Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Што мне сказаць пілётам?..

Хіба мы ўсе не на самалёце, які ляціць задам наперад у невядомае заўтра? І ці ёсьць у нас у запасе сваё чароўнае слова?..

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Уражваюць навіны пра зьніклы самалёт кампаніі Air France.

Калі ў 2001-м адбывалася тэрарыстычная атака на ЗША, на адным з захопленых самалётаў — тым, што ляцеў на Пэнтагон, тэрарысты дазволілі пасажырам перад сьмерцю затэлефанаваць сваякам. Барбара Олсан, жонка намесьніка міністра юстыцыі ЗША Тэадора Олсана, здолела зьвязацца з мужам двойчы. Першы раз яна сказала: «Наш самалёт захоплены», другі раз прасіла дапамогі: «Што мне сказаць пілётам?» У Тэадора Олсана было некалькі сэкундаў, каб прыдумаць такія словы, якія б спынілі катастрофу. Ён ня змог.

Не хапіла яму крэатыўнасьці, рэакцыі, слоўнага запасу. Праз увесь свой жыцьцёвы шлях ён не ўзбагачаў уласную памяць, а наадварот, як сапраўдны япі, рацыяналізаваў яе, адкідаючы ўсё, што ніколі больш не спатрэбіцца. Але дзе ж ты будзеш ведаць наперад, што спатрэбіцца, а што не. Верагодна там, у адкінутым, і было тое чароўнае слова, якога зараз, у патрэбную сэкунду, не знайшлося.

Цяпер — гісторыя францускага ляйнэра. Я не магу нічога ведаць пра тое, што там адбывалася, апроч таго, што гібель ці нягібель гэтага самалёта ніколі ня будзе раскрыта. Гэта ўжо мой досьвед спажыўца інфармацыі. Нічога з таго, што самае важнае, ніколі ня будзе раскрыта й высьветлена да канца. Будуць толькі інтэрпрэтацыі.

Здараецца, вядома, што сьвет раптам прыме нейкую вэрсію, а зьменіцца пакаленьне, і — капаюць па новай.

Але я пра слова. Пра «што мне сказаць пілётам». Чамусьці мне здаецца, што й на францускім самалёце сваю ролю адыграла слова. Ці яго адсутнасьць. Па вялікім рахунку, усё пачынаецца і ўсё сканчаецца словам. Ад самага першага моманту стварэньня.

А што там яшчэ магло быць? Страшны ўраган — які б ні быў страшны, пілёты рыхтуюцца да такіх рэчаў. Ну, хоць бы сесьці на ваду ім нічога не замінала. Паломка самалёта? Кажуць, гэтыя машыны — самыя надзейныя. Прышэльцы з космасу? Можа быць. Але там таксама ўступае ў сілу антрапаморфны аспэкт і — на самым піку яго — слова.

Да нейкага часу ўсё, што я кажу — мэтафара. І, вядома ж, пра нас з вамі. Хіба мы ўсе не на самалёце, які ляціць задам наперад у невядомае заўтра? І ці ёсьць у нас у запасе сваё чароўнае слова?..

Калі я чую, што беларускаму слову капцы, я думаю, што рана ці позна лёс пашле й нам, беларусам, выпрабаваньне — невядомую сілу, якая будзе спраўджаць нас на жывучасьць. Гэта адбудзецца ў любой форме і ў любы час. Раптам уся нацыя апынецца перад выбарам — назвацца або зьнікнуць. Скажыце, хто вы?.. І мы, як тая жонка, будзем нэрвова шаптаць у дзірачкі мабільніка — «што мне сказаць пілётам»? А на тым канцы — дзе наша другая палова — будуць пакутліва, хаатычна й сьмертаносна маўчаць.

А «чорныя скрынкі» — як слоўнікі мовы, нават калі іх знойдуць, за нас ужо нічога ня скажуць.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.