Мастацтва і бізнэс: жабрацтва ці партнёрства?

Беларускі бізнэс і беларускае мастацтва суіснуюць ў розных вымярэннях, не перасякаюцца і не выходзяь на адну арбіту. Яны нават...

Вечарам першага красавіка культурніцкая кампаніі “Будзьма беларусамі!” сабрала ў крэатыўнай прасторы ЦЭХ экспертаў у галіне культуры і прадстаўнікоў бізнэса для сур’ёзнай размовы. У самы несур’ёзны дзень года прысутным было не да жартаў. Цягам двух гадзін пры актыўным уключэнні слухачоў на чыстую ваду выводзіліся ўзаемаадносіны паміж бізнесам і мастацтвам.

Каардынатар дыскусіі паэт і шоўмэн Усевалад Сцебурака адразу акрэсліў два глабальныя пытанні, на якія неабходна было знайсці канкрэтныя адказы.

У першай частцы ток-шоў мы высвятлялі, што зараз адбываецца з мецэнацтвам у Беларусі, на якім свеце камунікацыя паміж прадстаўнікамі мастацтва і бізнэсу.

Другая частка дыскусіі была прысвечаная пытанню што трэба рабіць для таго, каб сітуацыя палепшылася, каб узаемаадносіны сталі плённым узаемакарысным партнёрствам?

Запрошанымі экспертамі, якія акрэслівалі сітуацыю і давалі парады па пераадольванні дыстанцыі паміж мастацтвам і бізнэсам, сталі Уладзімір Шаблінскі (арганізатар канцэртаў, прадзюсар, уладальнік хутара Шаблі), Ірына Карзюк (кіраўнік групы карпаратыўных камунікацый кампаніі Velcom), Маргарыта Корзун (культурніцкі менеджар, бізнес-аналітык, трэнер), Анастасія Сцёпіна (каардынатар праектаў фонду “Ідэя”), Вольга Сямашка (юрыст).

Партнёрства і сацыяльная адказнасць

Натуральна, у Беларусі не ўсё гладка ва ўзаемаадносінах паміж бізнэсам і мастацтвам. Іначай не было б і дыскусіі на гэтую тэму. Калі за мяжой для бізнэса спрыяць развіццю мастацва — з’ява натуральная, то ў нас пакуль што гаворка ідзе не пра спрыянне развіццю культурнай прасторы, а пра кропкавую дапамогу праектам і асобам. Атрымліваецца амаль невырашальная сітуацыя: з аднаго боку, культура ўспрымае бізнэс як дойную карову і прыходзіць з працягнутай рукой, з іншага, бізнэс успрымае культуру як пабіруху, а то і як непрыемную “нагрузку”, якую трэба цягнуць.

“Найперш сёння дзеячам мастацтва трэба імкнуцца да самаакупальнасці, — лічыць Уладзімір Шаблінскі. — У ідэале арганізатары канцэртаў не мусяць разлічваць на падтрымку інвестараў. Нам трэба да гэтага імкнуцца. Мы можам скарыстоўваць грошы на правах пазыкі, у гэтым нічога кепскага няма, але трэба выходзіць на самаакупальнасць. Для гэтага найперш трэба вызначыць матывацыю як з боку шукальніка грошай, так і з боку таго, хто гэтыя сродкі дае. Бо разуменне матывацыі — галоўнае для таго, хто дае грошы”.

Маргарыта Корзун лічыць, што на першым этапе свайго развіцця дзеячы культуры павінныя траціць на свой занятак уласныя грошы: “Добра, калі маладыя музыкі ўкладаюцца ў сваю творчасць. Гэта паказвае, хто сапраўды хоча займацца музыкай, а хто проста хоча быць у тусоўцы. Падтрымліваць гутры — не функцыя бізнэса! Калі ён пачне стала займацца мастацтвам, то забудзе, як зарабляць грошы”.

Таксама Маргарыта акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што “варта не прасіць нечага ад бізнэсоўцаў, а прапаноўваць. Адносіны павінны быць партнёрскімі, не павінна быць пазіцый “я прашу” і “я падаю”.

Узорам такога паспяховага партнёрства Ірына Карзюк назвала праект Smart Art, рэалізаваны некалькі год таму галерэяй сучаснага мастацтва “Ў” разам з кампаніяй Velcom: “Нам важна разумець, што мы можам даць удзельнікам тых ці іншых мастацкіх праектаў. Мы як прадстаўнікі бізнэса зацікаўленыя не ў тым, каб да нас працягваліся рукі па грошы, мы хочам наладжваць партнёрскія стасункі. У нас ёсць для гэтага магчымасці і сродкі, ёсць інтарэс падтрымліваць беларускую культуру”.

Падтрымка культурных акцый і праектаў — частка карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці многіх буйных кампаній, адзначыла Анастасія Сцёпіна: “Я магу зазначыць, што падтрымка мастацтва з боку бізнэс-кампаній — усё больш і больш становіцца тэндэнцыяй. Часта прадстаўнікі бізнэса прыходзяць самі да нас з прапановамі: мы хочам падтрымаць мастацкі праект. Канечне, пакуль у Беларусі ўзровень такой падтрымкі не дацягвае да замежнага, аднак пачатак пакладзены”.

Вольга Сямашка, у сваю чаргу, адзначыла, што ў Беларусі неспрыяльны заканадаўчы клімат для масавай і сур’ёзнай падтрымкі мастацтва: “У нас абмежаваная дапамога з-за мяжы, што супярэчыць прынцыпу свабоды асацыяцый. Часта фінансавая дапамога аказваецца праз асабістыя ахвяраванні. Ведаю, што часта для рэалізацыі культурных праектаў даводзіцца нелегальна правозіць грошы з-за мяжы. Гэта вельмі сумна”.

Прыйсці на выбары і не даць сябе падмануць

Падыходзячы да адказу на пытанне, чаму бізнэс не спяшаецца даваць грошы на развіццё мастацтва, а дзеячы культуры па-ранейшаму лічаць, што бізнэс ім павінны, Уладзімір Шаблінскі адзначыў:

“Сітуацыя зменіцца толькі тады, калі ўладальнікі бізнэса перастануць успрымаць падтрымку мастацкіх праектаў як прасоўванне свайго прадукта. Калі гэта для іх стане ўкладам у стварэнне культурнай прасторы краіны, у якой будуць жыць іх дзеці. Пакуль жа яны адпраўляюць дзяцей вучыцца і жыць за мяжу. Толькі калі вырасце дробны бізнэс, перастане думаць аб тым, як зарабіць грошы, ён зможа аддаваць на развіццё культуры”.

Калі Усевалад Сцебурака задаў спікерам канкрэтнае пытанне: “Што рабіць, каб змяніць сітуацыю ў лепшы бок?”, Шаблінскі адказаў каротка і ёміста: “Прыйсці на выбары і не даць сябе падмануць”.

Вольга Сямашка бачыць вырашэнне праблемы ў яднанні дзеячоў мастацтва. Толькі пры сумеснай працы на агульную справу, лічыць юрыст, сітуацыя зменіцца да лепшага.

У другой частцы ток-шоў да дыскусіі актыўна падключылася зала. Так, культуролаг Вадзім Мажэйка сарваў апладысменты, выказаўшы меркаванне, што “людзі мастацтва павінны змяніць сваё стаўленне да бізнэсоўцаў. Не трэба прасіць сродкі, прытрымліваючыся шкоднай пазіцыі “вы нам павінныя!” Гэта толькі раздражняе. Лепш прыйсці як партнёр і спытацца ў кампаніі, што ёй цікава? Тады і бізнэс памяняе сваё стаўленне да мастакоў, перастане глядзець на іх як на жабракоў”.

З эмацыйнай прамовай выступіла паэтка Антаніна Хатэнка: “Мы гаворым пра нейкае спажывецкае стаўленне адзін да аднога! Пра мадэль узаемаадносінаў, пры якой адзін аднога падкормлівае. Варта думаць пра тое, што ў нас папросту няма культуры спажывання культурнага прадукта! Аб чым далей можна гаварыць? Каму мы будзем паказваць тое, на што просім грошы ў бізнэса? Каму гэта ўсё трэба? Давайце ствараць культурную прастору, а не чакаць, калі нам нешта дадуць!”.

Жанчына з залі, якая прадставілася прадстаўніком бізнэса, закранула пытанне адарванасці бізнэсоўцаў ад культурнага кантэксту: “Я адчуваю культурны голад. Калі да мяне прыходзяць маладыя людзі і прыносяць праекты, якія мы можам падтрымаць, у мне ўзнікае лагічнае пытанне: а як я, не ведаючы, што зараз адбываецца ў нашай культуры, змагу ацаніць, добры ці кепскі праект мне прапануюць падтрымаць? Хто мне можа ў гэтым дапамагчы?”.

Таксама было выказанае меркаванне, што мастак, музыка ці пісьменнік не павінныя займацца напісанне праектаў і хаджэнем па бізнэс-структурах, гэтым павінныя займацца культурныя мэнэджэры, якія могуць аформіць і прадаць ідэю. Зрэшты, праблема адсунасці ў Беларусі інстытута культурнага мэнэджмэнту вартая асобнай вялікай дыскусіі.

Прадзюсар Зміцер Саладуха адзначыў, што дзеячы культуры і бізнэса кепска і мала ведаюць адзін аднога: “Трэба знаёміць бізнэс з прадстаўнікамі мастацтва”.

Мадэратар сустрэчы Усевалад Сцебурака, падсумоўвачы гутарку, адзначыў, што праблема ўзаемаадносінаў паміж культурай і бізнэсам палягае ў адсутнасці агульнай камунікатыўнай прасторы. Атрымліваецца, што беларускі бізнэс і беларускае мастацтва суіснуюць ў розных вымярэннях, не перасякаюцца і не выходзяь на адну арбіту. Яны нават размаўляюць на розных мовах. Не толькі ў пераносным, але часта і ў прамым сэнсе.