Рэферэндум-1995. Антыгероі беларускай мовы
Naviny.by узгадалі асобаў, якія ў 90-я лабіравалі змены для рускай мовы і спрычыніліся да русіфікацыі, якая працягваецца і сёння…
У 1995 годзе ў Беларусі прайшоў рэферэндум, у выніку якога руская мова стала дзяржаўнай. Цяпер у Канстытуцыі адзначана, што і руская, і беларуская мовы маюць роўны статус. Але насамрэч апошнія 20 год беларуская мова сістэматычна выцясняецца з усіх сфер грамадска-палітычнага жыцця.
Naviny.by узгадалі асобаў, якія ў 90-я лабіравалі змены для рускай мовы і спрычыніліся да русіфікацыі, якая працягваецца і сёння.
Былы дэпутат Вярхоўнага савета Сяргей Навумчык у кнізе “Дзевяноста пяты” прыгадвае, што у падтрымку рэферэндума-1995 выступалі толькі нешматлікія, нават мізерныя па сваёй колькасьці групы.
Алег Трусаў, які разам з Навумчыкам, быў дэпутатам парламента, таксама кажа, што народ станоўча ўспрымаў распаўсюджванне беларускай мовы. Ініцыятыва пра рэферэндум, па яго меркаванні, сыходзіла з Масквы, і была падтрымана Аляксандрам Лукашэнкам.
Лукашэнка: “Беларуская мова — бедная мова”
У канцы 1994 года новаабраны прэзідэнт выступіў на сэсіі гарсавета ў Гомелі, дзе ў абразлівай форме выказаўся пра беларускую мову і тых, хто на ёй гаворыць.
“Людзі, якія размаўляюць па-беларуску, не могуць нічога рабіць, апроч як размаўляць на ёй, таму што па-беларуску нельга выразіць нічога вялікага, — сказаў ён. — Беларуская мова — бедная мова. У свеце існуе толькі дзве вялікіх мовы — руская і англійская”.
Ужо пасля рэферэндума Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што “ніякіх спрэчак наконт мовы быць не можа”.
“Мы ледзь не раскалолі нацыю па моўным прынцыпе, — казаў ён у 1998-м на сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі. — Мы самым дэмакратычным спосабам спыталі ў людзей, як быць? (маецца на ўвазе рэферэндум 1995 года — Naviny.by). І 90 з лішнім працэнтаў выказаліся на гэты конт. І я, як кіраўнік дзяржавы, павінен прытрымлівацца гэтага волевыяўлення, праводзіць дзяржаўную палітыку і адстойваць дзяржаўныя інтарэсы”.
Адзначым, што паводле афіцыйнага паведамлення Цэнтрвыбаркама, за наданне рускай мове статусу дзяржаўнай прагаласавала 83,3% выбаршчыкаў.
“Ніхто так не лабіраваў правядзенне рэферэндума, як Замяталін”
Па словах Аляксандра Фядуты, які быў членам перадвыбарчага штабу Лукашэнкі, а пасля перамогі на выбарах — начальнікам упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі адміністрацыі, 1995 год стаў зорным часам для Уладзіміра Замяталіна.
“Яго ўзялі пад рэферэндум”, — пісаў Фядута.
Па ўспамінах сведкаў, ніхто так імпэтна не прабіваў першы рэфэрэндум, як Замяталін, ніхто так не настойваў на статусе рускай мовы як другой дзяржаўнай.
Менавіта ў кабінэце Замяталіна, адзначаў Фядута, знік відэазапіс збіцця дэпутатаў парламента ад апазыцыі, якія галадоўкай выказалі сваю нязгоду з ініцыятывай правесці рэфэрэндум у1995-м.
Пісьменнік Генадзь Бураўкін на сустрэчы з Лукашэнкам заўважыў, што не памятае, каб Замяталін, які на той момант з’яўляўся віцэ-прэм’ерам па пытаннях культуры, адукацыі і рэлігіі, прысутнічаў на прэм'ерах спектакляў ці адкрыцці выставаў.
“Мне здаецца, ён залішне захапіўся бяздумнай падтрымкай Славянскага сабора”, — адзначыў Бураўкін.
“Чыноўнік, які не праводзіць лінію прэзідэнта, з прэзідэнтам працаваць не будзе”, — адказаў Лукашэнка на крытыку ў бок Замяталіна, якія пасля таго яшчэ доўга заставаўся ў верхнім эшалоне ўлады.
Вольга Абрамава: краіна была не гатова да беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай
Перажыванні за рускую мову змянілі кар’еру не толькі Замяталіна, але і будучага дэпутата парламента Вольгі Абрамавай.
У 90-я яна была выкладчыкам ва ўніверсітэце. Па яе словах, аднойчы рэктар ва ўльтыматыўнай форме запатрабаваў, каб яна пачала праводзіць лекцыі па-беларуску. І хоць Вольга Міхайлаўна нарадзілася ў Мінску, скончыла беларускі ўніверсітэт і, па яе ж словах, мела выдатныя адзнакі ў атэстаце па беларускай мове і літаратуры, такое патрабаванне кіраўніцтва яна ўспрыняла як парушэнне яе правоў на свабоду выбару мовы.
“Я была вельмі актыўнай прадстаўніцай інтэлігенцыі, хадзіла на мітынгі і ведаю, як БНФ агітаваў за сваіх прадстаўнікоў у парламент, — казала яна пазней у інтэрв’ю. — Я да таго часу ўжо мела поўнае ўяўленне пра тое, што будзе (ва ўсялякім выпадку, на моўным узроўні) ў выпадку прыходу БНФ да ўлады — я гэта ўжо выпрабавала на сабе. І тады я зразумела, што трэба займацца палітыкай, таму што яна ўжо занялася мной”.
Абрамава перайшла на працу ў іншы ўніверсітэт і разам з паплечнікамі пачала прасоўваць свой варыянт закона “Аб мовах”. У 1993 годзе яна разам з Леанідам Злотнікавым і Аляксандрам Патупам накіравала дакумент у парламент, аднак яго пакінулі без разгляду, сцвярджае Вольга Абрамава.
Па яе меркаванні, у 90-я гады статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай быў несвоечасовы для краіны.
“Не была падрыхтавана матэрыяльна-тэхнічная база, кадры, — кажа яна. — Падручнікаў па-беларуску таксама не было. Да таго ж, з лінгвістычнага пункту гледжання няправільна адначасова вучыць дзяцей і рускай, і беларускай мове. Патрэбны прамежак у чатыры гады, інакш яны будуць блытацца і не ведаць правілы мовы”.
І хоць Абрамава прызнае, што зараз у Беларусі беларуская мова знаходзіцца ў горшай сітуацыі, чым руская, пра свае заявы і захады дваццаць год таму яна не шкадуе:
“Калі б сёння трэба было вырашаць моўнае пытанне, маё рашэнне не змянілася б. Асабліва на фоне тых крывавых падзей, якія адбываюцца ва Украіне”.
Гайдукевіч: руская мова стала дзяржаўнай для захавання стабільнасці
У кнізе Сяргея Навумчыка і ў іншых крыніцах згадваецца, што яшчэ да правядзення першага рэферэндума “Народны рух Беларусі” на чале з Сяргеем Гайдукевічам выступіў з ідэяй правядзеньня рэфэрэндуму аб статусе рускай мовы. Аднак, паколькі прапанаванае пытанне супярэчыла заканадаўству, ініцыятары атрымалі адмову ад шасці камісіяў Вярхоўнага Савету, а таксама Міністэрства юстыцыі.
Сёння лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч адмаўляе, што выступаў з такой ініцыятывай і звяртаўся ў парламент.
“Але ў 1994 годзе нам было патрэбна двухмоўе, — лічыць ён. — У тых умовах трэба было захаваць спакой і стабільнасць”.
Зараз, кажа Гайдукевіч, надышоў іншы час. У 2012 годзе ЛДП прапанавала прымусіць чыноўнікаў вывучыць беларускую мову.
“З гэтага трэба пачынаць, — кажа лідар партыі. — Калі не можаш размаўляць па-беларуску, значыць, не можаш працаваць на дзяржаўнай службе”.
Палітык мяркуе, што гэта павінна стаць толькі першым крокам у пераходзе да адзінай дзяржаўнай беларускай мовы.
На пытанне, ці зможа сам Гайдукевіч як імаверны кандыдат у прэзідэнты прайсці такі іспыт, ён па-руску адказаў, што да гэтага гатовы.
Абрамовіч правёў рэферэндум і пайшоў працаваць ў Адміністрацыю прэзідэнта
Ініцыятыва Лукашэнкі аб правядзенні рэферэндума ў 1995 годзе не знайшла падтрымкі ў парламенце. З 238 дэпутатаў 141 выступіў супраць. Пасля гэтага кіраўнік дзяржавы заявіў, што правядзе рэферэндум і без згоды Вярхоўнага савета.
Галадоўка групы дэпутатаў, красавік 1995-га. Фота photo.bymedia.net
На знак пратэсту больш за два дзясяткі дэпутатаў ад партыі БНФ абвесцілі галадоўку ў зале паседжанняў. Тады ў ноч з 11-га на 12-га красавіка па загадзе Лукашэнкі ў парламент былі ўведзены ўзброеныя фармаванні. Людзі ў масках і камуфляжы жорстка збілі дэпутатаў, праігнараваўшы статус іх недатыкальнасці, і выкінулі з будынку Вярхоўнага Савету на вуліцу.
13 красавіка іншыя дэпутаты з парушэннем працэдуры прынялі пастанову аб правядзенні рэфэрэндуму.
Пытанні, звязаныя з мовай, сцягам і гербам, паводле закона, не маглі выносіцца на рэферэндум. Нягледзячы на гэта Цэнтральная выбарчая камісія, на чале якой тады быў Аляксандр Абрамовіч, уключыла гэтыя пытанні на галасаванне.
У 1996 годзе Абрамовіч перайшоў на працу ў Адміністрацыю прэзідэнта, дзе стаў намеснікам кіраўніка па юрыдычных пытаннях.
Радзькоў загадваў не дапусціць беларусізацыю
Пасля падзей ва Украіне Лукашэнка больш прыязна адгукаецца пра беларускую мову, хоць калі міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў прапанаваў вярнуць выкладанне гісторыі Беларусі і геаграфіі на беларускую мову, кіраўнік дзяржавы паспяшаўся яму запярэчыць:
“У нас ёсць дзве родныя дзяржаўныя мовы — руская і беларуская. Гэта праблема закрытая, пакуль прэзідэнтам служыць Лукашэнка… Можа быць, міністру хочацца, каб калі-небудзь у Беларусі людзі геаграфію, гісторыю вывучалі на беларускай мове… Ён, як чалавек, як грамадзянін нашай краіны, можа і павінен гэтага хацець. Але як палітык, якога прызначыў прэзідэнт, і калі ён пагадзіўся з гэтым прызначэннем, ён павінен рашэнні прэзідэнта выконваць”.
Пераход на выкладанне гісторыі Беларусі на рускай мове адбыўся ў 2006 годзе, калі міністрам адукацыі быў Аляксандр Радзькоў. Беларускамоўныя падручнікі былі замененыя новымі, і з рускамоўных школаў, якіх зараз у краіне большасць, амаль знікла беларуская мова.
Ужо на пасадзе першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Радзькоў загадваў не дапусціць “прымусовай беларусізацыі і штучнага скарачэння рускай мовы ў дзейнасці дзяржаўных органаў”. Ліст з такім даручэннем чыноўнікі атрымалі ў 2012 годзе.
І яшчэ 73 дэпутаты з ліку былой савецкай наменклатуры
Менш чым за месяц да рэферэндума ў газеце “Звязда” з’явіліся лісты нібыта ад 74 дэпутатаў, якія заклікалі да змены дзяржаўных сімвалаў і надання рускай мове статусу дзяржаўнай.
Вось прозвішчы тых, хто паставіў свой подпіс пад тымі зваротамі: Міхаіл Качан, Барыс Гетц, В. Шукшын, Ульяна Крышталевіч, Аляксей Саенка, Павал Папоў, Ганна Бабарыкіна, Іван Ціханаў, Барыс Савіцкі (на сэсіі Вярхоўнага Савету заявіў, што подпіс пастаўлены без ягонай згоды), Мікалай Даменікан, Уладзімір Скрыцкі, Зінаіда Пянькова, Мікалай Спранецкі, Міхаіл Сасноўскі, М. Копач, В. Пыцуха, Валянцін Сарокін, Алена Усціновіч, Пётр Мінчанка, Аляксандр Шыдлавец, Якаў Халшчэўнікаў, Аляксандр Трацьцякоў, Мікалай Якубец, Станіслаў Ціткоў, Раіса Самусевіч, Пётр Катушкін, Аляксандр Пазюмка, Леанід Прывалаў, Уладзімір Герасімаў, Анатоль Новікаў, Мікалай Лакцюшын, Мікалай Дамашкевіч, Аляксандр Малахоўскі, Мікалай Гарэлік, Анатоль Вайцешык, Уладзімір Новікаў, Мікалай Канюшык, Васіль Марозаў, Пётр Скарабагацька, Уладзімер Кулакоў, Валеры Паўлаў, Надзея Ізвалава, Аляксандр Абухоў, Аляксандр Кічкайла, Аляксандр Авечкін, Анатоль Піскуноў, Валянцін Шкурко, Мікалай Судас, Мікалай Грынёў, Анатоль Сіўчыкаў, Генрых Яскевіч, Віктар Чырун, Міхаіл Жукоўскі, Анатоль Жук, Мікалай Дземянцей, Анатоль Дубоўскі, Анатоль Сакалоў, Яўген Радзецкі, Міхаіл Веславухаў, Уладзімір Уранюк, Іван Цітоў, Георгій Чэх, Баляслаў Шылько, Іван Цярэшка, Мікалай Гушаль, Ігар Нялюбін, Аляксандр Кузьмянкоў, Васіль Борыс, Іван Трусаў, Васіль Трафіменка, Аляксей Камай, Мікалай Коваль, Мікалай Скарынін, Яўген Бачароў.
Обсудим?