Сем простых парадаў, як сабраць грошы на сваю мару. Разбіраем кейс Піта Паўлава
Піт Паўлаў цяпер знаходзіцца ў сярэдзіне краўдфандынгавай кампаніі. Ён разам з калегамі па праекце “Зброя. Золата. Кабеты” хоча сабраць 4500 рублёў, якіх не хапае на рэалізацыю задумы.
Рок-выканаўца Піт Паўлаў у трэндзе: грошы на сваю творчасць ён збірае праз платформу, дзе любы можа ахвяраваць на ўпадабаны праект. Праз краўдфандынг легенда айчыннага року мяркуе фінансаваць пафасны музычны праект “Зброя. Золата. Кабеты”. Сочым за шляхам прадпрымальнага музыкі — і спасцігаем пошук спонсараў пад уласны праект.
Калі вельмі хочацца, то можна
Краўдфандынг — выратавальны круг для тых, хто перастаў спакойна спаць з-за творчага свярбення, а грошай на рэалізацыю ідэі не мае. Сродкі вам могуць даць людзі праз адмысловыя сайты ў сеціве — краўдфандынгавыя платформы. Трэба толькі адно: каб спадабаўся ваш праект або вы самі.
Піт Паўлаў — вядомы беларускі музыка і прадзюсер — цяпер знаходзіцца ў сярэдзіне такой краўдфандынгавай кампаніі. Ён разам з калегамі па праекце “Зброя. Золата. Кабеты” хоча сабраць 4500 рублёў (каля 2250 долараў), якіх не хапіла на рэалізацыю задумы. Асноўныя выдаткі музыкі ўжо пакрылі са сваіх кішэняў.
Парада № 1. Каб знайсці грошы, стварыце каштоўную ідэю
Ваш праект мусіць быць карысны вам і вашаму атачэнню, і ў ідэале — грамадству ў цэлым, раяць адмыслоўцы. Таму самымі папулярнымі краўдфандынгавымі праектамі становяцца новыя тэхналогіі для паўсядзённасці. Але і на творчасць можна знайсці капейку.
Праект “Зброя. Золата, Кабеты” — гэта і песні, і кліпы, і тэлесерыял пра рамантыку і крымінал кантрабандыстаў. Крыніцай натхнення сталі раманы Сяргея Пясэцкага. Польскі пісьменнік беларускага паходжання быў сам кантрабандыстам і разведчыкам і перадаў свой вопыт у форме вострасюжэтных раманаў пра дзеячаў падполля, пра польска-савецкае памежжа 1920-х гадоў.
Што да карыснасці праекта Паўлава грамадству, то гэта гістарычны пафас і рамантыка. “Герой-авантурыст спявае пра каханне, свабоду, барацьбу з цяжкасцямі і пра людзей моцных, годных, цікавых. Гэта спроба ўкласці жыццё ў музычны альбом. Гэта паглыбленне ў лёс чалавека і краіны, калі золата было сапраўдным, кабеты — прывабнымі, мужчыны — моцнымі”, — гаворыцца ў апісанні ідэі на краўдфандынгавай платформе.
Парада № 2. Здыміце шчыры відос
Відэа — адзін з вырашальных фактараў, бо шмат каму са спонсараў для перавода грошай хопіць кароткай відэапрэзентацыі, дзе вы шчыра раскажаце пра сваю ідэю.
Вось што зрабіла каманда Піта.
А вы ўжо гатовыя даць грошы на альбом Паўлава? Прагаласуйце!
Парада № 3. Выстаўляйце разумныя кошты
А ці ведалі вы, што 90% праектаў так і не знаходзяць заяўленай фінансавай падтрымкі. Таму будзьце рэалістычнымі. Дакладна распішыце мінімальны бюджэт, патлумачце, колькі і на што пойдзе. Раскажыце людзям, што ў выпадку поспеху вы працягнеце збор сродкаў, якія пойдуць на далейшае развіццё ідэі.
У планах Піта таксама тры ўзроўні рэалізацыі праекта: ад таннага — да дарагога. У каментры для Naviny.by Піт Паўлаў патлумачыў, на што пойдуць грошы:
“У гэтай мінімальнай суме (4500 рублёў) прадугледжаны ганарар самой краўдфандынгавай кампаніі, спецыялістам, якія будуць запісваць, звадзіць і рабіць майстарынг песняў, а таксама грошы на здымкі і мантаж кліпаў, іх прамоцыю. Магчыма, хопіць на пакрыццё выдаткаў на канцэрты. Ганарары музыкам — гэта ў апошнюю чаргу. Мае асабістыя выдаткі, якія склалі ўжо тры такія сумы, пакуль што не ўлічаныя ніякім чынам. Надзея на тое, што хаця б атрымаецца заплаціць за гэтую кампанію”.
Парада № 4. Заахвочвайце з розумам
У якасці заахвочвання вы можаце паабяцаць спонсарам нейкі падарунак. Звычайна дораць прадукт, які з’явіўся ў выніку краўдфандынгавай кампаніі.
Асцерагайцеся ненатуральных абяцанняў: гэтак Аляксандр Саладуха пры зборы сродкаў на альбом “Мы будзем разам” абяцаў прыехаць у касцюме купідона і з кветкамі ў офіс таго, хто падорыць 1000 рублёў.
“А мы зрабілі зусім танныя лоты: прапаноўваем за ахвяраванні квіткі на канцэрт, які адбудзецца ў Мінску 18 мая. Заплаціўшы на платформе ўнёсак 15 або 20 рублёў атрымліваеш адзін або два квіткі на канцэрт”, — расказвае Піт Папўлаў пра сваю кампанію.
Таксама спонсары праекту атрымаюць магчымасць бясконца слухаць новы альбом “Зброя. Золата. Кабеты”.
Парада № 5. Стварыце план па інфармацыйнай падтрымцы
Ніхто не прынясе вам свае грошы, калі не даведаецца, што яны вам трэба. Праекту патрэбна інфармацыйная падтрымка. Піярце яго ў сваіх сацсетках, на старонках сяброў, у сацсеткавых тэматычных групах. Так вы збярэце першыя рублі.
Пасля можна пераходзіць да піяру ў СМІ. Нават калі 1 з 10 выданняў напіша пра вас — гэта добры вынік. Падагравайце цікавасць публікі анлайн і афлайн-акцыямі.
Гэтак, гурт Піта Паўлава нядаўна адыграў канцэрт у Гродна, выпусціў некалькі кліпаў на трэкі з новага альбома.
“Мы выклалі першы з іх “Каханак Вялікай мядзведзіцы” і неўзабаве плануем прэм’еру кліпа на песню з новага альбома, песня называецца “Схватка”. Літаральна сёння-заўтра мы яе прадставім. Гэтая песня, як не дзіўна, мае яшчэ спартовую тэматыку, таму мы яе выкладзем адначасова на некалькіх спартовых сайтах”, — расказвае Паўлаў.
Парада № 6. Падрыхтуйцеся да горшага
“Альбом мусіць выйсці праз месяц — 5 мая — а сабрана 20% ад неабходнай сумы. Не так ўжо і многа. Людзі ў нейкі момант вырашылі, што ў нас усё добра і перасталі дасылаць грошы”, — жаліцца Піт.
Дрэнная рэч у тым, што калі не набярэцца заяўленая сума, то музыкі не змогуць забраць у краўдфандынгавай платформы і тое, што назбіралася. Але ў іх ёсць план “Б”.
“План такі: пакласці свае грошы, якіх няма, каб забраць хаця б тое, што сабрана. Але зараз мы думаем, як пакрыць хоць нейкія выдаткі, шчыра кажучы. І мы вырашылі адмовіцца ад выпуску фізічных носьбітаў, то бок CD. Альбом будзем распаўсюджваць праз інтэрнэт, па персанальных кодах. Людзі, канешне, прызвычаіліся, што музыку можна бясплатна спампаваць з інтэрнэту пірацкім чынам, але мы не збіраемся нічога бясплатна даваць. Тыя, хто ўдзельнічаюць у падтрымцы праекта, атрымаюць магчымасць спампаваць і слухаць”, — расказвае пра пошукі выйсця рок-музыкант.
Па хадзе кампаніі трэба памятаць пра два важныя моманты.
Па-першае, паводле назіранняў, першыя 20% сумы звычайна прыходзяць ад знаёмых і сяброў. А пасля пачынаюць падтрымліваць і незнаёмыя спонсары. Вось гэта і ёсць вашая асноўная аўдыторыя. Але каб на яе выйсці, вам спатрэбіцца цярпенне і сіла волі. І вось для чаго.
Будзьце гатовыя, што на вашую матывацыю могуць паўплываць негатыўныя каментары і водгукі. Магчыма, захочацца ўсё кінуць. Памятайце, для чаго вы запусцілі сваю кампанію, шукайце маральную падтрымку ў аднадумцаў. Звяртайце больш увагі на пазітыўныя каментары: яны будуць вам добрай падтрымкай, калі рубікон у 20% сумы будзе пераадолены,
Па-другое, памятайце, што асноўныя фінансавыя плыні ідуць у першы і апошні тыдзень кампаніі. Улічвайце гэта і працуйце на гэта. Дарэчы, збор сродкаў на праект Паўлава сканчаецца праз тыдзень, 13 красавіка.
Парада № 7. Будзьце сумленнымі і не стамляйцеся дзякаваць. Прыпавесць ад Піта
Быць чалавекам, які прыемны для аўдыторыі сваімі поглядамі, учынкамі і каштоўнасцямі — пры пошуку спонсараў гэта вельмі карысна. Так што вось вам прыпавесць ад Піта Паўлава.
25 сакавіка на Дзень Волі ў Мінску быў затрыманы бас-гітарыст з каманды Паўлава Глеб Галушка.
“Ён быў гвалтоўна знік, і мы арганізавалі аперацыю па яго пошуку. Далучаліся сябры, знаёмыя і людзі зусім далекія. Зрэшты, мы Глеба знайшлі. Вялікае кола людзей, неабыякавых, пачалі прапаноўваць фінансавую дапамогу на пакрыццё штрафу (20 базавых, каля 460 рублёў). Мы набралі вельмі хутка суму большую, чым трэба. Рэшту грошаў вырашылі перадаць іншым пацярпелым, аштрафаваным 25 сакавіка. І адзін хлопец, звычайны такі беларус, бацька сямейства, прамысловы альпініст, які спраўна плоціць падаткі, займаецца спортам… Ён ўсё запытваў: ну чаму не забяром гэтыя грошы сабе, чаму мы яму аддаём?” — расказвае гісторыю Паўлаў.
Рок-музыка патлумачыў хлопцу, што яны зарабляюць творчасцю, а гэтыя сродкі — народная салідарнасць, яны не маюць права іх прысвойваць. А хлопец усё адно перапытваў: быў шчыра ўражаны, што незнаёмыя людзі падтрымалі яго.
“Больш за ўсё у жыцці я хацеў займацца музыкай, і толькі абставіны ўцягваюць мяне ў такія гісторыі. І гэта хутчэй не пра барацьбу, а пра салідарнасць. Музыкі самі праявілі салідарнасць, а хто ж праявіць салідарнасць з музыкамі?” — хітравата запытвае Паўлаў.
Падтрымаць праект Піта Паўлава можна тут>>
Обсудим?