Як у Магілёве зьбіраюцца ратаваць беларускамоўнае школьніцтва
Ялінка Салаўёва — адзіная вучаніца ў адзінай на весь Магілёў беларускамоўнай клясе…
У Магілёве за «круглым сталом» прадстаўнікі гарвыканкаму, грамадзкасьці і настаўнікі абмеркавалі стан беларускамоўнага навучаньня ў мясцовых установах адукацыі. Гаварылі пра тое, што сабою ўяўляе беларускамоўнае школьніцтва і як яго ўратаваць. Сустрэча адбылася ў школе № 1. У ёй адзіная на ўвесь горад беларускамоўная кляса з адной вучаніцай.
Нагодай для дыскусіі стаўся ліст былога выкладчыка Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова, а цяпер рэпэтытара матэматыкі Міхася Булавацкага ў аблвыканкам.
Удзельнікі дыскусіі: Міхась Булавацкі (справа), гісторык Ігар Пушкін (зьлева).
У лісьце руплівец беларускай мовы зьвінаваціў гарадзкія адукацыйныя органы ў тым, што яны пяць год ня могуць папоўніць беларускамоўную клясу вучнямі і зрабіць яе паўнавартаснай. Булавацкі сьцьвярджае: кіраўнікі мясцовай сыстэмы адукацыі катэгарычна адхіляюць прапановы Таварыства беларускай мовы і іншых грамадзкіх арганізацыяў супольна абмеркаваць праблему.
«А між тым, — даводзіў у лісьце намесьніку старшыні аблвыканкаму Міхась Булавацкі, — праблема ўжо дайшла да кіраўніцтва краіны і выклікала зьдзіўленьне».
Ужо падчас сустрэчы Міхась Булавацкі прапанаваў скарыстаць ягоныя веды і досьвед, каб бацькі аддалі сваіх дзяцей у адзіную ў горадзе беларускамоўную клясу. На ягоную думку, праблема непапулярнасьці беларускамоўнага навучаньня ня будзе вырашацца, пакуль «на поле беларускамоўнай адукацыі ня пусьцяць людзей кроўна зацікаўленых, каб беларусы ня зьніклі зь зямнога шару і ня вымерлі, як маманты».
«Сярод такіх — я, — заяўляў на сустрэчы Міхась Булавацкі. — Прапануючы свае паслугі, я не шукаю вакансіяў ці заробку — ён у мяне ёсьць. Гатовы працаваць з гэтай клясай без аплаты і сьцьвярджаю: кляса ў гэтым выпадку напоўніцца вучнямі».
Намесьнік старшыні гарвыканкаму Андрэй Кунцэвіч не пагадзіўся з выказваньнямі Булавацкага і іншых прадстаўнікоў грамадзкасьці, што кіраўніцтва магілёўскіх школ і аддзелы адукацыі нічога ня робяць дзеля пашырэньня беларускамоўнага навучаньня.
Прадстаўнікі гарвыканкаму і настаўнікі. У сярэдзіне — Андрэй Кунцэвіч.
«Гаварыць пра тое, што беларуская мова ў заняпадзе ў навучальным працэсе, я б ня стаў гэтак катэгарычна, як тут гучала, — казаў службовец на сустрэчы. — Адзінае, з чым бы я пагадзіўся — гэта тое, што мы павінны адказаць на адно пытаньне: чаму ў беларускамоўным клясе адна вучаніца і што трэба зрабіць, каб колькасьць гэтай клясы павялічылася».
На думку Андрэя Кунцэвіча, нягледзячы на тое, што навучальны год ужо пачаўся, нічога не перашкаджае папоўніць вучнямі беларускамоўную клясу. «Калі будуць ахвотныя ў ёй вучыцца», — заўважыў, аднак, ён.
На пытаньне, ці праблема тое, што ў абласным горадзе існуе адна беларускамоўная кляса з адным вучнем, Андрэй Кунцэвіч адказаў:
«У гэтым я ня бачу вялікай праблемы. Але, на маю думку, пытаньне тут у жаданьні бацькоў, каб іхныя дзеці вучыліся на беларускай мове».
Ялінка Салаўёва — адзіная вучаніца ў адзінай на весь Магілёў беларускамоўнай клясе.
«Беларускамоўная кляса з адным вучнем сьведчыць, што дзяржава пры жаданьні бацькоў і дзіцяці здольная забясьпечыць неабходныя ўмовы навучаньня нават для аднаго школьніка. Гэта вельмі важны пасыл», — казаў Андрэй Кунцэвіч.
На сустрэчы прадстаўнікі грамадзкасьці выказвалі незадаволенасьць тым, як інфармуюць бацькоў пра беларускамоўную клясу. Паводле іх, замала рэклямы пра яе. У адказ чулі: сайты навучальных устаноў разьмяшчаюць такія абвесткі. Зьяўляюцца абвесткі і ў мясцовых газэтах. На бацькоўскіх сходах таксама інфармуюць пра беларускамоўную клясу.
Надзея Салаўёва, маці адзінай беларускамоўнай вучаніцы, са скрухай адзначыла: рэклямны ролік пра клясу, зроблены летась, паказалі толькі адзін раз на прыватным тэлевізійным канале «Магілёў-2».
На сустрэчы пагадзіліся, што рэклямаваньне беларускамоўнай клясы варта аднавіць.
Надзея Салаўёва зазначыла, што ў яе няма прэтэнзіяў да настаўнікаў і адміністрацыі школы, дзе вучыцца ейная дачка.
«Я дужа ўдзячная адміністрацыі школы, што наша Ялінка вучыцца ў добрых умовах. У яе добрыя настаўнікі. У нас не перарываюцца стасункі з пэдагагічным калектывам», — казала Надзея Салаўёва.
Яна падтрымала прапанову, каб на наступны год паспрабаваць зрабіць беларускамоўную клясу экспэрымэнтальнай ці профільнай, напрыклад, з матэматычным ухілам. На яе думку, такі падыход паспрыяе папулярнасьці клясы сярод тых вучняў, якіх захочуць зьвязаць сваю будучыню з найноўшымі тэхналёгіямі.
Надзея Салаўёва
Дырэктарка школы Алена Мачэкіна заўважыла: праблемаў з сацыялізацыяй Ялінкі Салаўёвай зь дзецьмі іншых клясаў няма. Некаторыя прадметы, дзе няма беларускай мовы, казала пэдагог, па згодзе бацькоў Ялінка вывучае разам з вучнямі адной з клясаў.
Выступалі на сустрэчы і настаўнікі, якія свае ўрокі праводзяць на беларускай мове. Сярод іх Юрась Каласоўскі. «У мяне такі прынцып: я гавару зь дзецьмі і ў прысутнасьці дзяцей толькі па-беларуску», — казаў ён.
«І тыя адзінаццаціклясьнікі, якіх я выпусьціў летась, цалкам адэкватна да гэтага ставіліся. Яны і іхныя бацькі ведалі, што я змагу, калі будзе незразумелае слова, ім яго патлумачыць. Многія мае вучні імкнуцца гаварыць са мной па-беларуску ў школе».
«Я яшчэ праводжу курсы «Мова Нанова», — працягваў Каласоўскі. — Мае вучні ў вольны час наведваюць іх без усялякага з майго боку стымуляваньня. Дзесяць вучняў прыходзяць штотыдзень і нароўні з дарослымі вывучаюць тонкасьці беларускай мовы».
Кіраўнік магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў на сустрэчы выказаў незадавальненьне, як зь беларускай мовай знаёмяць выхаванцаў дзіцячых садкоў. Абавязковы дзень вывучэньня роднай мовы, паводле актывіста, у шмат якіх садках ігнаруецца.
Удзельнікі дыскусіі: гісторык Аляксандар Агееў (справа), Алег Дзьячкоў (зьлева).
«Я праводжу экскурсіі для вучняў пачатковых клясаў і дзіцячых садкоў. Дык многія, калі я гавару зь імі па-беларуску, пытаюць: «А чаму вы з намі размаўляеце па-ангельску?». Я перакананы: дзеці зь дзіцячых садкоў, калі ідуць у школу, павінны быць прызвычаеныя чуць беларускую мову, а яны яе ўспрымаюць як замежную. Большасьць беларускую мову проста не разумеюць», — казаў Алег Дзьячкоў.
На гэта пэдагогі і чыноўнікі адказалі: «Пашырэньне беларускамоўнага навучаньня — справа агульная». Актывістам Таварыства беларускай мовы, казалі яны Дзьячкову, варта актыўней далучацца да такой справы, а ня толькі крытыкаваць.
Паводле супрацоўнікаў гарвыканкаму і настаўнікаў, выпускнікі школ паказалі някепскія вынікі па беларускай мове на цэнтралізаваным тэставаньні. Сярэдні бал па беларускай мове і літаратуры, казалі яны, быў сярод найвышэйшых сёлета.
На сустрэчы выказвалася пажаданьне, каб у Магілёве штогод адкрывалі адну беларускамоўную клясу.
Вынікі сустрэчы падсумаваў Андрэй Кунцэвіч. Паводле яго, у наступным годзе высілкі варта засяродзіць на тым, каб папоўніць вучнямі беларускамоўную клясу, якая ўжо існуе.
«Я разумею, што гэта складана, але паспрабаваць трэба», — выказаўся ён.
«Другое пытаньне, — працягнуў намесьнік старшыні гарвыканкаму. — Варта прыкласьці намаганьні, каб у наступным годзе набраць вучняў у першую беларускамоўную клясу. Для яе базавай школай павінна стаць першая. У ёй назапашаны адпаведны досьвед».
Удзельнікі дыскусіі дамовіліся сустрэцца яшчэ раз у студзені.
Кляса зь беларускай мовай навучаньня зьявілася ў Магілёве пасьля амаль дзесяцігадовага перапынку дзякуючы намаганьням грамадзкасьці. Калі надышоў час запісваць у яе дзяцей, гэта зрабіла толькі сям’я Салаўёвых. Непрацяглы час разам зь Ялінкай вучыліся яшчэ двое дзяцей, але з-за праблемаў у сям’і іх перавялі ў іншую школу. Ялінка Салаўёва цяпер у шостай клясе.
Обсудим?