Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Як бэля рускія
Беларусы ў мове сваёй фальшывяць па поўнай праграме і па вялікім рахунку. Я не пра тое, што гавораць больш па-расійску, чым па-беларуску...
Асаблівасці мовы-2
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама». |
Не мною заўважана, мова — гэта мысленне. Думанне, уяўленне, «стан мазгоў». Каб зразумець, што адбываецца з намі, можна слухаць ацэнкі палітыкаў, а можна сачыць за асаблівасцямі мовы, якія часта па-здрадніцку выдаюць фальш нашых грамадскіх стэрэатыпаў, нашых уяўленняў пра саміх сябе, нашага мыслення.
Беларусы ў мове сваёй фальшывяць па поўнай праграме і па вялікім рахунку. Я не пра тое, што гавораць больш па-расійску, чым па-беларуску, а яшчэ больш — на дзвюх мовах адразу. Гэта якраз не самая вялікая праблема. Бяда, калі белае называюць чорным, злое — добрым, а чужое — сваім. Пачынаючы з назвы краіны — Рэспубліка Беларусь. Нехта ж дадумаўся другое слова ў гэтай назве — не скланяць. Што атрымалася? Што слова «Беларусь» у нас не скланяецца — як замежнае. У Рэспубліцы Беларусь, пасол Рэспублікі Беларусь, ганаруся Рэспублікай Беларусь. Сваё (а дакладней, самае сваё з усяго, што можа быць) выглядае як запазычанае. Як Зімбабве ці Марока. Больш за тое. У такім (абсалютна афіцыйным, канстытуцыйным) варыянце слова Беларусь — як нязменнае — просіцца, каб яго ўзялі ў двукоссе — у Рэспубліцы «Беларусь»! А ў аўдыёварыянце так і гучыць у двукоссі, ці то з іроніяй, ці то з намёкам.
Каб вычуць гэты дысананс, да якога мы даўно прывыклі, звярніцеся да іншых славянскіх моваў і ўявіце, каб паляк сказаў: В Жэчпосполітэй Польска; ці каб расіянін карыстаўся выразам — прэзідэнт Федэрацыі Расія...
Здавалася б, што за дробязі! Але якраз гэткія дробязі фармуюць адносіны беларусаў да сваёй краіны на самым глыбокім, падсвядомым узроўні. Выглядае як што чужое і не надта добрае. Не сакрэт, што беларусы ставяцца да дзяржавы Беларусі не так, як французы да Францыі ці чэхі да Чэхіі, а — з пэўным глыбока схаваным недаверам. Што, натуральна, зусім не спрашчае ім жыцця і адносінаў з навакольным светам.
Са школы мы ведаем (хто не забыў), што назву Беларусь у яе сучасным разуменні замацаваў за краінай Францішак Багушэвіч у 1891 годзе. Багушэвіч пісаў па-беларуску лацінкай — як да яго Кастусь Каліноўскі і яшчэ многія пачынальнікі нацыянальнай ідэі. Беларуская мова доўгі час вагалася паміж лацінскай графікай і кірылічнай. Словам, прынцыпы пісьма па-беларуску лацінкай распрацаваныя дасканала і нават лепш, чым кірыліцай. Дык вось (прывітанне Багушэвічу!) наша сённяшняя афіцыйная міжнародная назва — Belarus — лацінкай па-нашаму ж, па-беларуску, чытаецца як — Бэлярус. Прынамсі, і Багушэвіч, і Каліноўскі прачыталі б менавіта так. А Лявон Вольскі іранічна ператлумачыў — гэта як п’яны рускі (п’яны як бэля). Зноў атрымліваецца дэструкцыя. Альбо гэта нам ніяк не ўдаецца «называць рэчы сваімі імёнамі», альбо нехта нешта напартачыў з нашымі чароўнымі словамі, без якіх наш дружны народ неяк не зусім, не да канца, не з поўным даверам разумее, хто ён, што ён і дзе ён.
У кантэксце такой дэзарыентацыі часта забаўна гучыць азначэнне «беларускі». Скажам, у паведамленнях «варожых галасоў» можна было пачуць: беларускі прэзідэнт адабраў Дом літаратара ў Саюза беларускіх пісьменнікаў. Натуральнае пытанне — мабыць, нехта з іх — ці то прэзідэнт, ці то пісьменнікі — усё ж не беларускі, інакш у чым канфлікт? Альбо вось яшчэ з тых «галасоў» — пра беларускі ўрад, які з году ў год планамерна змяншае колькасць беларускіх школ...
Нічога падобнага не пачуеш і не пабачыш у нашых суседзяў. Усеагульны рогат магло б выклікаць наступнае паведамленне «варожага голаса»: «Літоўскі прэзідэнт заявіў сёння журналістам, што літоўцы — гэта тыя самыя палякі, толькі са знакам якасці»... А ў нас такія рэчы праходзяць, прычым ледзьве не як норма. Бо ў аснове нашага мыслення і грамадскіх стэрэатыпаў — не трывалыя базавыя паняцці, а зыбучы пясок.
Да прыкладу, на нядаўняй прэс-канферэнцыі многія звярнулі ўвагу на «свінушнік», у якім, нібыта, жылі бабруйскія яўрэі. Але ніхто не заўважыў ніяк не меншай крыўды свайму ўласнаму народу. Было сказана: «Мы не можам адмовіцца ад расійскай мовы, хоць таму, што па-беларуску няма некаторых тэрмінаў у прыродазнаўчых дысцыплінах».
Гэтак «нечыстаплотныя» яўрэі апынуліся побач з «непрыдатнай» беларускай мовай. Дык за першых, дзякуй Богу, ёсць каму заступіцца. Што да другой, дык хоць бы я тут не прамаўчу.
Навуковыя тэрміны не бяруцца з народных песень або твораў Шэкспіра і Чэхава. Як правіла, іх ствараюць у акадэмічных інстытутах па меры ўзнікнення новых паняццяў і адкрыцця новых з’яваў. У найбольш дружных народаў новы тэрмін прыдумляюць усёй нацыяй, праводзячы ўсеагульны конкурс і абмеркаванне. Гэтак эстонцы ўсе разам прыдумалі, як па-эстонску будзе камп’ютэр. Між іншым, вельмі творчы занятак, падымае дух і аб’ядноўвае народ. Шкада, што ўявіць сабе нешта падобнае ў сённяшняй Беларусі немагчыма. У нас «некаторых тэрмінаў няма» — гучыць як прысуд: і быць не можа! Таму, таварышы расіяне, паколькі вы свае тэрміны ўжо прыдумалі, дазвольце сказаць, што і нам расійская мова не чужая.
Не мною заўважана: як карабель назавеш, так ён і паплыве. Так і плывем, «бэлярусы» ў спыненай вадзе.
Обсудим?