% эфіру па-беларуску?

Дыскрымінацыя беларускай мовы заўважаная і міжнароднымі экспертамі. Уладам на ўзроўні ААН рэкамендавана змяніць сітуацыю.

Naviny.by знайшлі 10 законаў, якія дапамогуць беларускамоўнаму чалавеку ўжо сёння абараніць права на мову.

 

Усеагульная дэкларацыя аб правах чалавека (артыкул 2) абвяшчае, што кожны павінен валодаць усімі правамі і ўсімі свабодамі, што абвешчаны гэтым дакументам, без якога б там ні было адрознення, у тым ліку па моўнай прыкмеце.

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (артыкул 27) замацоўвае, што ўсе людзі роўныя перад законам і маюць права на роўную абарону закона без усялякай дыскрымінацыі па якой бы то ні было прыкмеце, і мова — сярод іх.

У Камітэце па правах чалавека ААН зараз знаходзіцца на разглядзе зварот ад грамадзяніна Беларусі, які скардзіцца менавіта на моўную дыскрымінацыю.

Канстытуцыя (артыкулы 17, 50) не толькі дэкларуе, што дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца беларуская і руская, але таксама, што кожны мае права карыстацца роднай мовай і абіраць мову камунікацыі. Дзяржава пры гэтым гарантуе свабоду выбара мовы выхавання і навучання.

Дарэчы, паводле Кодэкса аб адукацыі (артыкул 2), дзяржава гарантуе забеспячэнне роўнасці беларускай і рускай моваў пры навучанні. Гэта норма апошнія 20 год груба парушаецца

Усе супрацоўнікі сістэмы адукацыі павінны валодасць беларускай і рускай мовамі. Гэта замацавана законам “Аб мовах” (артыкул 21). Цікавы факт — вучняў, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, могуць вызваліць ад навучання беларускай мовы — рашэнне прымае Міністэрства адукацыі (артыкул 23). Для рускай мовы такіх выключэнняў не зроблена.

Валодаць беларускай мовай, як і рускай, абавязаныя ўсе дзяржаўныя служачыя ў краіне. Усё ў тым жа законе “Аб мовах” адзначана таксама, што гэта правіла распаўсюджваецца і на супрацоўнікаў прадпрыемстваў, установаў і грамадскіх арганізацый (артыкул 4 закона “Аб мовах”). І гэтыя асобы павінны не толькі размаўляць з вамі па-беларуску, калі вы гэтага патрабуеце, але і даваць пісьмовыя адказы на мове звароту (артыкул 18 закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”).

Прывілеі або абмежаванні правоў па моўнай прыкмеце недапушчальныя (артыкул 6 закона “Аб мовах”). Публічная знявага, стварэнне перашкодаў і абмежаванняў выкарыстання дзяржаўных моваў (і рускай, і беларускай), прыводзяць да адказнасці.

Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях (артыкул 9.22) прадугледжвае за гэта штрафныя санкцыі — ад 4 да 10 базавых велічынь. Так што за адмову размаўляць з вамі па-беларуску можна напісаць не толькі ў кнігу скаргаў ці Facebook.

Пры гэтым закон “Аб мовах” замацоўвае, што акты дзяржорганаў прымаюцца на беларускай ЦІ рускай мовах (артыкул 7). Вось гэты злучнік “ці” дазваляе чыноўнікам ігнараваць канстытуцыйнае патрабаванне роўнасці дзвюх моваў, а таму большасць усіх заканадаўчых актаў прымаецца толькі на рускай мове і на беларускую нават не перакладаецца.

Да чаго гэта прыводзіць на практыцы?

Беларускамоўны грамадзянін не можа ў поўнай меры абараняць свае правы, паколькі нават калі суддзя пагодзіцца весці працэс па-беларуску (артыкул 13 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў), кіравацца ў разглядзе справы давядзецца рускамоўнымі законамі. Усе асноўныя кодэксы ў Беларусі прынятыя на рускай мове, на беларускую афіцыйнага перакладу няма. І фармальна суддзя, як і астатнія суб’екты працэсу, не мае права адвольна сам перакладаць нормы закона.

Дарэчы, кожны кандыдат на пасаду суддзі павінен валодаць беларускай і рускай мовамі (артыкул 94 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў). Асобнага іспыту на веданне моваў не праводзяць. Зрэшты, як і з патэнцыйнымі чыноўнікамі, хоць яны таксама абавязаныя валодаць абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі (артыкул 24 закона “Аб дзяржаўнай службе”).

Вядомыя выпадкі, калі суддзі адмаўляліся весці працэс па-беларуску. Больш за тое, беларускамоўнаму грамадзяніну адмаўлялі прадаставіць перакладчыка, што парушае нормы Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў (артыкул 13). Аргументацыя такая: усе мы вучыліся ў школе, а таму немагчыма ў Беларусі не ведаць рускую мову. Дзіўна толькі, чаму гэты аргумент не спрацоўвае наадварот — беларускую мову ж таксама ўсе вучылі ў школе.

У 2003 годзе Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у рашэнні “Аб выкарыстанні беларускай і рускай мовы ў сферы абслугоўвання, абарота банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання” звярнуў увагу на парушэнне балансу роўнасці выкарыстання дзвюх дзяржаўны моваў, у тым ліку ў сферы банкаўскага абслугоўвання грамадзян.

У адказ на гэта Нацыянальны банк звярнуўся да банкаў краіны з лістом “Аб выкарыстанні беларускай мовы”, у якім адзначалася, што трэба заключаць дамовы і па-руску, і па-беларуску — у залежнасці ад жадання кліента. “У мэтах практычнай роўнасці”, — адзначалася ў дакуменце.

Менавіта за гэта апошнія 20 год змагаюцца беларускамоўныя грамадзяне — за рэальнае права паўсюль і заўсёды карыстацца мовай — роднай, нацыянальнай, дзяржаўнай, беларускай.