Купалаўскі тэатр пакажа “ART” у Парыжы
З 16 па 17 чэрвеня Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прыме ўдзел у праекце пасольства Беларусі ў Францыі і пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА “Першыя тэатральныя сезоны Беларусі ў Францыі”.
У межах дадзенага мерапрыемства 16 чэрвеня ў Парыжы ў тэатры Les Feux-de-la-Rampe адбудзецца паказ прэм’ернага спектакля Купалаўскага тэатра “ART” у пастаноўцы Мікалая Пінігіна.
Інтэлектуальная камедыя вядомага французскага драматурга Ясміны Рэза распавядае пра трох 40-гадовых сяброў, якія перажываюць крызіс сярэдняга веку, здольны разбурыць даўнюю прыязнасць. Праз камізм сітуацыі паступова прыходзіць разуменне складанасці мастацтва чалавечых дачыненняў, поўнае непаразуменняў, жорсткасці і неверагоднай пяшчоты.
П’еса “ART” была перакладзена на 35 моваў і пастаўлена ў шматлікіх тэатрах свету. У Парыжы спектакль пакажуць на беларускай мове з французскімі тытрамі.
17 чэрвеня ў рамках культурнага праекта ў Парыжы майстар-клас для французскіх студэнтаў, якія вывучаюць акцёрскае і тэатральнае мастацтва, правядуць заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін і артысты-купалаўцы Павел Харланчук, Алег Гарбуз і Сяргей Чуб.
Обсудим?