Тут нараджалася БНР. Месцы ў Мінску, дзе стваралася беларуская дзяржаўнасць
Пра архітэктуру беларускай сталіцы, якая дагэтуль памятае пра станаўленне беларускай дзяржаўнасці, Naviny.by распавялі знаныя беларускія гісторыкі.
У ноч на 25 сакавіка 1918 года на трэцім паверсе дома № 9 на вуліцы Серпухаўскай у Менску-Беларускім было светла. Галасы людзей, чыя радзіма ледзьве акрыяла пасля абрынання Расійскай імперыі, але неўзабаве апынулася пад германскай акупацыяй, прамаўлялі «…абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай». Сцены арандаванага ў сялянскага пазямельнага банку памяшкання засведчылі гістарычную падзею — нараджэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.
Будынкаў, звязаных з гісторыяй стварэння першай нацыянальнай формы беларускай дзяржаўнасці, у Мінску было каля дваццаці. Небагата з іх перажылі падзеі Другой сусветнай вайны.
Пра архітэктуру беларускай сталіцы, якая дагэтуль памятае пра станаўленне беларускай дзяржаўнасці, Naviny.by распавялі знаныя беларускія гісторыкі Валянцін Мазец і Станіслаў Рудовіч.
Купалаўскі тэатр
«Усё пачалося ад Усебеларускага з'езду ў снежні 1917 года ў будынку гарадскога тэатра, дзе сёння месціцца Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы, — кажа Мазец. — Ад таго з'езду бярэ пачатак і Беларуская Народная Рэспубліка, і Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, бо на тым з'ездзе былі дэлегаты, якія потым ініцыявалі стварэнне БССР, як той жа [Зміцер] Жылуновіч, [Аляксандр] Чарвякоў і іншыя. Апрача таго, насупраць тэатра — будынак, дзе ўваход у метро, там таксама адбываліся пленарныя паседжанні дэлегатаў з'езда».
«На падставе рады, якая была ўтвораная тым з'ездам, потым была сфарміраваная Рада БНР. Ужо непасрэдна ў перыяд існавання БНР з сакавіка 1918 года, калі была германская акупацыя, мусіць, ніякіх бээнэраўскіх мерапрыемстваў у будынку тэатра не адбывалася», — дадае Рудовіч.
Музыкальная гімназія-каледж на плошчы Свабоды
21 лютага 1918 года рада Ўсебеларускага з'езда прыняла першую Ўстаўную грамату да народаў Беларусі. Гэта адбылося ў адным з будынкаў былога Мінскага езуіцкага калегіума, які на пачатку XX стагоддзя быў вядомы як Дом губернатара. Зараз тут Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
«Губернатарскі дом быў самым прэстыжным будынкам у Мінску — хто займаў гэты будынак, таго і была ўлада, і наадварот, хто рэальна ўтрымліваў уладу, той і займаў той дом, — апавядае Рудовіч. — 21 лютага 1918 года, яшчэ да абвяшчэння БНР, быў сфарміраваны ўрад — Народны сакратарыят Беларусі, ён месціўся менавіта ў губернатарскім доме. 25 лютага немцы іх адтуль вытурылі».
«Гэты будынак вельмі важны тым, што ў ім жа месціўся ўрад БССР, таму гэта важнае месца не толькі ў гісторыі БНР, але і ўвогуле ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Пасля таго, як прыйшлі германскія акупанты, яны, безумоўна, выселілі Народны сакратарыят з гэтага будынку, прыбралі яго сябе.
Цікава, як гісторыя звязала гэты будынак з музыкай — падчас акупацыі там размяшчалася музычная каманда германскай камендатуры. Такі парадокс гісторыі», — адзначае Мазец.
Дом са знакамітай «Чабурэчнай»
Трэцяя Ўстаўная грамата да народаў Беларусі, у якой абвяшчалася пра стварэнне БНР, была прынятая 25 сакавіка 1918 года ў доме № 9 на Серпухаўскай вуліцы, якую сёння мінчукі добра ведаюць як вуліцу Валадарскага.
«Гэта вельмі важнае месца. Безумоўна, будынак быў зменены, але ён захаваўся, хаця б і ў перабудаваным выглядзе», — кажа Мазец.
Комплексная забудова з Нацбанкам
Устаўныя граматы трэба было недзе друкаваць. Адбывалася тое ў друкарні Якава Грынблата, якая месцілася на вуліцы, што сёння завецца імем Леніна.
«Цяпер там некалькі будынкаў злучаныя ў адзін разам з Нацыянальным банкам, дакладную кропку можна вызначыць толькі на месцы, — адзначае Мазец. — Друкарня Грынблата знакамітая не толькі тым, што там друкаваліся Ўстаўныя граматы, але і тым, што з пачатку стагоддзя там друкавалася вельмі багата розных кніжак беларускіх аўтараў.
Дарэчы, сын Якава Грынблата — вядомы этнограф Майсей Грынблат, які працаваў у Акадэміі навук. Яўрэі ўвогуле бралі вельмі актыўны ўдзел ў стварэнні беларускай дзяржаўнасці, дапамагалі ў гэтай справе».
Архірэйскі падворак
«У 1918 годзе дзейнічала Менскае беларускае прадстаўніцтва — арганізацыя больш правага ўхілу, — кажа Рудовіч. — Калі БНР абвясцілі сацыялісты, перш за ўсё сябры Беларускай сацыялістычнай грамады, то МБП была больш правапамяркоўнай — лібералы, кансерватары. Узначальваў яго Раман Скурмунт. Сядзіба Менскага беларускага прадстаўніцтва была ў так званым юбілейным доме. Напачатку яны былі ў апазіцыі да органаў БНР, але ў красавіку 1918-га прадстаўнікі скірмунтаўскай арганізацыі ўвайшлі ў Раду БНР, пасля шэраг бэнээраўскіх мерапрыемстваў адбыўся ў юбілейным доме».
Зараз у гэтым будынку Архірэйскага падворку, які па-ранейшаму часам завуць тым самым юбілейным домам, месціцца Патрыяршае прадстаўніцтва РПЦ.
Обсудим?